Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
27 студзеня ўспамін благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча
Каляндар
26.01.2011 14:23

«Пане, дазволь мне, нібы свечцы, згарэць дашчэнту на Тваім Алтары». Гэтае вялікае жаданне благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча здзейснілася. На працягу ўсяго свайго святарскага жыцця ён гарэў, як свечка, – ярка і трывала. Сваёй службай ён асвятляў самыя далёкія, закінутыя і страшныя куткі тае гістарычнае эпохі, у якой палітыка, нянавісць, шавінізм крыжавалі лёсы хрысціянскіх народаў. Гэтае святло ніколі не прыцьмянела, але было яркім і палымяным. І свяціла яно да таго самага часу, пакуль жывіла яго сваімі ўдарамі сэрца вялікага і святога чалавека.

Святар, прафесар акадэміі, законнік і рэфарматар ордэну ксяндзоў марыянаў, біскуп Віленскі, Апостальскі нунцый... Кім бы ні быў, чым бы ні займаўся — ён заўсёды быў сапраўдным святлом на асвячэнне язычніцкай думкі і далёка не хрысціянскіх учынкаў, якія ў той час не толькі ўсяляк апраўдваліся, але і падтрымліваліся афіцыйнай грамадскай этыкай.

Яго не цікавілі палітычныя інтарэсы асобных дзяржаў, народаў альбо партый. Ён быў айцом для ўсіх — рускіх, палякаў, літоўцаў, нават яўрэяў. Але найбольш уражвае ягоная асаблівая любоў да беларусаў, што і было ў вачах тагачасных уладаў «асаблівым грахом».

Нялёгка было жыць такому чалавеку. Але ад сваіх трывалых хрысціянскіх прынцыпаў і вернасці Касцёлу айцец Матулевіч не адыходзіў на працягу ўсяго свайго святарскага жыцця.

Юры Баляслаў Матулевіч-Матулайціс (сапраўднае Юргіс Матулайціс)

Нарадзіўся 13 красавіка 1871 года ў вёсцы Лугіне каля Марыямпаля (сучасны Капсукас, Літва) у літоўскай сям’і. 20 лістапада 1898 года прыняў святарскае пасвячэнне і стаў святаром Келецкай дыяцэзіі. Працаваў у Варшаве і ў Санкт-Пецярбурзе. Уступіўшы ў закон ксяндзоў марыянаў, аднавіў яго і заснаваў два жаночыя законы. У 1918–1925 гг. быў арцыбіскупам Віленскім, а потым — Апостальскім візітатарам у Літве. Памёр у Каўнасе ў 1927 г. 28 чэрвеня 1987 г. папа Ян Павел II беатыфікаваў Юрыя Матулевіча. Успамін — 27 студзеня.

Тытул бл. Юрыя Матулевіча маюць парафіі ў в. Ветрына і в. Прыпернае Віцебскай дыяцэзіі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.