Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кусташы санктуарыяў Беларусі сустрэліся з нагоды Года Божай Міласэрнасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях
Беларусь
20.01.2016 11:50

19 студзеня кусташы санктуарыяў Беларусі сустрэліся ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях. Aгульнабеларуская сустрэча адбылася ў рамках святкаванне Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці.

У сустрэчы прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і кс. д-р Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый па справах агульнага душпастырства Лідскага раёна.

На сустрэчу прыбылі кусташы санктуарыяў: а. Віктар Бурлака OFM — кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай у Будславе, а. Казімір Мараўскі OCD — кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, кс. Чэслаў Паўлюкевіч — кусташ санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі, кс. Люцыян Дамброўскі SDB — кусташ санктуарыя Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, кс. Аляксандр Рудзевіч — кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях.

Вярнуцца, каб вырушыць зноў

Санктуарый — святое месца, дзе Бог асаблівым чынам удзяляе сваю ласку. У санктуарыях пілігрымы знаходзяць еднасць свайго духу і сэнс жыцця. Санктуарый робіць магчымай унутраную перамену, калі чалавек прыходзіць ад няведання сябе да пазнання, пачынае разумець, кім ёсць і якое яго заданне. Часта той, хто вяртаецца з пілігрымкі, пачынае разумець, што павінен рабіць у сваім жыцці, у яго з’яўляецца ўсведамленне сэнсу жыцця. Такі чалавек вяртаецца з санктуарыя, каб вырушыць туды зноў.

На сустрэчы святары разважалі над тым, каб Юбілейны Год Міласэрнасці стаў для вернікаў – тых, хто блізка да Касцёла, і тых, хто ад яго далёка, — пачаткам новага шляху. Удзельнікі сустрэчы разам шукалі новыя метады і магчымасці, каб чалавек, які прыбывае ў святое месца, мог перажыць там навяртанне, а таксама спазнаць веліч Божай міласэрнасці.

Кусташы дзяліліся ўласным досведам пастырскай працы, уражаннямі ад таго, як вернікі карыстаюцца магчымасцю атрымання адпусту ў Год Міласэрнасці. У кожным санктуарыі былі адчынены сімвалічныя Брамы Міласэрнасці, якія звязаны з магчымасцю атрымання поўнага адпусту пад звычайнымі ўмовамі.

«Каб людзі маглі бачыць у нас Езуса Міласэрнага»

З канферэнцыяй на тэму «Санктуарыі ў службе Божай Міласэрнасці» выступіў а. Казімір Мараўскі OCD. Святар адзначыў, што Бог з самага пачатку гісторыі аб’яўлення паўставаў найперш як Міласэрны, і не толькі прадстаўляў сябе такім, «але рэальна адорваў міласэрнасцю».

Кусташ санктуарыя ў Гудагаі патлумачыў, чым з’яўляецца міласэрнасць, якую чалавек павінен спазнаць, наведаўшы санктуарый. «Сапраўднай міласэрнасцю будзе дапамога бліжняму ў ратаванні сужэнства, якое распадаецца, у выйсці з залежнасці, у перамозе спакусы аборту або спакусы неразумнай адплаты за спазнаную крыўду», - сказаў а. Казімір Мараўскі.

Святар нагадаў, што кажа на тэму міласэрнасці Бога Святое Пісанне. Кусташ звярнуў увагу, што «ўсё Евангелле — усе ўчынкі і словы Езуса — з’яўляюцца адным вялікім пасланнем міласэрнасці». На заканчэнне канферэнцыі а. Мараўскі пажадаў усім кусташам, якія штодзень нясуць служэнне ў канфесіяналах санктуарыяў, «перамяняцца ў міласэрнасці на ўзор святой Фаўстыны». «Каб людзі маглі бачыць у нас Езуса Міласэрнага і каб адыходзілі з гэтага месца ўмацаваныя надзеяй і верай, што Бог — гэта найлепшы Айцец», — дадаў святар.

«Пілігрымкі ў Юбілейныя санктуарыі павінны стаць новым штуршком да навяртання»

Кульмінацыйным пунктам праграмы была святая Імша. У гаміліі Мітрапаліт Мінскаг-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу: «Санктуарыi вядомыя ў першую чаргу тым, што ў iх найчасцей адбываюцца цуды. Калi мы кажам слова “цуд”, то звычайна пад гэтым маем на ўвазе аздараўленне чалавека ад невылечнай хваробы. (…) Аднак ёсць яшчэ i не бачныя чалавечаму воку цуды. Гэта цуды аздараўлення душы, калi чалавек, якi, напрыклад, некалькi дзесяцiгоддзяў не быў у споведзi, выходзiць з санктуарыя паяднаным з Богам».

Арцыпастыр нагадаў, што «міласэрнасць — гэта галоўная прыкмета Бога, Яго рыса і імя, як кажа Папа Францішак».  «Мы нядаўна завяршылi перыяд Божага Нараджэння, падчас якога разважалi аб прыйсцi ў свет Бога ў вобразе чалавека. Гэта не што iншае, як знак бязмежнай Божай мiласэрнасцi. Бязгрэшны Бог схіляецца над грэшным чалавекам, Творца — над стварэннем», — заўважыў іерарх.

Мітрапаліт дадаў, што Святы Айцец Францiшак звяртае вялiкую ўвагу на ролю санктуарыяў у святкаваннi Юбiлейнага Года Мiласэрнасцi.

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Кожны чалавек — гэта пілігрым, і таму пілігрымкі ў Юбілейныя санктуарыі павінны стаць новым штуршком да навяртання і да асабістага спазнання Божай міласэрнасці, каб потым стаць яе носьбітамі ў сучасным свеце», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і заклікаў удзельнікаў сустрэчы «падзякаваць Богу за тое, што ў нашай сінявокай Беларусі ёсць санктуарыі і што яны з году ў год адыгрываюць усё большую ролю ў духоўным жыцці чалавека».

Кожны санктуарый — нямы сведка многіх навяртанняў, дзе чалавек знаходзіць праўдзівае аблічча Бога, багатага міласэрнасцю, дзе атрымлівае ад Яго канкрэтны дар, калі добра выкарыстоўвае час свайго прабывання ў гэтым месцы і жадае супрацоўнічаць з Божай ласкай.

Дарам, атрыманым у санктуарыі, з’яўляецца тое, што спазнае пілігрым: яго навяртанне — страчанае дабро, якое ён знаходзіць.

Усе ўдзельнікі сустрэчы выказалі надзею і вялікае жаданне, каб санктуарыі ў Беларусі ў Юбілейны Год Міласэрнасці сталі асяродкамі, дзе праз простую і пакорную веру стане магчымым спатканне з тым вялікім багаццем, які Хрыстус даверыў Касцёлу, найперш з сакрамэнтамі, ласкай, міласэрнасцю, любоўю да пакутуючых; каб беларускія санктуарыі сталі сапраўднымі Вячэрнікамі, дзе ўсе вернікі змогуць пагрузіцца ў гарачую малітву.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.