Успамін святога Антонія Падуанскага, святара і доктара Касцёла |
Каляндар |
13.06.2012 03:00 |
Святы Антоній нарадзіўся каля 1195 г. у Лісабоне ў шляхетнай сям’і і пры хрышчэнні атрымаў імя Фердынанд. У 15-гадовым узросце ён уступіў у кляштар Ордэна рэгулярных канонікаў святога Аўгустына ў Каімбры, дзе атрымаў добрую біблейскую адукацыю, а ў 1220 годзе прыняў святарскае пасвячэнне. У той час у касцёл Святога Крыжа ў Каімбры былі прывезены целы пяці францішканскіх першамучанікаў, якія загінулі дзеля Хрыста падчас сваёй місіі ў Марока, дзе яны прапаведавалі сярод мусульман. Гэтая падзея аказала на маладога святара такое глыбокае ўражанне, што ён вырашыў стаць францішканінам. У Ордэне Братоў Меншых яму далі манаскае імя — Антоній. Пасля місіянерскага падарожжа ў Паўночную Афрыку, якое Антоній вымушаны быў спыніць па прычыне цяжкай хваробы, ён адправіўся ў Італію. Глыбокае веданне біблійных тэкстаў, красамоўства і ўменне прыцягнуць увагу слухачоў збіралі на яго пропаведзі мноства людзей. Акрамя таго, ён выкладаў багаслоўе ў Балоніі, Манпелье, Тулузе і Падуі і стаў адным з першых арганізатараў сістэмы адукацыі ў Ордэне францішканаў. Апошнія гады жыцця правёў у Падуі, дзе і памёр 13 чэрвеня 1231 года. Папам Грыгорыем IX далучаны да ліку святых ў 1232 годзе. Святы быў абвешчаны доктарам Касцёла (doctor evangelicus — евангельскі доктар). Мошчы святога Антонія спачываюць у Падуі ў велічнай базыліцы, узведзенай у яго гонар. У Падуі ўзнікла традыцыя шанавання святога па пятніцах (у дзень яго смерці) і па аўторках (дзень пахавання). З XVII стагоддзя практыка «аўторкаў святога Антонія» распаўсюдзілася ў Касцёле паўсюдна. З канца XIX стагоддзя стаў папулярным таксама звычай (традыцыя бярэ пачатак ў 1886 годзе ў Тулузе) збіраць у касцёлах ахвяраванні для бедных, якія атрымалі назву «хлеб святога Антонія». Святы Антоній пакінуў памяць аб сабе не толькі як аб выдатным святары, прапаведніку і багаслове, але як і аб вялікім цудатворцы: Бог здзяйсняў праз яго шматлікія цуды, аб’яўляў праз яго сваю магутнасць, славу і міласэрнасць. Вернікі звярталіся да св. Антонія як да памочніка ў набыцці згубленых каштоўнасцей (у тым ліку і духоўных), а таксама як да заступніка ў сямейных справах. Галоўнымі атрыбутамі святога Антонія на абразах з’яўляюцца кніга (сімвал слова Божага і асветы) і лілея, якая сімвалізуе цнатлівасць. Вікторыя Колзун |