Мітрапаліт Кандрусевіч прадстаўлены да ўзнагароды Міжнародных міратворчых сіл казацкай гвардыі |
Іерархі |
10.02.2011 17:03 |
10 лютага 2011 г. у Мітрапалітальнай курыі ў Мінску адбылося ўручэнне арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, ордэна Міжнародных міратворчых сіл казацкай гвардыі «За волю». У цырымоніі прынялі ўдзел генерал-лейтэнант Сяргей Новікаў і генерал-маёр Алег Прылуцкі. Арцыбіскуп Кандрусевіч быў прадстаўлены да ўзнагароды «За волю» ІІІ ступені па рашэнні Стаўкі Камандавання 25 снежня 2009 г. Як адзначыў генерал-маёр Алег Прылуцкі, Мітрапаліт быў удастоены гэтай узнагароды за добрую волю, накіраваную на адзінства паміж хрысціянскімі канфесіямі і стварэнне экуменічнага духу ў адносінах да розных рэлігій. Казацкая гвардыя, дзейнасць якой перш за ўсё накіравана на кансалідацыю грамадства, падтрымлівае таксама сувязі з духавенствам усіх канфесій. У Беларусі, па словах генерал-лейтэнанта Сяргея Новікава, амаль палова членаў гвардыі з’яўляецца католікамі. Варта адзначыць, што адной са складальных дзейнасці казацкай гвардыі з’яўляецца ўвага да духоўнай сферы грамадства, а найперш духоўнага жыцця саміх членаў таварыства. Галоўным мотта, як сцвердзіў генерал-маёр Прылуцкі, тут з’яўляецца пашана да чалавека іншага веравызнання. Сярод прыярытэтных кірункаў дзейнасці таварытсва — выхаваўчая праца з моладдзю і падрастаючым пакаленнем і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці краіны. У Міжнародныя міратворчыя сілы казацкай гвардыі ўваходзяць 17 краін, сярод якіх Францыя, Германія, Польшча, Італія, Літва, Кітай, ЗША, Расія, Казахстан і інш. У Беларусі казацкая гвардыя ўзнікла ў 1995 г. На сённяшні дзень у нашай краіне яна налічвае каля 12 тысяч чалавек. Варта адзначыць, што ў казацкай гвардыі Расійскай імперыі духоўную паслугу неслі і каталіцкія капеланы. |
Фотарэпартаж |