Вялікая пятніца – дзень посту і жалобы |
Каляндар |
03.04.2015 06:06 |
У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста, таму хрысціяне павінны душою і сэрцам яднацца з Касцёлам у адзначэнні гэтага дня, які з’яўляецца найважнейшым у справе іх адкуплення. Хрысціяне павінны асаблівым чынам разважаць пра муку і смерць Езуса Хрыста, абуджаць у сабе найбольшую любоў да Яго і адчуваць вялікі боль за тое, што нашыя грахі прынеслі Збаўцy столькі пакутаў. З’яднацца з церпячым Езусам Хрыстом «Хто ў пятніцу скача, той на Вялікдзень плача» Назва гэтага літургічнага дня гучыць так: пятніца Мукі і Смерці Пана, і з незапамятных часоў яе называюць Вялікай пятніцай. Вялікая пятніца — дзень посту і жалобы як у касцёлах, так і ў дамах хрысціян. Калісьці ў некаторых дамах на знак вялікай жалобы нават спынялі гадзіннікі, завешвалі люстэркі, а дзецям было забаронена гуляць і шумець. Такім чынам, дзень праходзіў у спакоі і засяроджанасці. У гэты дзень гаспадыні стараліся пасеяць крыху гароху, верачы, што тады ўраджай будзе лепшы. Лічылася таксама, што пасеянае ў гэты дзень збожжа не баіцца ні дажджу, ні ветру, а кожны добры рамеснік стараўся ў гэты дзень назапасіць крыху драўніны для працы. Рамеснікі верылі, што ў Вялікую пятніцу дрэва мае асаблівую Божую моц, таму што ў гэты дзень яно набрыняла крывёю і потам Збаўцы. |