Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Уаў!» — Пілігрымы з розных гарадоў Беларусі дзеляцца ўражаннямі ад прыходу ў Будслаў (+фотарэпартаж)
Беларусь
01.07.2016 21:58

Пілігрымка за пілігрымкай яны прыходзяць у Будслаў, у Нацыянальны санктуарый Маці Божай. Пасля гучных спеваў і гімнаў у цішы становяцца на калені ў касцёле і ідуць да святога абраза. На выхадзе са святыні Catholic.by традыцыйна пытаецца ў пілігрымаў пра тое, што яны адчуваюць і пра што думаюць пасля дзясяткаў кіламетраў дарогі.


Першай прыйшла пілігрымка з Ракава, у якой ішла сям'я Федаровіч: Дзяніс, яго жонка Ірына і сыны — Улад, Арцём, Цімафей.

«Мы з малодшымі сынамі ішлі толькі апошні дзень. Старэйшы сын, яму 7 гадоў, ішоў адзін, а мы толькі сёння далучыліся.

Мы раней хадзілі, пакуль яшчэ малыя былі. Потым гадоў 5-7 не хадзілі, а цяпер як сын пайшоў, то і мы пайшлі за ім. Уражанні, як заўсёды, самыя найлепшыя», — кажа Дзяніс.

«Весела, і пойдзем другі раз абавязкова», — дадае Ірына.


Яна Лагуноўская, 17 гадоў, кажа: «Я належу да парафіі ў Смалявічах, аднак вырашыла пайсці з Вілейкай. Усё было вельмі прыемна, бо надвор'е было вельмі добрым. Быў дождж, але вельмі мягкі».

«Вельмі хачу прыняць удзел у Імшы для пілігрымаў, яна заўсёды вельмі прыгожая», — дадае Яна.


Давыду 11 гадоў, Дзмітрыю — 8, Паўлу — 10. Яны — юныя скаўты-«ваўчаняты» і прайшлі цэлы тыдзень па дарогах паўночнай Беларусі. Іх шлях пачаўся яшчэ ў нядзелю са свята ў гонар 15-годдзя каталіцкага скаўцкага руху ў Беларусі.

«Зараз будзем маліцца да Маці Божай», — кажуць «ваўчаняты».

Скаўты збіраюцца ў калону і арганізавана ідуць у намётавае мястэчка — там іх чакае смачны абед, які яны будуць рабіць усе разам.

Пілігрымка Ліда-Будслаў прайшла самы вялікі шлях — 250 кіламетраў за 9 дзён.


«Тут у нас таксама Гродна, жанчына з Літвы, Мінск, Ашмяны», — распавядае 16-гадовы Уладзіслаў Кудло.

«Якія адчуванні?»

«Уаў!!!» — з усёй моцы крычыць хлопец і ўсміхаецца. Яго браты і сёстры па пілігрымцы радасна смяюцца.

«Мы шчаслівыя. Учора былі стомленыя, а сёння сапраўды адкрылася другое дыханне. Хочаца крычаць ад радасці. І, канешне, пад'есці», — кажуць пілігрымы.

«Гэта не апісаць словамі», — дадае Уладзіслаў.


Аляксандр Гелагаеў

Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.