4 жніўня ўзгадваем св. Яна Марыю Віянэя, апекуна святароў |
Каляндар |
04.08.2011 16:23 |
4 жніўня адзначаецца ўспамін св. Яна Марыі Віянэя, апекуна пробашчаў і ўсіх святароў. З гэтай нагоды калектыў Catholic.by шчыра віншуе святароў і жадае па прыкладзе святога Яна Віянэя адважна вызнаваць веру і падтрымліваць у гэтым сваю паству. Святы Ян Марыя Віянэй нарадзіўся 8 мая 1786 г. у сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады Французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, і ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна. Сваім адданым служэннем святар пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. У Арс прыязджала вялікая колькасць людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду. Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 г. Спачатку святы з’яўляўся апекуном пробашчаў. 11 чэрвеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI абвясціў святога апекуном усіх святароў. 2009 год у Каталіцкім Касцёле быў аб’яўлены Годам святарства ў гонар святога Яна Марыі Віянэя. |