11 жніўня працаўнікі тэлебачання і радыё адзначаюць дзень нябеснай заступніцы |
Каляндар |
11.08.2011 09:57 |
Успамін св. Клары, апякункі тэлебачання і заснавальніцы ордэна кларысак, адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 жніўня. У 2012 г. Ордэн Убогіх Сясцёр св. Клары адзначыць 800 гадоў заснавання. Святая Клара нарадзілася ў Асізі ў 1194 г. (таму часта яе называюць Асізскай). У 18 гадоў вырашыла пакінуць бацькоўскі дом і прыняла з рук св. Францішка (які быў яе сябрам) манаскае адзенне. Разам са сваёй сястрой Агнешкай жыла пры касцёле святога Дам’яна непадалёк ад Асізі, побач з якім праз нейкі час утварыўся невялікі кляштар. Ён стаў першай сядзібаю Ордэна Убогіх Сясцёр (кларысак), статут якога напісаў сам святы Францішак. Памерла ў 1253 г. Апякункай тэлебачання і радыё святую абвясціў папа Пій XII у 1956 г. Лічыцца, што незадоўна да смерці святая Клара, будучы прыкаванай да ложка і не маючы магчымасці ўдзельнічаць у Імшах, мела здані: на сцяне свайго пакоя выразна бачыла літургію, нібы там быў тэлевізар. Сёння асаблівае месца сярод каталіцкага тэлебачання займае Ватыканскі тэлецэнтр, заснаваны папам Янам Паўлам ІІ у 1983 г. Характарызуецца ён высокім прафесіяналізмам працаўнікоў і пастаянным укараненнем новых тэхналогій. Так у маі гг. быў здейснены першы запіс літургіі з удзелам Папы ў трохмернай выяве. Яшчэ ў лістападзе 2010 г. «Sony» і Ватыканскі тэлецэнтр зрабілі спробу зафіксаваць фрагменты аўдыенцый Пантыфіка ў 3D фармаце. Зняты матэрыял стане асновай для далейшых эксперыментаў, вынікам якіх павінна стаць вяшчанне ў прамым эфіры з Ватыкана ў трохмернай сістэме. |