Узгадваем святога Францішка Асізскага |
Каляндар |
04.10.2011 09:43 |
4 кастрычніка Каталіцкі Касцёл узгадвае святога Францішка Асізскага. Менавіта пра гэтага святога знакаміты Дантэ Аліг’еры сказаў: «Ён заззяў над светам, як узыходзячае сонца». Будучы святы нарадзіўся ў 1181 (1182) г. у Асізі (Цэнтральная Італія) у сям’і багатага купца П’етро Бэрнардонэ. У маладыя гады Францішак быў поўным энергіі аматарам забаваў і жыццёвых задавальненняў, які марыў стаць рыцарам. Падчас вайны паміж Асізі і Перуджай Францішак на год трапіў у палон і за гэты час перажыў унутранае навяртанне. Маючы каля 25 гадоў, у невялічкім касцёле Сан Дам’яно ён пачуў голас Хрыста, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішак, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Паслухмяны гэтаму закліку, зразуметаму літаральна, святы адбудаваў той касцёл. Калі бацька Францішка запатрабаваў вярнуць грошы, выдаткаваныя на адбудову, пагражаючы пры гэтым пазбавіць сына спадчыны, той сам адрокся ад усёй маёмасці, пакінуў бацькоўскі дом і ў карычневым хабіце басанож пайшоў вандраваць як жабрак. Да святога пачалі далучацца тыя, хто падзяляў яго ідэалы, і такім чынам утварыўся жабрачы ордэн францішканаў. Верная супрацоўніца Францішка св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі). |