Біскуп Алег Буткевіч на Імшы для пілігрымаў: «Кожны з вас можа лічыць сябе пераможцам» |
Беларусь |
04.07.2014 21:34 |
4 ліпеня, у першы дзень урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, адбылася Імша для пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных дыяцэзій Беларусі. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікае духавенства, кансэкраваныя асобы. "Кожны з вас можа лічыць сябе пераможцам. Вы перамаглі, бо перамаглі стому, перамаглі боль, дрэннае надвор'е і невыгоды. І гэтая перамога - перамога Духа. Сёння вы сведчыце аб тым, што дух чалавека ўсё ж такі можа і павінен быць мацнейшым. Гэтую перамогу нам падрыхтавала сама Божая Маці", - сказаў біскуп Алег Буткевіч. Іерарх звярнуў увагу, што хрысціяне маюць абавязак “рабіць гэты свет больш шляхетным, добрым, але трэба памятаць, што гэты свет не можа стаць мэтай нашага жыцця”. Віцебскі ардынарый падкрэсліў, што важна “занесці сваё сведчанне, хрысціянскую радасць да тых, хто чакае ад нас гэтага сведчання, радасці”. Іерарх павіншаваў усіх прысутных вернікаў з чарговымі ўрачыстасцямі Маці Божай Будслаўскай, пажадаў, каб у сведчанні, якое яны давалі праз увесь свой пілігрымскі шлях сюды, яны "вытрывалі на працягу ўсяго свайго жыцця". Віцебскі ардынарый заахвоціў удзельнікаў Імшы "трываць у любові Хрыста". Сёлета ўрачыстасці ў Будславе праходзяць 4-5 ліпеня пад дэвізам “Марыя – узор малітвы”. Яны прысвечаны таксама падзяцы за кананізацыю Яна Паўла ІІ. На ўрачыстасці прыбылі сімвалы Сусветнага дня моладзі - крыж і абраз Маці Божай “Salus Populi Romani”, якія здзяйсняюць перэгрынацыю па Беларусі, і рэліквіі св. Яна Паўла ІІ, якія захоўваюцца ў нарачанскім касцёле. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |