Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Свята ў Будславе – вялікі знак веры беларускіх католікаў»: паслы Германіі і Польшчы пра ўрачыстасці ў Будславе
Беларусь
02.07.2016 12:12

У цэнтральнай святой Імшы ў Будславе, якую цэлебраваў папскі легат кардынал Крыстаф Шонбарн OP, прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. У каментарыі для Catholic.by паслы Германіі і Польшчы падзяліліся сваімі думкамі пра фэст у Будславе.

 «Мы як пратэстанты не маем чагосьці падобнага, што магло б параўнацца з маштабам будслаўскіх урачыстасцяў, — адзначыў у каментарыі пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі Петэр Датмар, які ў Будслаў прыехаў разам з жонкай. — Я вельмі рады быць тут, найперш як госць, запрошаны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам асабліва зараз – падчас візіту папскага пасланніка, кардынала з Вены.


Я не ўпершыню прымаю ўдзел у святкаваннях у Будславе. Першы раз пабываў тут каля пяці гадоў таму. Свята ў Будславе – гэта вялікі знак веры беларускіх католікаў, другой па колькасці канфесіі Беларусі».

Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, які ўпершыню наведвае Будслаў, у сваю чаргу адзначыў, што шмат чуў пра гэта месца яшчэ ў Польшчы:

«Вельмі цешуся, што магу браць удзел у гэтых урачыстасцях, не толькі сам, але і разам з пасламі Германіі, Італіі, а таксама паслом Аўстрыі. Гэта вельмі важная падзея – не толькі пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай, але і сама нагода 25-годдзя аднаўлення Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Я толькі нядаўна распачаў сваю місію ў Беларусі, і гэта мой першы візіт у Будслаў.

Але яшчэ будучы ў Польшчы, я шмат чуў пра будслаўскі фэст. Я займаюся вывучэннем Усходу ўжо шмат гадоў. Яшчэ будучы намеснікам дырэктара дэпартамента па справах Усходняй Еўропы МУС, а пасля і дырэктарам дэпартамента, я шмат чуў пра пілігрымку ў Будслаў.

Штогод сюды прыбывае вельмі вялікая колькасць пілігрымаў, як да Маці Божай у польскай Чэнстахове. Таму я вельмі рады быць тут, асабліва сёння – у якасці пасла Рэспублікі Польшча».

Размаўляў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.