2 ліпеня пілігрымка «Мінск-Будслаў» прыйшла ў Альковічы, парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Шлях да Альковічаў — гэта шлях маляўнічымі сцежкамі і праз поле, і праз лес, які дадае кожнаму пілігрыму новых сілаў і ўражанняў. Вось гэтымі ўражаннямі і дзеляцца пілігрымы з нашымі чытачамі.
rПрызнанне пілігрыма Паўла: трэба адважыцца, каб прасіць
Павел Бранавец з Мінска: «Я памятаю свае ўражанні з мінулага года, а ў тым годзе прыйсце ў Альковічы было самым балесным прыйсцем, бо менавіта ў гэты дзень у мяне натапталіся самыя вялікія мазалі, і валокся сюды я амаль апошнім. А ў гэтым годзе такое шчасцейка атрымалася, што мне так цудоўна ідзецца і пакуль нават ніводнага мазаля няма. І мінулая пілігрымка была складанай, бо гэта для мяне было толькі ўваходжанне ў Касцёл, у каталіцтва, а зараз я ўжо ішоў з Касцёлам. І з Касцёлам ідзецца неяк лягчэй, — ўсміхаецца Павел і дадае: — А яшчэ ад сённяшняга дня ў мяне такое ўражанне. Сёння зранку, як і ўчора звечару, была залева, і пахмурна, і холадна. Калі ўсе ішлі і заварочваліся ва ўсё, што было, то тады мы спявалі з нашымі сябрамі з Украіны. каб было сонейка. Нашы беларусы неяк аб гэтым не маліліся, а ўкраінцы сказалі: «А давайце будзем спяваць, каб сонейка было!» Пакуль ішлі і спявалі, нічога не змянялася, але пасля наступнага перапынку, калі зноў рушылі ў шлях, стала цудоўнае надвор’е. Таму я думаю, што тым людзям, якія крочаць дзеля Бога і шчыра аб чымсьці просяць (а мы тады шчыра прасілі, каб было пацяплей), то Ён дае. Трэба толькі крыху адважыцца, каб прасіць».
Павел пра абед пілігрыма: «У мяне абед быў крыху незвычайны. Спачатку я выпіў два кубкі гарбаты, потым мне прынеслі марозіва, а пасля я еў суп, такі звычайны суп з бульбай, а можа, з макаронамі. Так што ў мяне быў абед наадварот, пачынаючы з дэсерту».
Дыялог з кіраўніком пілігрымкі — кс. Дзмітрыем Дубовікам
Пытаюся ў святара, які дае чарговыя ўказанні хлопцам-пілігрымам і выпраўляе іх нанасіць вады для кухні. Гэты святар з’яўляецца галоўным кіраўніком сёлетняй пілігрымкі:
Ксёндз Дзмітрый, каторы раз вы з’яўляецеся кіраўніком пілігрымкі?
— Я не кіраўнік, — адказвае святар, — бо кіраўнік пілігрымкі — Езус, а Яго памагатым я ўпершыню.
— І як яно кіруецца?
— Добра, нас мала і таму кіруецца добра.
— А колькі пілігрымаў на дадзены момант?
— Нас дзесьці 230-240. Увесь час пілігрымы даязджаюць і далучаюцца.
— Якія пытанні павінен вырашыць кіраўнік ад самай раніцы?
— Трэба, каб працавала кухня, — проста кажа святар.
— Хто адказны за тое, якім павінна быць меню?
— Хлопцы, якія працуюць на кухні(А ў тых хлопцаў ужо сапраўды вопыт, яны кухары са стажам, пра гэта магу дадаць сама я, бо неаднаразова хадзіла ў пілігрымцы «Мінск-Будслаў». — Аўт.).
— Потым я дамаўляюся з нябеснай канцылярыяй, каб не было дажджу. Праўда, не заўсёды атрымліваецца. — прызнаецца кс. Дзмітрый.
— Ці ёсць хвілінка адчуць сябе не кіраўніком, а проста пілігрымам, і пра што разважаецца падчас шляху?
— Ёсць хвілінка. Калі ідзеш збоку і глядзіш на пілігрымаў - “дзетачак”, як мы называем пілігрымаў усіх узростаў, —то глядзіш і радуешся. Хоць і ўвесь час пільна глядзіш, бо дзетачкі-пілігрымы добрыя, але хочацца, каб яны сталі яшчэ лепшымі, то трэба і нам працаваць і іх заахвоціць, бо адзін ідзе моліцца, другі піша смс-кі сваёй сяброўцы і г.д. Увесь час пазнаеш новыя твары, новых людзей, і гэтае пазнанне вельмі цікавае і хвалюючае.
— Ці стае часу, назіраючы за парадкам пілігрым-калоны, дапамагаць наводзіць парадак у чалавечых сэрцах, ці часта падыходзяць людзі, каб паспавядацца?
— Так, заўсёды хапае. Кожная пілігрымка з’яўляецца, па сутнасці, рэкалекцыйнай. Шмат пілігрымаў кажа, што для іх пілігрымка — гэта летнія рэкалекцыі, час, каб сустрэцца з Богам і паяднацца ў сакрамэнце пакаяння. І гэта пілігрымская споведзь для людзей вельмі важная, бо кожнаму пілігрыму вельмі хочацца прыйсці да Маці Божай з чыстым сэрцам.
Жанчына, якая пайшла ў пілігрымку і закахалася ў яе
Падыходжу да жанчыны, якая стаіць каля альковіцкага сельсавета ў белай накінутай шалі на галаве, і пытаюся пра яе ўражанні.
«Я ўвогуле праваслаўная. У мінулыя гады ў гэтай пілігрымцы было больш праваслаўных, а ў гэты раз менш. Я іду ў трэці раз. Справа ў тым, што ў мяне муж быў католікам. І ён увесь час жадаў прайсці пілігрымкай, але не змог. І таму я вырашыла прайсціся за яго. Першы раз пайшла і закахалася ў пілігрымку, цяпер хаджу далей. Толькі прыходзіць лета — і хочацца адразу ў пілігрымку. Зараз прыйдзем у Будслаў, і я з такой радасцю паслухаю ўніятаў, якія будуць мець Акафіст», — кажа Наталля Дунец з Мінска.
«У гэтым годзе я хачу яшчэ схадзіць у пілігрымку ў Жыровічы, якая будзе на пачатку жніўня. Там – упершыню, нават крыху хвалююся. У гэтай пілігрымцы ўсе вельмі радасныя, спяваюць радасна, а там не ведаю, як будзе», — кажа жанчына і ўсміхаецца, папраўляючы белы шаль.
Вечар у Альковічах, амаль усе пілігрымы спяць, дзяўчаты, яшчэ школьніцы і першакурсніцы, Мар’яна Буркут і Яна Бабушкіна, з хваляваннем распавядаюць мне, як сёння ўпершыню раскладалі самі намёт, у якім збіраюцца ночыць.
Урач Кацярына Ягейла дапамагае пацярпелым ад «нашэсця мазалёў», старанна апрацоўваючы іх зялёнкай, якая добра ўзялася за яе рукі і пасуе да яе зялёнага швэдара. Кацярына строга кажа сваёй чарговай пацыентцы: «Калі баліць, можаш і пакрычаць!» А гэтых пацыентаў шмат і не асабліва яны крычаць, бо пілігрымы мужныя ды цярплівыя ўсё ж такі людзі.
Фатограф, які ўвесь час шукае нешта асаблівае, начуе «ў Бога за пазухай»
Пілігрымы закуталіся ў свае спальнікі і спяць на падлозе сельсавета, хтосьці нават на хорах у Альковіцкім касцёле, пры гэтым шэптам, які разносіцца па ўсёй святыні, мне кажа: «Мы як у Бога за пазухай сёння!».
На гэтых хорах маё вока выпадкова падае на дзве тоўстыя вяроўкі, за якія ўжо гатовая пацягнуць, ак раптоўна, спадарыня Ірэна Рубінава кажа: «Не кранай іх. Гэта ж ад званоў!» Каб не пілігрымскі фатограф, дык пабудзіла б пілігрымаў, якія яшчэ і заснуць, напэўна, не паспелі.
А фатограф у гэты час аддае фотаздымкі і прыгадвае свае прафесійныя ўражанні з аднаго з прывалаў: «Там будзе фотаздымак прыгожай дзяўчынкі, якую завуць Вірсавія, ды ў царкве ахрысцілі як Варсанофію, гадкі 2 ёй, але такое дзяўчо!» А потым Ірэна з іскрынкай у вачах кажа: «А вось калі заўтра будзе абед у вёсцы Каменнае, то мы адразу на абед не пойдзем, а пабяжым лявей вёскі, а там будзе цікавы валун, на якім — знак Хрыста! Цікавы фотафакт! Мы спачатку яго паглядзім, а ўжо потым толькі на абед», — якім, дарэчы, заўсёды гасцінна частуюць жыхары вёскі Каменнае.
Бывалыя пілігрымы добра памятаюць халаднік, ды кіслае малако, ды «сала – каб душа плясала», бо пасля абеду пілігрымы ўваходзяць у Даўгінава, ад якога рукой падаць да Будслава, і душа сапраўды рыхтуецца, каб плясаць ад радасці сустрэчы.