29 лістапада ў Каталіцкім Касцёле распачынаецца Адвэнт |
Каляндар |
23.11.2009 19:11 |
Сёлета ў Каталіцкім Касцёле Адвэнт — перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына — распачынаецца 29 лістапада. Адвэнт працягваецца да 24 снежня, калі адзначаецца Вігілія Божага Нараджэння. Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня. У Адвэнт увесь Касцёл, якім з’яўляецца Народ Божы, радасна, у малітве і засяроджанні чакае прыходу Збаўцы. У гэты час не адбываюцца гучныя забавы. Вернікі таксама заахвочваюцца да ўстрымання ад дрэнных звычак і, безумоўна, да працы над сабою. Практыкуецца ўзяцце пастановаў на гэты час. Характар адрачэнняў кожны вызначае для сябе асабіста або па парадзе святара. Усё гэта робіцца дзеля навяртання і лепшага перажывання радаснай весткі — Божага Нараджэння. Малітоўныя практыкі — безумоўная частка Адвэнту. Вельмі прыгожай з’яўляецца традыцыя ўдзелу ў раратніх святых Імшах, якія адбываюцца на досвітку і цэлебруюцца ў гонар Божай Маці. Падчас гэтых літургій, якія распачынаюцца пры згашаным святле і запаленых свечках, гучыць спеў-малітва: «Свет наш абмыйце, чыстыя росы, Збаўцу святога дайце, Нябёсы». Абавязкам кожнага верніка з’яўляецца таксама ўдзел у парафіяльных адвэнтавых рэкалекцыях. «Гэта чарговы Адвэнт у жыцці кожнага чалавека, за якім ідзе Божае Нараджэнне, — адзначае Мітрапаліт Кандрусевіч у сёлетнім пасланні на Адвэнт. — Занепакоеныя складанай сітуацыяй сучаснага чалавека, мы ізноў пытаемся, што чыніць, каб не размінуцца з надыходзячым Панам? Святы Ян Хрысціцель адказвае: навяртайцеся. А гэта азначае: ідзіце ў пустыню свайго духоўнага жыцця, каб, знаходзячыся здалёк ад гоману сучаснага свету, пачуць Таго, які жыве ў нас, і вызваліцца ад гоману знешняга і ўнутранага, які значна больш грозны, бо заглушае чалавечае сумленне». |