Сімвалы Божага Нараджэння: першая зорка |
Рознае |
16.12.2015 06:30 |
Першая зорка, без з’яўлення якой нельга было садзіцца за вігілійны стол,
хіба была самай доўгачаканай зоркай сярод дзяцей і дарослых розных
пакаленняў.
«Зорка ў начы», Дар'я Быцько Калі ўсё да свята амаль падрыхтавана, хіба толькі застаецца паставіць апошнюю страву, запаліць свечку і ўзяць Біблію, якая ўжо разгорнута на патрэбнай старонцы з пасланнем ад св. Лукі (Лк 2, 1-14), то… Не хапае толькі яе — першай вядоўцы і, як пісаў у сваім вершы Рыгор Барадулін, паломніцы, — ці зоркі-пілігрыма, якая прыводзіць да сціплых ясляў не толькі каралёў, але і кожнага, хто хоча прыняць у сваё жыццё Збаўцу: Паломніца зоркі над імі ішла, «У нашай сям’і мы не чакалі першай зоркі», — адказваюць многія з сучаснай моладзі, а людзі старэйшага пакалення прыгадваюць, як у дзяцінстве праз кожныя пяць хвілін выбягалі на вуліцу, каб не прапусціць гэты запаветны момант з’яўлення. Або сядзелі, прыціснуўшы насы да халоднай шыбы, узіраючыся ў палотнішча неба, якое ўпрыгожвалі галіны яблынь, ігрушаў, вішняў з дзедавага сада. «"З’явілася!" — радасна крычалі мы нашай бабулі, якая яшчэ сканчвала таўчы кашу, ці выцягвала з печы куццю, альбо крышыла зеляніну на селядзец. Сачыць за з’яўленнем зоркі — гэта быў нібыта пачэсны абавязак для самых малодшых», — прыгадвае зараз ужо сама даўно бабуля Вандзя. Першая зорка, з’яўленне якой згодна з традыцыяй чакаюць 24 снежня, нагадвае пра Бэтлеемскую, пра якую ўзгадваецца ў Евангеллі паводле Мацвея (Мц 2, 9). Лічыцца, што першая зорка – гэта сімвалічная назва нябеснага цела, якое з’явілася ў ноч нараджэння Збаўцы. Магчыма, гэта была планета. Дзе і калі шукаць першую зорку ў 2015 годзе? Як кажуць астраномы, найлепш яе можна будзе пабачыць на ўсходнім цямнейшым гарызонце, калі змрок ахіне Зямлю і там, дзе вы будзеце сустракаць Божае Нараджэнне, будзе ціснуць хаця б невялікі мароз, які прагоніць хмары. Заўважыць яе можна будзе каля 18.00. Чакайце і не прапусціце! Аксана Ючкавіч
|