Успамін святога апостала Барнабы |
Каляндар |
11.06.2012 10:33 |
Святы апостал Барнаба нарадзіўся на востраве Кіпр у сям’і багатых габрэяў і быў названы Юзафам. Адукацыю ён атрымаў у Ерузалеме, дзе вучыўся разам са сваім сябрам і равеснікам Саўлам (будучым апосталам Паўлам) у знакамітага на той час настаўніка Гамалііла. Юзаф быў пабожным, часта наведваў храм, строга выконваў пасты, захоўваў сябе ад юнацкіх захапленняў. У той час Езус Хрыстус пачаў прапаведаваць. Убачыўшы Пана і пачуўшы Яго словы, Юзаф паверыў у Яго як у Месію, загарэўся любоўю да Яго і пайшоў за Ім. Хрыстус выбраў яго ў ліку 70 вучняў. Сярод паслядоўнікаў Езуса Хрыста Юзаф атрымаў другое імя —Барнаба, што па-габрэйску азначае «сын суцяшэння». Пасля Узнясення Хрыста на неба Барнаба прадаў зямлю, якая належала яму, і прынёс грошы да ног апосталаў, нічога не пакінуўшы сабе (Дз 4, 36–37). Барнаба першы прывёў святога Паўла ў хрысціянскую супольнасць да Ерузалема. Потым зноў яго знайшоў і прывёў у Антыёхію, а пасля парады Духа Святога спадарожнічаў з Апосталам народаў падчас яго першага місійнага падарожжа ў Малую Азію. Пасля ерузалемскага Сабору разам з Маркам вяртаецца на Кіпр. Паспрыяўшы павелічэнню там колькасці вернікаў, адпраўляецца ў Рым, дзе, магчыма, першы прапаведаваў Хрыста. Апостал Барнаба заснаваў біскупскі пасад у Медыялане (цяпер Мілан), а па вяртанні на Кіпр працягваў прапаведваць Хрыста Збаўцу. Тады разлютаваныя юдэі падбухторылі язычнікаў супраць апостала, вывелі яго з горада, пабілі камянямі і расклалі вогнішча, каб спаліць цела. Пазней, прыйшоўшы на гэтае месца, Марк узяў пакінутае цэлым цела апостала і пахаваў у пячоры, паклаўшы на грудзі перапісанае яго ўласнай рукой Евангелле ад Мацвея. Памёр апостал Барнаба каля 62 года на 76-м годзе жыцця. З цягам часу месца пахавання апостала ў пячоры было забыта. Але шматлікія знакі былі паказаны на гэтым месцы. У 448 годзе пры імператары Зяноне апостал Барнаба тройчы з’яўляўся ў сне архіепіскапу Кіпра Анфіму і паказаў месца пахавання сваіх мошчаў. Пачаўшы капаць у названым месцы, хрысціяне знайшлі нятленнае цела апостала, у якога на грудзях ляжала святое Евангелле. Імя святога апостала Барнабы сустракаецца ў Рымскім Каноне. Святога Барнабу называюць «Апосталам Кіпра» і просяць у яго абароны ад сварак, ад смутку і ад граду. Вікторыя Колзун |