Урачыстасць Божага Цела. Гісторыя і традыцыі |
Каляндар |
27.05.2011 11:30 |
У хуткім часе вернікі Мінска пройдуць у працэсіі Божага Цела па вуліцах горада, а ў ліпені ўвесь Каталіцкі Касцёл адзначыць гэтую ўрачыстасць. Пра тое, калі ўзнікла дазеная традыцыя і што яна азначае, чытайце ў артыкуле аб гісторыі ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана. Божае Цела адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, таму што менавіта ў чацвер Езус Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі (Вялікі чацвер). Ва ўрачыстасць Божага Цела Касцёл складае падзяку Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае для свайго народа. Працэсія Божага Цела — гэта эўхарыстычная працэсія, якая адбываецца ў гэты дзень або ў наступную пасля яго нядзелю. Праходзіць яна звычайна навокал касцёла ці па вуліцах горада і затрымліваецца каля чатырох алтароў, дзе чытаюцца ўрыўкі з Евангелля і прамаўляюцца гаміліі. Святкаванне ўрачыстасці Божага Цела было ўведзена ў XII ст. пасля аб’яўленняў благаслаўлёнай Юліяне (1193–1258 гг.), настаяцельніцы кляштара аўгустынак, які знаходзіўся пад Льежам (Бельгія). Благаслаўлёная неаднойчы мела бачанне месячнага дыску з чорнай плямай. Інтэрпрытавалі гэта як знак адсутнасці ў літургічным каляндары дня, прысвечанага ўшанаванню Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пасля аб’яўленняў у 1246 г. мясцовым біскупам для дыяцэзіі ў Льежы было ўстаноўлена свята Божага Цела. З цягам часу свята пачало набіраць папулярнасць, і ў 1264 г. папа Урбан IV устанавіў свята Corpus Christi (Божага Цела) ва ўсім Касцёле. У хуткім часе святкаванне пачало суправаджацца правядзеннем працэсій. Ёсць меркаванні, што ўпершыню працэсія была праведзена ў Кёльне (Германія) у 1265–1275 гг., а з XV ст. атрымала распаўсюджванне ў Германіі, Англіі, Францыі, Польшчы і Паўночнай Італіі. |