Папскі пасланнік на ўрачыстасці ў Будславе — кардынал Крыстаф Шонбарн OP — прыбыў у Мінск |
Беларусь |
01.07.2016 01:57 |
30 чэрвеня вечарам у міжнародным аэрапорце «Мінск-2» прызямліўся
самалёт, на борце якога быў арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн OP.
Іерарх прызначаны папскім пасланнікам на святкаванне 25-годдзя
заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якое пройдзе ў Нацыянальным
санктуарыі ў Будславе 1-2 ліпеня. У Будславе кардынал Крыстаф Шонбарн разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам прыме ўдзел у начной працэсіі са свечкамі, а таксама ў галоўнай святой Імшы 2 ліпеня, падчас якой прамовіць гамілію.
«У Юбілейны Год Міласэрнасці, падчас якога адбываецца мой візіт, маёй асноўнай місіяй з’яўляецца падзяка Божай міласэрнасці, — адзначыў кардынал у каментарыі Catholic.by. — Касцёл на беларускай зямлі зведаў шмат трагічных падзей, але Божая міласэрнасць дапамагла многім людзям захаваць сваю веру і выкарыстасць яе, так бы мовіць, у выглядзе стартавага капіталу для новага часу і новага грамадства».
У праграме прабывання кардынала Шонбарна ў Беларусі акрамя ўдзелу ў будслаўскіх урачыстасцях
— сустрэчы з каталіцкімі і праваслаўнымі іерархамі, прадстаўнікамі
ўлады, наведванне месца памяці нацысцкіх ахвяр у Трасцянцы і інш. Іерарх з’яўляецца старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Аўстрыі, а таксама ўваходзіць у якасці ганаровага члена ў шэраг Кангрэгацый і Папскіх радаў у Ватыкане. Кардынал Шонбарн быў адным з удзельнікаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і, а ў красавіку 2016 года яму была даручана місія прэзентаваць Апостальскую адгартацыю Папы Францішка «Amoris Laetitia» (Радасць любові) па выніках Сінода. Поўнае імя кардынала — Крыстаф Марыя Міхаэль Гуга Дам’ян Петэр Адальберт фон Шонбарн. Ён паходзіць з аўстравенгерскай графскай сям’і. Валодае шасцю мовамі. З’яўляецца айцом дамініканінам. |
Фотарэпартаж |