Праз Пасхальную таямніцу Хрыстус здзейсніў справу адкуплення чалавецтва і дасканала праславіў Бога. Менавіта таму Пасхальны Трыдуум мукі і ўваскрасення Пана з’яўляецца кульмінацыяй усяго літургічнага года. Як нядзеля займае цэнтральнае месца ў тыдні, так урачыстасць Пасхі з’яўляецца вяршыняю літургічнага года.
Сама назва «Пасхальны Трыдуум» распаўсюдзілася пасля літургічнай рэформы, здзейсненай Папам Піем ХІІ, а да гэтага часу ён называўся «Святым Трыдуумам» — Triduum Sacrum. Слова «трыдуум» нельга перакладаць як «тры дні», бо яно азначае не пэўную колькасць гадзінаў, а паслядоўнасць падзеяў пасхальнай таямніцы: Апошняя Вячэра, смерць на крыжы, пахаванне і ўваскрасенне.
Пасхальны Трыдуум займае галоўнае месца не толькі ў касцёльным і літургічным годзе, але і ў народнай традыцыі. У гэтыя дні змяняецца і набывае цалкам іншы рытм гаспадарчае жыццё, пра што сведчаць шматлікія абрады і народныя звычаі.
Вялікі чацвер – дзень Божай любові і пакоры Шмат гістарычных і літургічных падзеяў прыпадае на гэты дзень. Перш за ўсё гэта Апошняя Вячэра, падчас якой Езус абмывае ногі вучням і ўстанаўлівае Эўхарыстыю і сакрамэнт святарства. У гэты ж дзень Езус звяртаецца да вучняў з развітальнаю прамоваю, выкрывае здрадніка, і моліцца ў Гетсіманіі. Гэты дзень завяршаецца арыштам Езуса.
У Вялікі чацвер Касцёл нагадвае вернікам пра дзве вялікія цноты — Божую любоў і пакору, каб вызнаўцы Хрыста адпаведна падрыхтаваліся да годнага прыняцця Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У катэдральных касцёлах у гэты дзень цэлебруецца так званая Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе разам са святарамі з усёй дыяцэзіі. Падчас гэтай Імшы перад заканчэннем Эўхарыстычнай малітвы біскуп асвячае алей хворых, а пасля святой Камуніі — алей катэхуменаў (калі гэта прынята) і кансэкруе алей Хрызма.
Імша Хрызма з’яўляецца адной з найважнейшых праяваў паўнаты святарства біскупа і знакам еднасці з ім святароў мясцовага Касцёла. Падчас Імшы Хрызма духавенства з усёй дыяцэзіі публічна аднаўляе свае абяцанні, дадзеныя ў дзень прэзбітэрскага пасвячэння. Увечары шматлікія вернікі збіраюцца ў парафіяльным касцёле, каб разам перажываць асноўную падзею дня — Імшу Вячэры Пана, якою і распачынаецца святы Пасхальны Трыдуум. Гэтая Імша ў Вялікі чацвер мае асаблівае значэнне – яна з’яўляецца ўспамінам Апошняй Вячэры. Падчас яе можа адбывацца абрад абмыцця ног 12 мужчынам на знак таго, што ўчыніў Хрыстус, пакідаючы хрысціянам свой запавет пакоры і любові. На заканчэнне гэтай Эўхарыстыі Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі ўрачыста пераносіцца ў так званую «цямніцу» ў памяць пра арышт Хрыста і ноч, праведзеную Ім у вязніцы.
Народныя звычаі: неабходнасць пакаяння і аскезы
З Вялікім чацвяргом звязана таксама шмат народных звычаяў і абрадаў, спалучаных з гаспадарчым жыццём. Пасля святой Імшы, калі ў касцёле змаўкалі званы, па вуліцах хадзілі хлопцы з драўлянымі трашчоткамі. Іх грукат нагадваў людзям пра неабходнасць пакаяння і аскезы, а таксама абвяшчаў набліжэнне свята Уваскрасення Пана.
У кожным доме на гэты дзень традыцыйна гатавалася посная поліўка. Гаспадыні гатавалі яе па сваіх уласных арыгінальных рэцэптах, ужываючы для яе толькі самыя простыя прадукты. Асноўнаю ежаю ў гэты дзень былі квас і грыбная поліўка.
У народнай традыцыі Вялікі чацвер называецца таксама «чыстым», таму што важным элементам гэтага дня, асабліва для моладзі, было купанне, па магчымасці, у цякучай вадзе, звычайна ў рацэ. З гэтым днём былі звязаныя і пэўныя народныя прыкметы: «Калі ў ноч перад Вялікім чацвяргом не было марозу — ужо будзе цёпла» і «Якое надвор’е ў чацвер, такое і ў нядзелю».
(JM)
|