Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Функцыі Апостальскага Нунцыя: 5 пытанняў па тэме
Рознае
13.05.2016 13:57

Адзін з першых Апостальскіх Нунцыяў у Беларусі арцыбіскуп Аўгустыно Маркетто ў інтэрв’ю часопісу «Ave Maria» ў 1995 годзе дакладна акрэсліў функцыі, якія выконвае ў мясцовым Каталіцкім Касцёле папскі пасланнік.

З нагоды прызначэння ў Беларусь новага Апостальскага Нунцыя Catholic.by прыгадвае асноўныя вытрымкі з адказаў арцыбіскупа Маркетто.

1. Хто такі нунцый?

З першых стагоддзяў жыцця хрысціянскага Касцёла ў Папы Рымскага заўсёды былі свае прадстаўнікі. У самых аддаленых рэгіёнах Заходняга Патрыярхату іх называлі апостальскімі вікарыямі, а ў цэнтры — у імператараў і каралёў — такіх прадстаўнікоў называлі апакрызарыямі.

Сёння са згоды Каталіцкага Касцёла і па волі Святога Айца гэта традыцыя працягваецца: існуе афіцыйнае і пастаяннае прадстаўніцтва Апостальскай Сталіцы перад дзяржаўнай і касцёльнай уладамі. Цяпер гэтых прадстаўнікоў называюць нунцыямі або пранунцыямі. Розніца паміж назвамі чыста гістарычная.

На фота: былы Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці

2. Якая роля нунцыя ў адносінах да дзяржавы?

У адносінах да дзяржавы нунцый праяўляе тыя ўвагу і клопат, якія адлюстроўваюць адносіны Святога Айца да гэтай краіны.

Улічваючы аддзяленне Касцёла ад дзяржавы і іх розныя мэты, нунцый імкнецца знайсці агульныя пункты судакранання да найбольш поўнага паспяховага супрацоўніцтва, каб тым самым служыць на карысць грамадства. Гэта вельмі важна, бо ў адной і той жа краіне людзі могуць належаць да Касцёла і да дзяржавы.

Таму нунцый сваёю місіяй павінен спрыяць дыялогу паміж імі для больш поўнага ўзаемапаразумення і паспяховага супрацоўніцтва.

3. Ці падпарадкоўваецца біскуп нунцыю?

Не. Існуе пастаянны кантакт, скаардынаваныя адносіны на розных узроўнях. Нунцый прадстаўляе Наступніка Пятра і яго функцыі, але гэта не азначае, што нунцый з’яўляецца біскупам дыяцэзіі або што ён можа замяніць біскупа мясцовага Касцёла.

На фота: новапрызначаны Апостальскі Нунцый у Беларусі — мансеньёр Габар Пінтэр падчас св. Імшы

Таму нават прадстаўнік Папы павінен паважаць правы мясцовага біскупа, як пераемніка апосталаў.

Адной з няпростых задач нунцыя па існуючых законах Каталіцкага Касцёла з’яўляецца яго адказнасць у выпадку прызначэння біскупа. Гэта павінна адбывацца з улікам і разуменнем існуючай рэальнасці, а таксама пры ўважлівым вывучэнні сітуацыі і кандыдатур. У гэтым пытанні павінна праявіцца мудрасць Касцёла.

Вынік такога аналізу — даклад нунцыя Апостальскай Сталіцы. Канчатковае ж рашэнне па гэтым пытанні прымае Папа Рымскі.

4. У чым заключана місія Апостальскага Нунцыя?

Галоўная задача Папы як бачнай асновы гэтай супольнасці, якою з’яўляецца Касцёл, — дапамагаць здзяйсненню адзінства ў веры, любові, сакрамэнтах і асноўных канонах Касцёла. Гэту задачу ён выконвае таксама і праз сваіх прадстаўнікоў.

Для ажыццяўлення і ўмацавання гэтай супольнасці нунцый прадстаўляе Папу, улічваючы асаблівасці мясцовага Касцёла ў адзінстве ўсяго Касцёла. Нунцый з’яўляецца своеасаблівым мастом паміж мясцовым Касцёлам і Апостальскаю Сталіцай.

Кажучы вобразна, ён — вока, вуха і рука Святога Айца ў канкрэтнай краіне. Нунцый таксама не толькі язык Папы, словы якога ён павінен данесці, але і яго сэрца. Праз нунцыя Святы Пасад і Паўсюдны Касцёл праяўляюць сваю салідарнасць з мясцовым Касцёлам. Асабліва гэта важна ў складаных сітуацыях: у выпадку ганенняў, крызісу адзінства або веры, дыскрымінацыі.

Ён павінен таксама спрыяць актывізацыі мясцовага Касцёла, паважаючы місію і службу біскупа — пераемніка апосталаў — і пастыраў гэтага Касцёла.

Прадстаўляць Папу ў мясцовым Касцёле ў пастырскім кантэксце з’яўляецца самым важным аспектам задачы нунцыя.

Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліў, што экуменізм — г.зн. пошук адзінства хрысціян — з’яўляецца складнікам Касцёла. Таму прадстаўнік Папы ў сваёй дзейнасці павінен клапаціцца пра кантакт і дыялог з братамі і сёстрамі іншых Цэркваў, асабліва з іх епіскапамі і пастырамі.

Другі Ватыканскі Сабор даў пачатак дыялогу і з нехрысціянскімі рэлігіямі. Таму, па магчымасці, нунцый павінен наладжваць кантакты з іўдзеямі і мусульманамі. І, як вядома, Касцёл, а значыць і Апостальскі Нунцый, імкнуцца весці дыялог нават з атэістамі.

5.  Якія адносіны паміж нунцыем і біскупамі краіны, у якой ён працуе?

Як вядома, Другі Ватыканскі Сабор падкрэсліваў неабходную сувязь паміж першынством Папы, якога прадстаўляе нунцый, і саборнасцю біскупаў.

Такім чынам, паміж біскупамі і нунцыем неабходна не толькі пастаяннае супрацоўніцтва, але і ўзаемапавага, клопат і згода. Недастаткова сустрэцца з біскупамі толькі тады, калі трэба вырашыць нейкую праблему або аб чымсьці яго праінфармаваць, — кантакт паміж нунцыем і біскупамі павінен быць пастаянным.

(ils)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона