16 лістапада — успамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай |
Каляндар |
16.11.2013 13:59 |
16 лістапада адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Міласэрнасці, Маці Божай Вастрабрамскай. Маці Божай Вастрабрамская з’яўляецца галоўнай апякункай Гродзенскай дыяцэзіі. Варта адзначыць, што сімволіка гэтага абраза вельмі глыбокая. Мы прызвычаіліся, што абразы прадстаўляюць Маці Божую з Дзіцяткам Езус на руках. Дадзены ж абраз унікальны тым, што Марыя прадстаўлена на ім адна, быццам бы жадае заключыць у свае мацярынскія абдымкі кожнага чалавека, які звяртаецца да Яе. Скрыжаваныя рукі Марыі нагадваюць, што кожны з’яўляецца каштоўным і важным у Яе вачах, што кожнага Яна хоча прытуліць да свайго сэрца і захаваць ад зла. Гэты абраз адзін з нямногіх, на якім Маці Божая паўстае без свайго Сына, і гэта заўважыў яшчэ св. Максімільян Марыя Кольбэ, які склаў такую малітву: «Маці Божая Вастрабрамская, Ты не маеш на сваіх руках Дзіцятка Езус, вазьмі ж мяне на рукі і пранясі шчасліва праз усё жыццё». Перад сёлетнім успамінам вернікі з Беларусі ўдзельнічалі ў малітоўных днях падрыхтоўкі ў санктуарыі ў Вострай Браме ў Вільні (Літва). Святыя Імшы на беларускай мове адбыліся 11 лістапада ў капліцы цудатворнага абраза і 12 лістапада ў касцёле св. Тэрэзы пры вастрабрамскім санктуарыі. (AG) |