Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
6 студзеня Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
Каляндар
05.01.2010 12:36

6 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, вядомую таксама як Тры Каралі. Гэтая ўрачыстасць была вядома на Усходзе яшчэ ў ІІІ ст. Праз 100 год яе пачалі адзначаць і на Захадзе, дзе яна пераўтварылася ў свята Трох Каралёў. У літургіі гэтая ўрачыстасць непарыўна звязана з Божым Нараджэннем.

Евангелле паводле св. Мацвея апавядае аб магах або, па іншых тлумачэннях, мудрацах з Усходу, якія, ідучы за зоркай, прыбылі ў Ерузалем і Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля. Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, Марыю; упалі на твар і аддалі Яму пашану. Магі ахвяравалі нованароджанаму Дзіцяці свае дары: золата, кадзіла і міру.  

Аб’яўленне, якое на грэчаскай мове называецца «Эпіфанія», азначае з’яўленне Бога ў чалавечай постаці. У заходняй літургіі акцэнт урачыстасці Аб’яўлення робіцца на асобах Трох Каралёў. Паклон магаў-мудрацоў, якіх да Езуса прывяла зорка, сведчыць аб тым, што ўвесь сусвет (зорка азначае космас) быў узрушаны Нараджэннем Пана. Мудрацы прыбываюць да Яго, каб аддаць хвалу Богу. Гэтая падзея ўказвае на магчымасць пазнання Бога праз сумленныя пошукі праўды аб свеце і чалавеку.

Мудрацы, якія прыбылі да Езуса, склалі свае дары. Паводле традыцыі, гэта былі золата — сімвал каралеўскай годнасці, міра — сімвал спаўнення прароцтваў аб прыходзе Месіі, а таксама прароцтва аб смерці Збаўцы. Адначасова міра сімвалізуе выраз веры ў Хрыста як сапраўднага чалавека, кадзіла — веру ў Яго як праўдзівага Бога, а золата — як у сапраўднага Караля.

З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння золата, крэйды, кадзіла і вады. Асвечанай крэйдай на дзвярах памяшкання пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пісалася праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» («Christus mansionem benedicat»).

Дом акрапляецца ў гэты дзень асвечанай вадой, а запальванне кадзіла сімвалізуе, што ён з’яўляецца месцам малітвы.

У мастацтве кароль Каспар прадстаўлены найчасцей як афрыканец, які ахвяруе міра, Мельхіёр — як еўрапеец, што дарыць нованароджанаму Пану золата, а Бальтазар — як азіяцкі кароль, які прыносіць да жолаба кадзіла.

Дакладна не вядома тое, дзе былі пахаваны Тры Каралі. Згодна з легендай, іх парэшткі спачатку захоўваліся ў Канстанцінопалі, а пазней — у Мілане, куды яны былі перавезены ў ІХ ст. Паводле іншых звестак, да 1158 г. жыхары Мілана не ведалі аб гэтым пахаванні і знайшлі яго толькі тады, калі падчас аблогі горада вымушаны былі забраць рэліквіі, змешчаныя каля брамаў мясцовай святыні.

Тры Каралі лічацца апекунамі падарожнікаў, пілігрымаў, гандляроў і кушняроў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.