Папскі пасланнік кардынал Шонбарн наведаў хворых дзяцей у Цэнтры «Карытас» у Ляскоўцы |
Беларусь |
02.07.2016 01:03 |
Кардынал Крыстаф Шонбарн OP, які ў якасці папскага пасланніка знаходзіцца з візітам у Беларусі, 1 чэрвеня наведаў Цэнтр «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, дзе сустрэўся з хворымі дзецьмі і іх сем’ямі. У в. Ляскоўка пад Мінскам у спецыяльна пабудаваных дамах Цэнтра «Карытас» пражываюць сем’і, чые дзеці праходзяць лячэнне, а таксама знаходзяцца на рэабілітацыі ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. Аляксандрава ў аграгарадку Лясны ў Мінскім раёне. Пражыванне ў такіх дамах для сем’яў хворых дзяцей бясплатнае. Фінансавую падтрымку Цэнтру «Карытас» у гэтым пытанні аказвае «Карытас» Аўстрыі. З моманту адкрыцця гэтых дамоў у 2004 годзе магчымасць часовага прабывання ў Ляскоўцы падчас лячэння і рэабілітацыі атрымалі ўжо каля 1300 дзяцей. Размаўляючы з бацькамі хворых дзяцей, кардынал цікавіўся, з якой вобласці прыбылі сем’і і як доўга яны ўжо знаходзяцца ў Ляскоўцы. Дадаткова для іерарха была арганізавана экскурсія па Цэнтру «Карытас», якую для аўстрыйскага госця правёў дырэктар Цэнтра а. Андрэй Жылевіч OFM Cap. На развітанне кардынал Шонбарн атрымаў маленькі сувенір – міні-збанок ручной работы, выраблены дзецьмі з цэнтраў, з якімі супрацоўнічае «Карытас». «Запрашаю Вас заўсёды сюды. Гэты дом – Ваш дом», — сказаў, звяртаючыся да іерарха, а. Андрэй Жылевіч OFM Cap. |
Фотарэпартаж |