Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску
28.02.2017 16:29

Чырвоны касцёл, 28 лютага

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Мы добра ведаем, што такое Тлусты чацвер. Сёлета мы адзначалі яго 23 лютага. Гэта апошні чацвер перад Вялікім постам, і адзначаецца ён тым, што на нашых сталах з’яўляюцца пончыкі. У традыцыі заходніх краін адзначаецца Тлусты аўторак, які мы перажываем акурат сёння. Яго адметнасцю з’яўляецца тое, што перад самым Вялікім постам людзі спажываюць многа мяса.

Так ужо сталася, што сёння, у аўторак VIII звычайнага тыдня, Касцёл корміць нас вельмі тлустай і кансістэнтнай духоўнай ежай. І падобна як тлустую ежу нялёгка ператравіць, так і сённяшняе Евангелле не з’яўляецца лёгкім для зразумення, калі да яго падыходзіць выключна чалавечым розумам.

2. Адна ўсходняя гісторыя распавядае пра караля, які меў усё, але быў нешчаслівы, і што самае важнае — ён не мог знайсці прычыну свайго няшчасця. Найлепшыя ўрачы пры двары не маглі знайсці адпаведнага лякарства ад каралеўскай меланхоліі. Нарэшце, каралеўскія астролагі параілі яму апрануцца ў кашулю самага шчаслівага чалавека яго каралеўства, каб стаць шчаслівым. Кароль накіраваў сваіх прадстаўнікоў шукаць такога чалавека, аднак яны яго не знайшлі — кожны меў нейкі клопат і змагаўся з ім.

І вось аднойчы, калі кароль быў на паляванні, ён убачыў дрывасека, які, сцінаючы дрэвы, задаволена пасвістваў. Кароль пацікавіўся, ці гэты чалавек не хацеў бы мець лепшую працу? Дрывасек адказаў, што не думае аб іншай працы, бо гэтая яго задаваляе. Кароль зразумеў, што гэта менавіта той чалавек, якога ён шукае. Аднак дрывасек не аддаў каралю сваёй кашулі, бо быў бедны і проста яе не меў.

3. Гэты аповед у святле сённяшняга Евангелля натхняе нас і адначасова нагадвае пра выклікі, якія стаяць перад намі. Першыя вучні Хрыста пакінулі свае чаўны, рыбацкія сеткі, дамы, маёмасць і пайшлі за Ім. Як кантраст усяму гэтаму — малады багаты чалавек, пра якога распавядалася ў Евангеллі ўчора. Ён не змог рэалізаваць прапанову Езуса і раздаць сваю маёмасць бедным, і таму адышоў засмучаны.

У сённяшнім Евангеллі Пётр кажа Езусу, што вучні пакінулі ўсё і пайшлі за Ім, але што яны атрымаюць узамен? Гэтае пытанне цалкам апраўданае. Езус кажа, што яны пакінулі свае сем’і, каб узамен атрымаць іншыя — сем’і вернікаў. Яго вучэнне канцэнтруецца не на матэрыяльных каштоўнасцях, але на духоўных, на выкананні не сваёй волі, а Божай. Нездарма Ён кажа, што той, хто выконвае Яго волю, з’яўляецца Яго братам і сястрой.

4. Сённяшняе Евангелле — гэта Божае слова найперш для духоўных асобаў: святароў, законнікаў і законніц. Бо яны, падобна апосталам, дабравольна адмовіліся ад сямейнага жыцця на карысць служэння людзям у парафіяльных і іншых супольнасцях, каб несці ім праўду Евангелля і вучыць паслухмянасці Божай волі.

Гэта тое, што мы называем пакліканнем да святарскага і кансэкраванага жыцця. Жывучы і служачы паводле патрабаванняў Касцёла, а для кансэкраваных асобаў таксама і паводле евангельскіх парадаў, будучы інструментамі ў руках Езуса, мы не павінны шукаць сваёй карысці, але дапамагаць людзям ісці шляхам збаўлення.

Для паспяховага выканання гэтага задання нам неабходна ўдасканальвацца з чалавечага, духоўнага, інтэлектуальнага і пастырскага пунктаў гледжання, бо калі мы чагосьці не маем, то не зможам даць іншым.

5. Сённяшняе Евангелле адносіцца і да свецкіх вернікаў. У ім гучыць перасцярога, каб не засяроджвацца на матэрыяльных каштоўнасцях, што ў наш час з’яўляецца галаўным болем чалавека. Свет і яго справы пройдуць, а заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова застанецца. Менавіта яно дапамагае ў будаванні справядлівага грамадства на гэтай зямлі і вядзе ў шчаслівую вечнасць. Таму шукаць трэба духоўныя каштоўнасці.

Адзін чалавек спытаў святара, чаму багатыя людзі сквапныя, а бедныя — шчодрыя. Святар падвёў яго да акна і спытаў, што той бачыць. Чалавек адказаў, што бачыць вуліцу і людзей. Пасля гэтага ён падвёў чалавека да люстэрка і задаў тое самае пытанне, што ён бачыць. Чалавек адказаў, што бачыць самога сябе. На гэта святар сказаў: у абодвух выпадках маем шкло, з той розніцай, што першае празрыстае, а другое пакрытае тонкім слоем срэбра. Таксама і з чалавекам, калі ён не абцяжараны золатам ці срэбрам, то ён вольны, інакш яго сэрца будзе там, дзе яго багацце.

6. Святы Ігнацый Лаёла заклікае нас, святароў, законнікаў і законніц, а таксама свецкіх вернікаў, быць духоўна абыякавымі да матэрыяльных спраў. Яны не павінны стаць для нас богам. Наадварот, мы пакліканы любіць людзей і карыстацца рэчамі ў такой ступені, у якой яны вядуць да Бога. Напрыклад, аўтамабіль павінен служыць таксама і таму, каб было лягчэй дабрацца на св. Імшу, катэхезу, у нейкі санктуарый і г. д.

Калі мы, згодна са словамі св. Пятра, пакінулі ўсё і пайшлі за Езусам, то павінны адчуваць сябе злучанымі з Ім. Што нам гэта прынясе? Свабоду, мір, радасць, спакой і вечнае жыццё. Хіба ж гэта не добры выбар? Несумненна, добры. Пойдзем жа, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, разам з Езусам да нашых вернікаў, каб і яны зрабілі такі самы выбар — першае месца аддалі Богу, у якім нашае збаўленне. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі