Год пасля беатыфікацыі Яна Паўла ІІ |
Каляндар |
01.05.2012 16:36 |
«І вось доўгачаканы дзень настаў; ён настаў хутка, бо так спадабалася Пану Богу: Ян Павел ІІ благаслаўлёны!» — гэта словы Святога Айца Бэнэдыкта XVI, якія мы чулі 1 мая 2011 г. І вось ужо год, як католікі ўсяго свету звяртаюцца да Бога праз заступніцтва благаслаўлёнага Папы-славяніна. На жаль, Беларусь і яе жыхары не мелі такога шчасця, каб прывітаць на сваёй зямлі папу Яна Паўла ІІ, які вельмі любіў суседнюю з яго радзімай краіну. Але благаслаўлёны Ян Павел ІІ, падчас Пантыфікату якога адбывалася адраджэнне веры на нашых землях, заўсёды памятаў у сваіх малітвах пра Касцёл у Беларусі. З асаблівай любоўю да Вялікага Папы адносіліся і вернікі Беларусі. Таму нядзіўна, што ў дні святкавання гадавіны беатыфікацыі ў беларускіх каталіцкіх парафіях пройдуць шматлікія мерапрыемствы, закліканыя наблізіць вернікам постаць бл. Яна Паўла ІІ. Так, насычнанай духоўна-культурнай праграмай гадавіну беатыфікацыі адзначаць парафіяне Нарачы. Ян Павел ІІ памёр у сваім пакоі ў Ватыкане 2 красавіка 2005 г. У дакуменце за 9 мая 2005 г. інфармавалася, што новы папа Бэнэдыкт XVI ужо дазволіў распачаць беатыфікацыйны працэс Слугі Божага Яна Паўла ІІ (паводле касцёльных прадпісанняў, да распачацця беатыфікацыйнага працэсу павінна прайсці 5 год пасля смерці). Пасля абвяшчэння Яна Паўла ІІ благаслаўлёным, распачаўся кананізацыйны працэс Вялікага Папы. Аднак, пакуль што ў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі не паступілі дакументы адносна цуду, здзейсненага праз заступніцтва Яна Паўла ІІ. Справа ідзе пра цуд, які не паддаецца тлумачэнням і які адбыўся пасля 1 мая 2011 г. (пасля беатыфікацыі Вялікага Папы). Нагадаем, што цудам, які паслужыў для беатыфікацыі Яна Паўла ІІ, стаў факт цудоўнага аздараўлення французскай законніцы Марыі-Сімоны П’ер Норманд. У дэкрэце аб сапраўднасці цудоўнага аздараўлення паведамляецца аб невытлумачальным з медыцынскага пункту гледжання раптоўным знікненні сімптомаў хваробы Паркінсона. Літургічны ўспамін благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ будзе адзначацца 22 кастрычніка. Раім таксама азнаёміцца з наступнымі матэрыяламі:
|