У Будславе моладзь славіла Пана разам з гуртом «Laudans» |
Беларусь |
05.07.2014 05:05 |
У Будславе ў межах урачыстасцяў, якія праходзяць 4-5 ліпеня, у палатачным гарадку перед моладдзю выступіў гурт «Laudans». Першы канцэрт гурта адбыўся 25 красавіка 2013 года, музыка, якую выконваюць, - рок і блюз. Пачаткова «Laudans» выконвалі спевы на вершы кс. Яна Твардоўскага, на сённяшні дзень — на вершы І. Багдановіч, Яна Паўла II, А. Ючкавіч, а таксама пішуць тэксты самі. «Laudans» у перакладзе з лацінскай азначае «той, хто славіць». Моладзь з розных куткоў Беларусі славіла Пана з радасцю і энтузіязмам. «Адпачываю, калі я чую голас Твой...» Тут, побач з Марыяй, сабралася моладзь, якая чуе голас Пана. Кажуць, што моладзь — надзея Касцёла. І сапраўды, сэрца напаўняецца надзеяй і верай, калі глядзіш на ўсмешкі маладых людзей, якія прыйшлі да Маці Божай. «Слаўце Пана неба, грайце на цымбалах...» Славяць і праз спеў, і праз танец, і нават праз «ручаёк» і «цягнічок». «Голас...» Кожны дзень мы маем магчымасць або адказаць на Божы голас, або зрабіць выгляд, што Яго не чуем. Няхай маладыя людзі нашай краіны заўсёды не баяцца ісці за голасам Пана. «Малюся за цябе, Беларусь...» У гэтую ноч моладзь малілася за сваю краіну, але таксама і за «суседку» Украіну. «Не адзін ты ў сваім ціхім смутку» — падчас гэтай песні на небе з’явіўся нябесны ліхтарык, як знак надзеі на супакой ва ўсім свеце. Для захавання еднасці паміж пакаленнямі саліст гурта Андрэй Лугін заахвоціў заспяваць песню, якую любяць нашыя мамы і бабулі: «Богу заспявайма ўсе...» Сваё выступленне гурт «Laudans» завяршыў спевам да Маці Божай. Марыя, моладзь усёй Беларусі прынесла Табе свае клопаты і турботы, радасці і надзеі. Прыхілі ўсіх да свайго сэрца і навучы любові! Віднелася. Шчаслівыя і на першы позірк зусім не стомленыя, нягледзечы на тое, што многія прайшлі сотню кіламетраў, маладыя людзі не збіраліся разыходзіцца, і таму гурт выканаў некалькі спеваў на «біс». Але ўсё заканчваецца... «Сустрэча ў радасці» скончылася, і многія накіраваліся да святыні, іншыя пайшлі адпачываць. Маці, напоўні ўсіх супакоем, радасцю і надзеяй. Людміла Бурлевіч |
Фотарэпартаж |