Пілігрым і фатограф Ірэна Рубінава: «Будслаў — неад'емная частка майго жыцця» |
Беларусь |
16.06.2016 15:50 |
Набліжаецца час пілігрымак у Будслаў. Студэнты стараюцца здаць экзамены раней. Тыя, хто працуе, плануюць свой адпачынак, каб тыдзень выдзеліць на пілігрымку. Дзеці не едуць на гэты запаветны час у летнік ці да бабулі, бо ўжо дамовіліся са сваймі сябрамі ісці ў пілігрымку. Хтосьці вяртаецца з-за мяжы, каб таксама гэты час пабыць на радзіме і прайсціся вясковымі сцежкамі-дарожкамі да Маці Божай… У многіх католікаў нашай краіны свая гісторыя пілігрымак да Маці Божай Будслаўскай, свая гісторыя жыцця, у якую, як у вянок з палявых кветак, уплецена стужка нацыянальнай пілігрымкі.
Стужка — як сімвал адметнасці, як сімвал Радзімы, як сімвал душы, якая жыве сугучна з будслаўскім рытмам, з малітвай і песняй пілігрыма… А, як у выпадку з Ірэнай Рубінавай, разам з вянком маецца і фотаапарат, які яна не выпускае з рук яшчэ з часоў сваёй першай пілігрымкі.
Як яно пачыналася? «Мая першая пілігрымка адбылася ў 2006 годзе», — кажа спадарыня Ірэна, якая пачала хадзіць у Касцёл у 2005 годзе. «Я пайшла ў сваю першую пілігрымку з маленькім “фуджыкам”», — дзеліцца яна. Цуд, які здарыўся з «фуджыкам» у Будславе «У першую пілігрымку я не ўзяла з сабою запасных батарэек для фотаапарата, забылася і на падзараднае. Калі мы набліжаліся да святыні і яна стала бачная, то я зрабіла фотаздымак, і фотаапарат паказаў, што зарадка скончылася. Калі мы ўвайшлі ў Будслаў, прыйшлі да алтара, прывіталі абраз, то я засталася ў святыні, каб памаліцца. Была тут упершыню, усё сузірала, малілася ды трымала, сціснуўшы ў далонях, свой разраджаны "фуджык", а потым яго ўключыла і заўважыла, што працуе. Рабіла ім фотаздымкі цэлы наступны дзень. Ужо пазней праз некалькі гадоў у мяне з’явілася магчымасць змяніць фотаапарат». Зараз спадарыня Ірэна ходзіць у пілігрымкі з фотаапаратам «Canon». «Бог даў — Бог патрабуе — рабі»
«Бог даў — Бог патрабуе — рабі», — сцвярджае жанчына. «Па сутнасці, я здымаю ўсё жыццё», — кажа спадарыня Ірэна, якую я таксама прыгадваю і асацыюю як фатографа, які бачны то на пачатку, то ў сярэдзіне, то напрыканцы пілігрымкі. У перапынках — не на карымаце ў цяністых прыдарожных дрэвах, а сярод іншых стомленых ці гіперактыўных пілігрымаў, або ля вяскоўцаў, што сустракаюць пілігрымку з малаком-мёдам і вясковымі «хрушчамі», сухарамі… «Пані Ірэнка — яна паўсюль!» — кажуць пра яе мае сяброўкі: і адна, і другая, і трэцяя. Фотаздымкі з пілігрымкі «Мінск-Будслаў», якія рабіла Ірэна Рубінава, можна пабачыць па спасылках: З 2012 года спадарыня Ірэна змяшчае свае здымкі ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».
Фота Ірэны Рубінавай. Мінск-Будслаў 2015 «Гэта мяне сябры-католікі сюды зацягнулі», — смяецца яна. Найдаражэйшая тая пілігрымка, калі ідзеш з родным чалавекам На пытанне аб тым, які год пілігрымкі найбольш у памяці, найбольш уразіў, жанчына адказвае, што 2007-ы. «У той год я ішла са сваёй дачкой. Першы год таксама вельмі ўразіў, таксама быў надзвычайны, і пасля пілігрымкі пад яе ўплывам яшчэ некалькі тыдняў была не толькі я, а і людзі навокал: дзеці ў маршрутцы, напрыклад, цягнуліся на рукі. Калі я распавядала пра свае ўражанні дачцэ, то ў яе вачах бачыла два пытанні: ці ў мамы страху знесла, альбо што ж там за месца такое? І таму ў наступным годзе яна пайшла са мною. Разумееце, у пілігрымцы вакол заўсёды ўсе людзі любімыя, а тады я ішла з родным мне чалавекам». У гэтым годзе Ірэна Рубінава таксама ідзе ў Будслаў.
«На час пілігрымкі я бяру адпачынак, у нас у Акадэміі Навук з гэтым няма праблемы». Жанчына працуе ў НАН РБ вядучым спецыялістам па патэнтна-ліцэнзійнай працы з 2011 года, а да гэтага часу працавала ў Інстытуце біяарганічнай хіміі, куды як хімік-арганік прыйшла ў 1976 годзе адразу пасля заканчэння хімічнага факультэта БДУ. Паходзіць спадарыня Ірэна з Ліды, адкуль прыехала на вучобу ў 1971 годзе. Сёлета пілігрымы «Мінск-Будслаў» могуць павіншаваць жанчыну з 40-годдзем працы ў Акадэміі. У Будслаў — хадзіць, у Росіцу — іншых вазіць У будслаўскую пілігрымку Ірэна Рубінава ходзіць, а ў пілігрымку ў яшчэ адно знакавае і святое месца для беларусаў — Росіцу — ездзіць. І ездзіць не толькі сама, а і арганізуе аўтобусныя пілігрымкі з Мінска. «Што для Вас Будслаў, а што Росіца? Якая ў мясцінах розніца?» «Будслаў, будслаўскае свята — гэта шчасце, шчасце безумоўнае. Шчасце, якое ахоплівае з усіх бакоў. А вось Росіца хавае ў сабе глыбінны боль. Я адчуваю Росіцу, як другое Уваскрасенне Хрыста. Гэта тое месца, дзе боль не дае забыцца, што ты чалавек», — кажа спадарыня Ірэна. Што значыць пілігрымка? Фота Ірэны Рубінавай. Мінск-Будслаў 2014 «Будслаў — неад’емная частка жыцця, дзе я атрымліваю невымоўнае падсілкаванне. Як для кагосьці важна ў адпачынак з'ездзіць на мора, так для мяне важна схадзіць у пілігрымку ў Будслаў. Каб яе аднялі ў мяне — то, змораная, я звалілася б. У мяне яшчэ жывая мая мама, але, калі я прыходжу ў Будслаў, то адчуваю, што тут — у Маці Нябеснай — мне яшчэ лепш, чым у мамы зямной. Тут я атрымліваю духоўную дапамогу, за якую я дзякую. Маці Божая дае мне столькі духоўных дзяцей, што я перапоўненая тут любоўю і гатовая прыняць усіх, каго Бог пасылае», — адзначае Ірэна Рубінава, якую ўсе яе знаёмыя і сябры называюць проста «Пані-спадарыня Ірэнка». Тыя, хто ў гэтым годзе ідзе ў Будслаў з Мінска, рызыкуе быць зоркай на здымках фатографа Ірэны Рубінавай. Аксана Ючкавіч |