Цуды ад святога Мікалая. Завяршылася акцыя місіі «Чыстае сэрца» |
Дабрачыннасць
|
27.12.2015 22:39 |
Перад святамі Божага Нараджэння Моладзевая місія «Чыстае сэрца» пачала акцыю «Ліст ад святога Мікалая». Бацькам, якія хацелі, каб іх дзіця атрымала віншавальную паштоўку ад святога Мікалая, неабходна было напісаць ліст на адрас місіі.
Прыемным сюрпрызам стала не толькі віншавальная паштоўка, але і падарунак — запрашэнне на лядовае шоў.
Дзіме з Ваўкавыска падарунак уручыў сам святы Мікалай. У гэтым годзе святому прыйшло шмат лістоў, адно з якіх асабліва кранула. Бабуля Дзімы Радчанкі з Ваўкавыска прасіла святога Мікалая напісаць ліст яе ўнуку (інваліду з нараджэння), каб той змог паверыць у цуд. Кіраўніцтва місіі так праніклася складанай жыццёвай гісторыяй хлопчыка, што не магло не дапамагчы святому Мікалаю здзейсніць цуд — прыехаць асабіста да хлопчыка, благаславіць яго і ўручыць падарункі для ўсіх членаў сям’і.
Таксама ўсе дзеці, чые бацькі даслалі лісты, атрымалі, акрамя віншавальных паштовак, падарункі — запрашэнне для ўсёй сям’і на лядовае шоў «Зюзя, ці Новы год онлайн» у мінскай «Чыжоўцы-Арэне».
Кіраўніцтва і супрацоўнікі місіі «Чыстае сэрца» спадзяюцца, што дадзеная акцыя толькі яшчэ раз запэўніць усіх дзяцей і дарослых у тым, што цуды спаўняюцца — галоўнае ў іх верыць.
За прадастаўленне запрашэнняў на лядовае шоў місія «Чыстае сэрца» выказвае шчырую падзяку Медыя-групе «Белая Русь» у асобе Валерыя Мулявіна. Святлана Жылевіч
|
Фотарэпартаж |