4 ліпеня да святой Імшы для пілігрымаў, якая адбылася ў 18 гадзін, у
Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай прыбылі пілігрымы з усіх
дыяцэзій Беларусі. Кожную пілігрымку прывітаў кусташ санктуарыя а.
Віктар Бурлака OFM. Пілігрымка “Мінск-Будслаў” унесла крыж і абраз
Сусветнага дня моладзі, а пілігрымы з Нарачы – рэліквіі святога Яна
Паўла ІІ, якія захоўваюцца ў нарачанскім касцёле. Першымі, да каго звярнуўся са словамі прывітання кусташ санктуарыя, былі пілігрымы з Ракава. “Ці ведаеце вы, што сёння ў Будславе будзе ўся Беларусь?” – запытаўся святар, і так ён пытаўся ў кожнай наступнай пілігрымкі, якая ішла адна за адной, каб пакланіцца Маці Божай Будслаўскай, нібы наступаючы адна адной на хвост сваімі радаснымі воклічамі і спевамі.
У гэтым годзе з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі былі арганізаваны пілігрымкі з Маладзечна – 383 асобы, Ракава – 95, Вілейкі – 105, Мінска – 296, Мінска (пакутная на хлебе і вадзе, якую ўзначальваў пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены кс. Уладзіслаў Завальнюк) – 59, Нарачы – 223, Жодзіна – 153.
Віцебскую дыяцэзію прадставілі пілігрымы з Полацка – 90 асоб, Глыбокага – 167, Віцебска – 83, Браслава – 80, Мёраў – 70 і Варапаева – 100.
З Гродзенскай дыяцэзіі 2 пілігрымкі: з Гудагая – 130 і са Смаргоні – 170 асоб, якія ідуць салезіянскай “зборнай” пілігрымкай.
З Пінскай дыяцэзіі прыйшла толькі адна пілігрымка – з Баранавіч, але затое самая вялікая па колькасці ўдзельнікаў: “усім пілігрымкам пілігрымка” налічыла 419 “духоўных падарожнікаў”.
Пры падліках пададзеных лічбаў пілігрымаў выявілася агульная колькасць пешых пілігрымаў - 2623 асобы.
Акрамя таго, у Будслаў прыехалі дзве роварныя пілігрымкі. З пілігрымкай Мінска па традыцыі прыбыў аматар роварных падарожжаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзельнічаў і ў выездзе пілігрымаў са сталіцы. Другая пілігрымка была адметная тым, што была першай роварнай пілігрымкай з Віцебска.
Традыцыйнай была пілігрымка байкераў, у якіх на матацыклах развіваліся бела-чырвоныя сцяжкі суседкі Польшчы.
Таксама сваю пілігрымку з 8 асоб зладзілі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з Лёзна.
У сёлетніх пілігрымках самаму маленькаму пілігрыму толькі 2 месяцы - гэта Мацвей Шаршунс з Ракава.
Шмат пілігрымаў прыехала і на ўласных аўтамабілях заўчасна, іх падлік можна зрабіць, толькі пільна і ўважліва аналізуючы фотаздымкі.
Вельмі важнай і знакавай падзеяй для сёлетніх урачыстасцяў у Будславе было ўнясенне крыжа і абраза Сусветнага дня моладзі, якое здзейснілі ўдзельнікі пілігрымкі “Мінск-Будслаў”. Яны неслі сімвалы Сусветнага дня моладзі ад апошняга месца свайго начлегу – Даўгінава. Перад уваходам у Будслаў да пілігрымаў на ровары пад’ехаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, каб разам з моладдзю ўнесці гэтыя сімвалы, на якія Касцёл увесь час звяртае ўвагу моладзі, – сімвалы хрысціянства і яго багатай спадчыны.
У гэтым годзе іерархі былі блізка сваёй паствы, бо, напрыклад, з пілігрымкай з Віцебска ішоў самы малады біскуп Алег Буткевіч, які далучыўся да пілігрымаў у Чашніках і прайшоў да Беразіно, а потым далучыўся ў другі раз у Докшыцах і разам з пілігрымамі ўвайшоў у Будслаў. Біскуп хадзіў у Будслаў са школьных часоў. “Дзесьці з 1991 года, - прыгадаў іерарх, стоячы разам з пілігрымамі і чакаючы ўваходу ў святыню, і дадаў: - Магчыма, ля алтара Маці Божай Будслаўскай нараджалася і мацнела маё пакліканне”.
Разам з пілігрымамі з Маладзечна ішоў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Прысутнасць біскупаў у пілігрымках - прыклад і доказ таго, што побач з вернікамі пастыры, якія жадаюць быць побач з народам і ў радасныя хвіліны ўрачыстасцяў, і ў хвіліны выпрабаванняў і цяжкасцяў.
Аксана Ючкавіч
|