Урачыстасць Унебаўшэсця Пана |
Каляндар |
02.06.2011 04:30 |
Урачыстасць Унебаўшэсця Пана сёлета прыпадае на 2 чэрвеня. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах і месцах малітвы каталіцкіх парафій праходзяць святочныя літургіі, удзел у якіх абавязковы. Хрыстус пасля свайго ўваскрасення неаднаразова аб’яўляўся вучням, а на саракавы дзень на іх вачах узнёсся на неба з Аліўнай гары. З гэтай гары, дзе распачалася мука Хрыста, узяла пачатак і Яго хвала. Езус наказаў апосталам не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом — спаслання Духа Святога. Пан Езус жыў таямніцаю свайго ўнебаўшэсця яшчэ задоўга да яе здзяйснення. Ужо падчас Апошняй Вячэры Хрыстус абвясціў апосталам аб сваім адыходзе да Нябеснага Айца. Урачыстасць Унебаўшэсця Пана ў часы ранняга хрысціянства звязвалася з таямніцай спаслання Духа Святога на апосталаў. Аднак гісторыя літургіі ведае гэтую ўрачыстасць толькі з IV ст. Дні пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана рыхтуюць вернікаў да прыняцця Духа Святога: літургічныя чытанні ўтрымліваюць апісанне дадзенага абяцання Айца, у касцёлах моляцца Навэнну да Духа Святога. З алтара прымаецца фігура Хрыста Уваскрослага, застаецца пасхал і крыж з чырвонай стулай. Унебаўшэсце з’яўляецца не толькі апошнім і ўрачыстым трыумфам Езуса з Назарэта, але таксама залогам і гарантыяй узвышэння, узнясення да хвалы чалавечай натуры. Пан Езус узышоў на неба не адзін. Ён узяў з сабою ўсе душы з адхлані. Перад сваім уваскрасеннем, калі ўжо не быў у чалавечым целе, Ён зышоў да адхлані і абвясціў ім збаўленне, якое ўжо блізка. Сёння Ён спаўняе абяцанне і з трыумфам уводзіць іх да неба. Таму гэты дзень мае вялікае значэнне для ўсяго чалавецтва. |