Мітрапаліт Кандрусевіч: Ян Павел II не адышоў, але ёсць з намі! |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
08.05.2011 17:55 |
«Сёння ніхто і нішто не можа перашкодзіць Яну Паўлу ІІ сваім духам святога быць разам з намі. І мы верым, што ён сапраўды благаслаўляе нас з акна нябеснага Айца», — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 8 мая 2011 г. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ўзначаліў у мінскай архікатэдры святую Імшу падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла ІІ. «Ян Павел II увайшоў у гісторыю як мудры пастыр паўсюднага Касцёла, які ўмеў чытаць знакі часу і прымаць адпаведныя рашэнні, — такімі словамі ўзгадаў Вялікага Папу Мітрапаліт Кандрусевіч. — Мы памятаем яго як мужнага абаронцу хрысціянскіх каштоўнасцяў, які быў голасам сумлення сучаснага свету, а таксама як выдатнага тэолага, чалавека дыялога, змагара за мір, паэта, спартсмена. Ён вельмі любіў моладзь, якую называў надзеяй Касцёла і свету. Гэта дзякуючы яму мы маем Сусветныя дні моладзі. Ён умеў слухаць кожнага, клапаціўся пра бедных і хворых і вельмі любіў тонкі гумар». Сваімі якасцямі, па словах арцыпастыра, Ян Павел ІІ «заслужыў аўтарытэт і павагу не толькі сярод веруючых, але і сярод няверуючых». Яго адыход «да дому Нябеснага Айца стаў сусветнымі рэкалекцыямі, а пахаванне прымірыла непрымірымых — побач сядзелі тыя, якія да гэтага не падавалі адно аднаму рукі». Беатыфікацыя гэтага Пантыфіка, падкрэсліў Мітрапаліт, паказала сапраўдны сэнс хрысціянства як рэлігіі надзеі: «Калі 6 гадоў таму панавала атмасфера засмучэння, бо адышоў любімы Папа, то падчас беатыфікацыі — радасць». «Ян Павел II не адышоў, але ёсць з намі!» — падкрэсліў іерарх. Напрыканцы літургіі прысутныя памаліліся малітвай і Літаніяй да благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Малітва да благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ |
Фотарэпартаж |