Святы Яўген дэ Мазено — «прыклад гераічнай веры, надзеі і любові» |
Каляндар |
20.05.2013 14:42 |
Караль Юзаф Яўген дэ Мазено нарадзіўся 1 жніўня 1782 года ў мясцовасці Экс-ан-Праванс на поўдні Францыі. З пачаткам рэвалюцыі, калі Яўгену было восем год, сям’я вымушаны была пакінуць радзіму, яны «вандравалі» адзінаццаць год. Вялікая пятніца 1807 года… Малады Яўген дэ Мазено ўдзельнічае у набажэнстве адарацыі Святога Крыжа. Нечакана яго кранула любячая прысутнасць Бога. Пан дазволіў Яўгену адкрыць, хто Ён, як палюбіў чалавецтва і што зрабіў для ўмілаванага чалавецтва. Гэтая сустрэча з любячым жывым Богам, ахвярнікам і ахвярай адначасова, стане крыніцай яго святарскага і місіянерскага запалу на ўсё жыццё. У 1820 годзе дваццацігадовы Яўген вяртаецца на радзіму. Вельмі ўражаны катастрафічным станам Касцёла ў Францыі, ён пачынае адчуваць у сабе пакліканне да святарства. Ён паступае ў семінарыю ў Парыжы і ў 1811 годзе прымае святарскае пасвячэнне ў Ам’ене. Вярнуўшыся ў Экс-ан-Праванс і бачачы разбуральнае спусташэнне Францыі, Яўген ахінае душпастырскай апекай найбольш патрабуючых: вязняў, моладзь, жыхароў вёскі. Малады святар абвяшчае Евангелле на мове, зразумелай простым людзям, таму яго і яго паплечнікаў назвалі «місіянерамі Праванса». Каб яго справа працягвалася, Яўген звярнуўся да папы Льва XII з просьбай, зацвердзіць новую супольнасць, якая з 1816 г. носіць назву Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай. «Аблат» значыць «ахвяраваны», «ахвяраваны Марыі Беззаганнай», каб, як Яна, несці Хрыста тым, каму Ён найбольш патрэбны: людзям духоўна і матэрыяльна бедным, якім патрэбна надзея. На думку Яўгена дэ Мазено, святасць жыцця аблатаў павінна папярэднічаць місіі, пасланніцтву, якое ім даверыў Касцёл. 17 лютага 1826 года супольнасць была зацверджана. Кіраваў Яўген супольнасцю на працягу 35 гадоў. У 1832 годзе дэ Мазено атрымлівае біскупскае пасвячэнне. Нягледзячы на тое, што супольнасць была прызначана для Францыі, Яўген накіроўвае аблатаў у розныя куточкі зямлі, каб і туды несці Езуса. 21 мая 1861 года ва ўзросце 79 год Яўген дэ Мазено памірае. У 1995 г. быў кананізаваны. Папа Ян Павел ІІ падчас кананізацыйнай святой Імшы сказаў такія словы: «Гэты вялікі Біскуп і Заснавальнік аблатаў Марыі Беззаганнай — айцец Яўген дэ Мазено — быў дадзены нам Касцёлам як прыклад гераічнай веры, надзеі і любові. Яго апостальства заключалася ў перамяненні свету моцаю Евангелля Хрыста. Пойдзем жа дарогаю, якую вызначыў нам святы Яўген, — няхай любоў да Хрыста і Касцёла заўсёды ўзрастае ў нас і прыносіць духоўны плён». Людміла Бурлевіч |