Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Не бойся — словы, скіраваныя Богам да вас»: Апостальскі Нунцый узначаліў начную Імшу ў Будславе
Беларусь
05.07.2014 02:27

У межах урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, што праходзяць сёлета 4-5 ліпеня, адбылася святая Імша ўначы, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Імшы папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, у ёй прынялі ўдзел шматлікія пілігрымы, несучы ў руках знічы.

“Эксцэленцыі, гэта ваша святыня, ваш народ, вы заручаны з гэтым народам, і радуйцеся гэтаму святу! Дарагія святары, калі гэтыя людзі сёння тут, – гэта значыць, што хтосьці паклапаціўся пра іх. Законнікі і законніцы, вы – душа гэтага народа, якая моліцца, і яна перадалася народу ў малітве. І вы, дарагія браты і сёстры, якія напоўнілі сёння гэты пляц больш густа, чым зоркі на небе, - гляньце на святло вашых свечак, бо за кожнай з іх ёсць чыёсьці сэрца”, - звярнуўся Апостальскі Нунцый да прысутных біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў.

“Марыя, наша Маці, мы збіраемся вакол Цябе, каб у Цябе прасіць дапамогі і Табе аддаць хвалу”, - звярнуўся арцыбіскуп да Маці Божай. Згадваючы словы першага з літургічных чытанняў, іерарх звярнуў увагу, што ў іх Бог суцяшае Марыю: “Радуйся, дачка Сіёна, весяліся і радуйся ад усяго сэрца”. “Чаму ёсць патрэба суцяшаць Марыю? Бо Яна бачыць чалавечыя сэрцы і зло, якое ёсць у іх, і, як для кожнай маці, гэта для Яе вельмі балюча”, - патлумачыў прадстаўнік Папы, дадаўшы, што “найвышэйшы знак гэтага цярпення – укрыжаваны Божы Сын”.

“Сёння мы паўтараем: радуйся, Марыя. Радуйся, нават калі навокал слёзы, калі працягваюцца войны, калі забіваюць людзей. Радуйся, Марыя, бо мы збіраемся тут не для таго, каб углядацца ў нашы грахі, але каб узірацца ў нашу будучыню, падораную нам смерцю Твайго Сына, - дадаў арцыбіскуп. - Дарагія браты і сёстры, давайце сёння забудземся пра нашы грахі. Вядома, яны ёсць, але калі б Бог не ўчыніў нам сапраўды вялікія справы, мы сёння б не былі тут”.

Па словах іерарха, “кожнаму з нас Бог кажа: “Радуйся, трыумфуй, бо Я з вамі””. “Гэта сапраўдны цуд – тое, што Бог сабраў вас тут”, - падкрэсліў Апостальскі Нунцый. Таксама арцыбіскуп запэўніў вернікаў: “Папа хацеў бы быць з вамі і Папа ёсць з вамі: ён з вамі, калі вы плачаце і калі ўсміхаецеся”.

Іерарх звярнуў увагу на прадстаўлены ў літургічным чытанні вобраз Бога, які суцяшае Марыю. “Бог суцяшае і вас, беларускі народ, - адзначыў прадстаўнік Святога Айца. – Вы – народ, які, як Марыя, бачыў смерць Яе Сына”. Згадваючы пра будслаўскі касцёл, арцыбіскуп сказаў: “Гэты касцёл застаўся, і ў ім застаўся абраз, з якога Божая Маці благаслаўляе свой народ. Гэты абраз намаляваны ў сэрцы кожнага з вас, і ніхто не здолеў сцерці яго з вашых сэрцаў”.

“Таксама і вы стаялі пад крыжам замучанага Хрыста. Таксама і вы былі целам Хрыста ўкрыжаванага. Як на рукі Марыі было пакладзена мёртвае цела Езуса – так Яго замучанае цела лягло на рукі беларускага народа. І колькі разоў у вашай гісторыі на вашы рукі хацелі пакласці мёртвае цела Хрыста, але пасля трох дзён вы стаялі перад Хрыстом уваскрослым”, - адзначыў арцыбіскуп.

Па словах Апостальскага Нунцыя, “другое запрашэнне, скіраванае Богам да Марыі і таксама да беларускага народа, - не бойся, няхай не слабеюць рукі твае”. “Не бойся, беларускі народ, нават калі цяжка, нават калі трэба плакаць, - не бойся! – заклікаў іерарх. Арцыбіскуп дадаў, што “страх – тое, што забівае нас: не канкрэтная рэчаіснасць, а страх будучыні”, “страх перашкаджае нашым зносінам, перашкаджае нам сустракаць адзін аднаго на вуліцах і дома”, “страх часта загадвае нам не казаць тое, што мы думаем, не паказваць тое, што адчуваем”, “страх кажа: заставайся на сваім месцы, там, дзе ты зараз”.

Згадваючы, што беларускі народ называюць найбольш цярплівым у свеце, іерарх адзначыў: “Цярплівасць – вялікая цнота, пры ўмове, што яна не ператвараецца ў недахоп павагі да сябе”. “Сёння на вас спазірае Божая Маці і кажа: няхай не слабеюць вашы рукі. І ў цябе ёсць будучыня, беларускі народ, і перад табой ёсць дарога, нават калі ты яе не бачыш, - Бог падрыхтаваў гэтую дарогу для цябе, - звярнуўся Апостальскі Нунцый да вернікаў. – Твой Бог сярод цябе зараз у гэтай Эўхарыстыі, і заступніцтва Яго Маці таксама з табой”.

“Не бойся – гэта словы, скіраваныя да кожнага з вас, і іх крычаў святы Ян Павел ІІ падчас свайго Пантыфікату, - дадаў арцыбіскуп. - Беларускі народ, не дазволь самому сабе згасіць у табе жыцця, не стань сваім уласным катам”. Іерарх падкрэсліў, што “ўвесь свет, гледзячы ў вочы гэтага народа, які будзе адчуваць сябе любімым Богам, адчуе, што Бог жыве”.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы Імшы падзякаваў Богу за магчымасць сабрацца на малітве ў Нацыянальным санктуарыі, за добрае надвор’е і добры настрой вернікаў. Арцыпастыр выказаў падзяку таксама ўсім прысутным і хору з мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы, які ўпрыгожыў спевам Імшу.

На заканчэнне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў вернікам апостальскае благаслаўленне з адпустам.

Анастасія Грышан

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.