65 пілігрымаў з Мінска наведалі 13 лютага санктуарый на Яснай Гары (Польшча). Арганізаваў пілігрымку цэнтр «Пілігрым» касцёла свв. Сымона і Алены.
У Яснагорскiм санктуарыi знаходзіцца цудатворны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове, да якога кожны год прыбываюць пілігрымы з Беларусі і ўсяго свету.
Вернікі здзяйсняюць пілігрымкі да Маці Божай Чэнстахоўскай, прыбываючы туды з інтэнцыямі, каб прасіць аб Божым бласлаўленні, маліцца за ўсіх, хто падарожнічае па зямных шляхах, і ўзгадаць у малітве тых, хто ўжо падарожнічае па шляхах вечнасці.
Пілігрымка пачалася святой Імшой у санктуарыі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Чэнстахове. Пазней група прайшла Крыжовы шлях, разважаючы пра цярпенні Збаўцы. Таксама пілігрымы прынялі ўдзел у Яснагорскай малітве ў капліцы цудатворнага абраза, якая яднае многіх людзей у розных частках свету. Вернікі падзякавалі Маці Божай за апеку. 
Удзельнікі пілігрымкі наведалі таксама Кракаў, пазнаёміліся са шматлікімі касцёламі старога горада з вуліцай Кананічнай, дзе знаходзяцца «папскія вокны», Вавелем, Казімежам, санктуарыем у Лагеўніках, дзе цэлебравалася Імша за ўсіх пілігрымаў.
У Лагеўніках пілігрымы слухалі ўрыўкi з дзённіка святой сястры Фаўстыны Кавальскай, дзе святая прыгадвае, як Езус у сваіх аб’яўленнях сказаў ёй напісаць Яго абраз — сімвал Божай Міласэрнасці. Урыўкі чаргаваліся з лірычнымі спевамі: вернікі чыталі Божае слова і спявалі псальмы.
Магчыма, самым запамінальным момантам для пілігрымаў была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў капліцы Божай Міласэрнасці перад абразом Езуса Міласэрнага.
Пасля малітвы Ружанца адбылася святая Імша. Вернікі ўдзячныя за арганізацыю пілігрымкі пробашчу парафіі Свв. Сымона і Алены ксяндзу Уладзіславу Завальнюку і супрацоўнікам цэнтра «Пілігрым» Чырвонага касцёла.
Алена Шыпунова, фота аўтара
|