Пачатак вялікай прыгоды: скаўты адсвяткавалі 15-годдзе і выйшлі ў сваю першую асобную пілігрымку ў Будслаў (+фотарэпартаж) |
Беларусь |
28.06.2016 13:37 |
Песні і смех, гульні і загадкі, малітвы і шляхетнае змаганне — усё гэта
ўбачылі карэспандэнты Catholic.by, якія прыехалі ў лагер каталіцкіх
скаўтаў на возеры Свір. У гэтым годзе беларускія каталіцкія скаўты (гэтае слова перакладаецца з англійскай як «разведчыкі») адзначаюць 15-годдзе — у 2001 годзе каля возера Свір адбыўся першы навучальны летнік для шэфаў беларускіх скаўтаў. Крыху пазней у грэка-каталіцкай парафіі Св. Язэпа ў Мінску паўстала два звязы – звяз скаўтаў імя благаслаўлёных пратулінскіх мучанікаў і звяз скаўтак імені св. Барбары. Спякотна-сонечную нядзелю 26 чэрвеня беларускія каталіцкія скаўты пачалі са святой Імшы, якую цэлебраваў айцец Лех Баханэк OFMConv.
Потым пра гісторыю скаўцкага руху ў Беларусі распавялі самыя дарослыя скаўты, якім каля 30 і больш гадоў. Спачатку згадалі, як у пачатку ХХ стагоддзя беларускі каталіцкі скаўтынг пачыналі патрыёты, такія, як Ян Станкевіч, а працягвалі беларускія эмігранты пасля Другой сусветнай вайны. Ужо ў нашы часы важнейшую ролю ў беларускім хрысціянскім скаўтынгу адыгралі айцы Андрэй Абламейка і Браніслаў Дашкевіч. Васіль Санковіч распавёў, як у 2001 годзе адбыўся першы афіцыйны навучальны летнік, які стаў магутным штуршком для сучаснага этапа развіцця моладзевага руху — у еднасці з агульнаеўрапейскай каталіцкай Федэрацыяй скаўтаў Еўропы.
«Зараз нас ідзе ў пілігрымку 120 чалавек, а па ўсёй Беларусі — каля 300. Думаем расці і ў наступным годзе», — сказаў напрыканцы шэф пілігрымкі, генеральны камісар парафіяльных груп скаўтаў Павел Бельскі.
«Пачыналі 15 гадоў таму, калі я быў хлопцам, і цяпер я не ведаю, як быць хрысціянінам і адначасова жыць нецікавым, неактыўным жыццём, і хачу перадаць гэта вам», — такімі словамі завяршыў ён свой аповед. У гэтым годзе ў пілігрымку сабраліся скаўты з Барысава, Гомеля, Гродна, Івянца і Мінска. Першым заданнем для іх стаў кулінарны конкурс — старэйшыя скаўты сабралі ад малодшых замовы на прадукты, якія б не «дажылі» ў гарачы дзень, і адправіліся ў бліжэйшую краму па свежае мяса, малако, садавіну і гародніну.
Пакуль скаўты і скаўткі прыдумвалі гатавалі свае гастранамічныя шэдэўры, а таксама абмяркоўвалі, як лепш зрабіць прэзентацыю сваёй стравы, мы запыталіся ў а. Леха Баханэка: «А калі і як Вы прыйшлі да скаўтынгу?»
«Я далучыўся прыкладна 5 гадоў таму, — распавёў святар. — І з тых часоў я хтосьці кшталту неафіцыйнага капелана. Скаўтынг захапіў мяне тым, што ён збірае і гартуе тых, хто блізкі да прыроды, смелы і самастойны». Педагогіка хрысціянскага скаўтынгу развівае дзіця і падлетка гарманічна — псіхічна, фізічна, духоўна. У выніку чалавек робіцца адказным, бо скаўт навучаны заўсёды трымаць сваё слова, і ініцыятыўным, бо моладзь усё вырашае і робіць сама.
«Тут мне дастаткова быць проста душпастырам», — кажа а. Лех, і гэтыя словы, напэўна, могуць выклікаць зайдрасць у святароў многіх парафій. У гэты час на «ваўчанятаў» і «божых каровак» — скаўтаў і скаўтак 8-11 гадоў — напаў страшны Шархан, аднак сустрэўся з мужным адпорам. Тыгра-людажэра з «Кнігі джунгляў» Кіплінга закідалі шышкамі, аблілі вадой, звязалі і ўзялі ў палон.
Шарханам аказаўся Аляксандр Малец — мудры «Акела» (дарослы скаўт, які дапамагае малодшым парадамі і пры арганізацыі мерапрыемстваў) з Барысава. Ягоная 17-гадовая дачка, якая ідзе ў скаўцкую пілігрымку, і 25-гадовы сын, які працуе за мяжой, — таксама ў скаўтах.
«Я стала больш трывалай, моцнай у адносінах з іншымі людзьмі», — распавяла нам Яна Малец пра свой скаўцкі 2,5-гадовы досвед. Мы размаўлялі ў лясным Скаўцкім музеі — сюды прынеслі фота, летапісы і кнігі, якія датычацца гісторыі беларускага скаўтынгу. У тым ліку там мы ўбачылі рэдкія беларускія скаўцкія выданні 1940-х гадоў з Беларускай бібліятэкі імя Францішка Скарыны з Лондана, якой кіраваў грэка-каталіцкі святар Аляксандр Надсан.
І вось пачаліся прэзентацыі страваў, згатаваных рознымі групамі скаўтаў па 5-10 чалавек — «коп'ямі», якія звычайна называюцца па розных звярах і птушках.
Прэзентацыі страваў часам ператвараліся ў сапраўдныя тэатральныя сцэнкі і музычныя нумары, у якіх змяшаліся дэсерты і супчыкі, малпы і жабракі, піца ад ваўкоў, дранікі ад буслоў, лепшыя ў свеце бутэрброды і сямейны пачастунак ад быкоў. Прыляцеў таксама арол і прынёс макароны. Ваўчыца і сава распавялі дахрысціянскую гісторыю бліноў. Зубры знайшлі ідэальнае спалучэнне лаваша, мяса і сыру, а сініцы — загадкавы залаты пянёк. Мядведзі частавалі сытнай кашай з чарнаслівам і курагой.
У такой завірусе з самых смачных страў многія сталі хвалявацца за спартыўную форму і здароўе журы. Абвяшчэнне пераможцы конкурса вырашылі перанесці на наступны дзень. Пачаўся вялікі святочны абед, падчас якога скаўты елі і пілі ўсё прыгатаванае ўласнымі рукамі.
Свята народзінаў каталіцкага беларускага скаўтынгу дадаткова адзначылі велізарным тортам, а з той нагоды, што гэты дзень супаў з днямі нараджэння двух скаўтаў, лагістычная група, якая складалася з самых дасведчаных «разведчыкаў», пачаставала ўсіх яшчэ парай тортаў.
Падчас абеду карэспандэнты Catholic.by пазнаёміліся з дарослымі скаўтамі з Гродна — Алегам Сенкелем і яго жонкай Таццянай. Маладая сям'я займаецца бізнесам у сферы транспартных перавозак і гадуе двух сыноў, даказваючы сваім прыкладам, што скаўт можа быць паспяховым у любым узросце і ў розных сферах дзейнасці. Добра падмацаваўшы сілы, розныя коп'і сталі збірацца на Вялікую Скаўцкую Гульню, якая ў гэтым годзе прысвечана гісторыі беларускага скаўтынгу.
У лесе недалека ад лагера таемна былі арганізаваны восем прыпынкаў, кожны з якіх трэба было знайсці і выканаць пэўнае заданне — расшыфраваць загадкавы шыфр, прачытаць тэкст на азбуцы Морзе, развязаць і правільна завязаць вузел, разгадаць крыжаванку.
Дадатковымі заданнямі было напісаць песню паводле атрыманай на прыпынках інфармацыі і зрабіць сэлфі на розным фоне. Але пра ўмовы дадатковых заданняў трэба было яшчэ даведацца, а складаныя правілы — зразумець.
«Бегалі па лесе проста так, бо не ведалі правілаў, селі падумаць — і зразумелі правілы. Разгадвалі шыфры, вязалі вузлы — мы ведаем 21 розны вузел! Гулялі ў кракадзіла», — распавядае 15-гадовая Віка Поплаўская з івянецкіх «Соў».
Потым у лесе пачынаецца «батл» — бітва, у якой той, хто набраў больш балаў падчас інтэлектуальнага змагання, мае больш шансаў на перамогу. Кожная каманда атрымала нумары, якія трэба было насіць на галаве. Той, хто правільна і першым прачытае лічбы на галаве суперніка — выбівае яго з гульні.
Лес напоўніўся «стрэламі» з лічбаў: — 5383!
І сярод хлапчуковых, і сярод дзявочых коп'яў перамаглі гродзенцы.
Прыйшоў час адпачынку і купання ў возеры, каб змыць пыл і пот спаборніцтваў. Па дарозе ў лагер мы разгаварыліся з 21-гадовым Максімам Фоціевым, які родам з Брэста і вучыцца на дыягнастычным факультэце Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
«Хлопцам мала тэорыі, ім патрэбна "фізуха" і прыгоды. Я ўбачыў, што скаўтынг — гэта тое, што трэба для іх арганічнага развіцця. Тут мы праводзім час значна лепш, чым дома перад тэлевізарам ці камп'ютарам. Скаўты — шанец Касцёла наладзіць працу з моладдзю», — кажа Максім. У панядзелак зранку скаўты вырушылі ў дарогу да Маці Будслаўскай. У добры шлях! Аляксандр Гелагаеў. Фота Аляксандры Шчыглінскай. |
Фотарэпартаж |