Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Журналісты пра будучыню беларускіх каталіцкіх СМІ
Каляндар
24.01.2013 03:48

Якімі будуць каталіцкія медыя ў Беларусі праз 10 гадоў? Над гэтым пытаннем мы прапанавалі паразважаць супрацоўнікам каталіцкай прэсы Беларусі, якія сёння, 24 студзеня, адзначаюць дзень свайго нябеснага заступніка — св. Францішка Сальскага.

rrr

Аляксандр Панчанка, супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

Па-першае, цяжка прадказаць, як будзе выглядаць масавая камунікацыя праз 10 гадоў. Яшчэ нядаўна ніхто і падумаць не мог, што СМІ стануць такімі, якімі мы бачым іх сёння. Хто мог уявіць, што Папа будзе пісаць у «Твітэры», а інтэрнэт стане месцам 24-гадзіннай прысутнасці чалавека — сапраўдным «лічбавым кантынентам», у які неабходна будзе рыхтаваць і адпраўляць місіянераў, як калісьці ў экзатычныя краіны? Таму цяжка ўявіць, як будзе выглядаць масавая камунікацыя ў будучыні. У такім кантэксце, на мой погляд, касцёльным СМІ важна з увагай глядзець на знакі часу і імкнуцца аператыўна рэагаваць на новыя тэндэнцыі і з’яўленне новых сродкаў камунікацыі. 

Другі аспект датычыць зместу інфармацыі каталіцкіх СМІ. Вельмі добра, што сёння ў нашай краіне існуе пэўная колькасць каталіцкіх рэсурсаў — яны занялі сваю інфармацыйную нішу і імкнуцца ў ёй працаваць. Але мне хацелася б, каб з’явіліся таксама і новыя каталіцкія СМІ, якія б занялі іншыя свабодныя сёння нішы. Трэці аспект вельмі блізка звязаны з другім. Каб прафесійна, якасна і, галоўнае, цікава прадстаўляць інфармацыю ў святле навучання Касцёла, неабходны кампетэнтныя спецыялісты. Вось гэта, на мой погляд, можа быць заданнем на бліжэйшыя 10 гадоў — «вырасціць» добрых аўтараў.

f Павел Міцкевіч, рэдактар сайта гомельскай парафіі

Магчыма, гэта будзе выключна інтэрнэт-тэлебачанне, бо да таго часу людзі ўвогуле аблянуюцца і зусім не будуць чытаць. Думаю, каталіцкія СМІ будуць весці больш онлайн-трансляцый з важных падзеяў, публікаваць відэа гамілій, будзе больш відэа-інтэрв’ю.

в Кс. Юрый Марціновіч, дырэктар партала Catholic.by

Кажучы пра будучыню каталіцкіх медыя нашай краіны, хочацца ўзгадаць словы псальма: «У Тваіх руках дні мае». Неабходна адзначыць, што ўсё ў руках Бога. Аднак вельмі многае залежыць ад людзей, якія цяпер працуюць у СМІ, а менавіта ад абранага кірунку, стратэгіі, аднадумства і супрацоўніцтва. 

Хацелася б, каб гэта былі не толькі мае мары, але каб праз 10 гадоў гэта стала рэальнасцю: каталіцкае тэлебачанне, якое будзе паказваць катэхетычна-евангелізацыйныя перадачы і прагляд якіх будзе не меншы за прагляд Чэмпіянату свету па футболе; беларуская секцыя Радыё Марыя, каляровая друкаваная прэса, а яе прывабнасцю будзе не форма, а змест; каталіцкія інтэрнэт-парталы, якія стануць хатняй старонкай на многіх камп’ютарах, а ад прагляду найважнейшых навінаў з Беларусі, Ватыкана і свету многія будуць распачынаць новы дзень.

а Ірына Грэйць, карэспандэнт газеты «Каталіцкі веснік»

Я лічу, што беларуская хрысціянская журналітыка ў бліжэйшыя гады будзе развівацца актыўна. Трэба, каб да працы са словам далучаліся святары, тэолагі. Гэтыя людзі карыстаюцца своеасаблівым аўарытэтам у чытацкай аўдыторыі, таму іх удзел таксама вельмі значны.

Што датычыць каталіцкага тэлебачання, то гэта мая маленькая мара. Можа, яна і збудзецца праз 10 гадоў! У грамадстве існуе вялікая патрэба ў духоўным развіцці і, няма сумніваў, што гэтая патрэба будзе ўзрастаць. Таму сродкі масавай інфармацыі павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб чалавек мог знайсці ў хрысціянскай журналістыцы ўсе адказы на цікавячыя пытанні.

а Кс. Юрый Жэгарын, дырэктар партала Grodnensis.by

Перш за ўсё маю надзею, што каталіцкія СМІ ў Беларусі праз 10 гадоў будуць больш развітымі, што ў нас з'явіцца каталіцкае тэлебачанне і Касцёл у прапаведванні Евангелля сучаснаму беларускаму грамадству вялікую ўвагу будзе надаваць візуальным сродкам камунікацыі. Я б хацеў, каб каталіцкія СМІ разглядаліся мясцовым Касцёлам не толькі як інструмент евангелізацыі, але і як сродак паглыблення дыялогу ў самім Касцёле, а таксама платформай сумеснага шукання шляхоў у вырашэнні многіх сацыяльных праблем у грамадстве. 

 

P.S. У гэты дзень калектыў Catholic.by шчыра віншуе сваіх калег і жадае натхнення і поспехаў у штодзённай працы!

Святлана Жылевіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.