Пасха – ажыўляючы глыток свежага паветра
“Хрыстус Уваскрос, Сапраўды Уваскрос!”
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія вернікі, людзі добрай волі!
1. Гэтым пасхальным заклікам вітаю ўсіх вас у радаснае і збаўчае свята Уваскрасення Езуса Хрыста, калі мы адзначаем перамогу нашага Збаўцы над грахом, смерцю і злым духам. Гэтае свята паўтараецца кожны год, і мы ўжо так моцна прызвычаіліся да яго, так што нярэдка кажам, што гісторыю ўваскрасення Хрыста даўна ведаем. Аднак на самой справе свята Пасхі – гэта не мінулая гісторыя. Яно заўсёды актуальнае і дае нам новую надзею нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18).
Сёння ва ўсіх хрысціянскіх святынях – каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх – гучыць радаснае “Аллелюя”. Пасхальная радасць пранікае ў нас да глыбіні сэрцаў, бо таямніца Уваскрасення з’яўляецца самай вялікай праўдай нашай веры і вакол яе канцэнтруецца як жыццё Касцёла, так і нашае асабістае.
2. Пасха абвяшчае нам вельмі важнае пасланне, што ў Хрысце Укрыжаваным і Уваскрослым любячы нас Бог прыносіць нам збаўленне і дае новую надзею. Уваскрослы Езус не вызваляе нас ад зла павярхоўна і часова, але радыкальна. Мы ўсе, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную хрысціліся, каб, як Ён уваскрос з памерлых, так і нам увайсці ў новае жыццё (пар. Рым 6, 3-4), – кажа святы апостал Павел.
Хаця ў Вялікую пятніцу здавалася, што Езус быў пераможаны і не засталося ніякай надзеі, аднак праўда Уваскрасення сведчыць аб перамозе жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, міласэрнасці над помстай. Такім чынам пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста кардынальна змяняе сітуацыю чалавека і свету. Таму ўваскрослы Езус – гэта не мінулае, але сучаснасць, дзякуючы якой змяняецца свет і чалавек.
Пасха – гэта захапленне Богам, які бязмежна любіць чалавека аж да такой ступені, што паслаў свайго адзінароднага Сына на крыжовую смерць, каб яго збавіць. Пасха – гэта гісторыя ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, які запэўнівае нас у тым, што Бог не перастае нас любіць, нават тады, калі мы Яго прыбіваем да крыжа. Пасха – гэта магчымасць спаткацца з Хрыстом, які прыходзіць да нас, каб запэўніць нас у сваёй любові, якая ратуе перад кожным відам смерці – фізічнай, духоўнай, маральнай, грамадскай і г.д.
3. Недахоп веры ва ўваскрасенне Хрыста чыніць чалавека бязрадным перад абліччам жыццёвых досведаў. Пусты гроб – гэта не толькі першы знак, які Езус кіруе да жанчын, якія прыйшлі намасціць Яго цела, і апосталаў, але таксама сімвал палохаючай пустаты, у якую трапляюць людзі, калі сярод іх няма Бога. Без Бога для чалавека ўсё здаецца пустым, бессэнсоўным і жахлівым. Без Бога мы становімся бездапаможнымі і блытаемся, як маленькія, пазбаўленыя любячых бацькоў дзеці. Мы можам вытрымаць кожнае выпрабаванне і цярпенне, калі з намі ёсць Той, хто любіць і вучыць любіць. Гэта ўваскрослы Хрыстус, які заўсёды ёсць з намі ў Святым Пісанні, сакрамэнтах і жыцці Касцёла. Ён прабывае з намі, каб мы маглі спазнаць Яго любоў. Ён штодзённа запрашае нас, каб мы былі Яго вучнямі. А быць вучнем Хрыста – азначае любіць па Яго прыкладу.
4. Падчас пасхальнай вігіліі вернікі аднаўляюць абяцанні хросту, што мае сваё вельмі вялікае сімвалічнае значэнне. Святы апостал Павел вучыць, што ў сакрамэнце хросту мы былі пагружаны ў таямніцу цярпенняў, смерці і ўваскрасення Езуса (пар. Рым 6, 1-14). Кажучы іншымі словамі, у сакрамэнце хросту мы былі ўключаны ў пасхальную таямніцу Хрыста, дзякуючы якой Ён ёсць з намі ў радасці і смутку, у хвіліны поспеху і паразаў. Так ёсць, бо, як кажа Апостал народаў, “ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус” (Гал 2, 20), і ўсе, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся (пар. Гал 3, 27).
Сапраўды, у сакрамэнце хросту мы разам з Хрыстом паміраем для граху і разам з Ім уваскрасаем для новага жыцця і такім чынам становімся Божымі дзецьмі. Дзякуючы хросту мы атрымліваем новы хрысціянскі стыль жыцця, пакідаем грэх, каб жыць Божым жыццём.
Таму нам неабходна заўсёды ісці на спатканне з уваскрослым Хрыстом, з якога нараджаецца вера. Чалавек павінен адкрыцца на Бога і Яго заўсёды жывое і дзейснае слова (пар. Гбр 4, 12). Жыццё чалавека толькі тады мае сэнс, калі ён з дзіцячым даверам прыходзіць да Бога і ў Яго шукае сілы для таго, каб чыніць дабро і ўдасканальвацца і такім чынам дасягнуць мэту свайго жыцця.
5. Мэтай жа хрысціянскага жыцця ёсць падрыхтоўка да вечнага. І калі чалавек не рыхтуецца да свайго ўваскрашэння, то ён падобны да сышоўшага з рэек цягніка. Што адбываецца з цягніком, які сышоў з рэек? Ён проста не едзе наперад. Ён напоўнены рознымі таварамі, якія маюць вялікую матэрыяльную каштоўнасць, але не перавозяцца на месца прызначэння.
Ці часамі падобнае не адбываецца з намі? Ці пасля завяршэння зямнога жыцця, калі цягнік нашага жыцця ўжо не будзе ісці наперад, мы зможам забраць з сабой у вечнасць нашыя матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці? Не! Чаму ж тады мы так моцна клапоцімся, каб мець велізарныя дамы, нават палацы, дарагія аўтамабілі і іншыя каштоўнасці? Чаму так шмат часу і сродкаў прысвячаем не заўсёды маральным прыемнасцям? Чаму ўзбагачаемся коштам іншых?
6. Пасхальная таямніца адчыняе нам дзверы ў вечнасць. Святы апостал Павел кажа, што мы паяднаемся з Езусам падабенствам уваскрасення (пар. Рым 6, 5) і наша жыццё будзе на нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу Езуса Хрыста, які нашае цела пераменіць так, што яно прыпадобіцца да Яго праслаўленага цела (пар. Флп 3, 20-21). Таму перад намі проста казачная перспектыва - быць так перамененымі, каб стаць падобнымі да Езуса.
У сувязі з секулярнымі тэндэнцыямі сучаснасці паўстае пытанне: ці жывём мы як тыя, хто верыць у такую слаўную будучыню? Калі так, то перад намі адкрываецца новая перспектыва, у якой тое, чым мы валодаем, не завалодае намі і мы не станем нявольнікамі рэчаў і граху.
7. Евангелле распавядае нам, як жанчыны пайшлі да гробу Езуса, каб паводле габрэйскай традыцыі намасціць Яго цела духмянасцямі. Яны былі заклапочаны, хто адсуне камень ад уваходу ў магілу (пар. Мк 16, 1-3). Напэўна, яны спадзяваліся, што жаўнеры, якія неслі варту калі магілы Езуса, учыняць гэта. Але калі прыйшлі на месца, то, здзіўленыя, убачылі адсунуты камень і змаглі ўвайсці ў грабніцу.
Евангелле ўспамінае землятрус, які здарыўся ў той час, і анёл Пана зышоў з неба і адсунуў камень (пар. Мц 28, 2). Гэты землятрус з’яўляецца сімвалам іншага землятрусу - а менавіта знакам прысутнасці Бога, знакам новага стварэння, знакам вызваленага з грахоўнага палону чалавека.
Таксама запячатаны магільны камень, які быў знакам зямнога прызначэння Езуса і Яго пахавання сярод памерлых, быў адсунуты Божай моцай, што з’яўляецца новым знакам уваходу вечнасці ў часовасць і перамогі жыцця над смерцю. Уваскрасенне ёсць новым пачаткам, новым днём, які выконвае жаданні і рэалізуе надзею. Гэта ключ для разумення жыцця і смерці, часу і вечнасці. Слова “Пасха” азначае пераход. Сваім уваскрасеннем Хрыстус завяршыў апошні пераход ад смерці да жыцця, ад старога свету ў новы свет і новы час збаўлення і Божага Валадарства.
Такім чынам уваскрасенне Хрыста з’яўляецца ажыўляючым глытком свежага паветра як у нашым асабістым жыцці, так і ў адносінах паміж людзьмі, каб там, дзе дзьме вецер злосці і нянавісці, запанавала згода; дзе пануе варожасць, настаў мір; дзе прыніжэнне – пашана, і г.д. Можа, некаторым падаецца, што гэты глыток свежага паветра ў нас саміх, нашых сем’ях, адносінах паміж народамі, – гэта не што іншае, як утопія. Аднак пасхальная падзея нагадвае аб тым, што гэта не ўтопія. Глыток свежага паветра на самой справе магчымы, бо ўваскрослы Хрыстус ёсць крыніцай надзеі, падобна як святло ў цемры.
8. Анёл Пана, які знаходзіўся ў пустой грабніцы, сказаў жанчынам: “Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. (…) ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі” (Мц 28, 5-7). Потым яны спаткалі самога Езуса, які ім сказаў: “Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць” (Мц 28, 10).
Такім чынам прыйшоўшыя да магілы жанчыны сталі першымі евангелізатарамі, бо абвясцілі аб найбольш важнай падзеі ў гісторыя чалавецтва – уваскрасенні Езуса.
Галілея – гэта месца, дзе жылі апосталы. Таму яны не павінны былі чыніць нічога надзвычайнага, каб спаткаць уваскрослага Езуса. Ім неабходна было толькі вярнуцца ў свае дамы, да сваіх заняткаў.
Часта мы пытаемся, дзе можам спаткаць Бога. Велікоднае Евангелле дае адказ: “Там, дзе жывём і працуем, гэта азначае – у нашай Галілеі”. Неабходна толькі адчыніць Яму дзверы нашых сэрцаў.
9. Святкуючы урачыстасць Уваскрасення, мы адначасова вызнаём веру, што Езус ёсць Збаўцам свету і Збаўцам кожнага з нас. Перад абліччам гэтай праўды мы не можам заставацца абыякавымі. Хрыстус не можа заставацца на перыферыі нашага жыцця, бо Ён ёсць яго цэнтрам. Вельмі прыгожа кажа псальміст, што “камень, адкінуты будаўнікамі, стаў галавою вугла. Пан учыніў так, і дзіўна гэта ў вачах нашых” (Пс 118 (117), 22-23). Без гэтага каменя не можа быць будынку. Без Хрыста няма збаўлення і наша жыццё застаецца ў палоне смерці і зла. Без Хрыста чалавецтва знаходзіцца ў вязніцы розных формаў эгаізму, зла, праступкаў, незахавання фундаментальных правоў і свабоды чалавека і цэлых народаў, і г.д.
Як страшна гучаць словы “без Хрыста”! Гэта як быццам надзея на жыццё, справядлівасць і мір няўмольна накіравана на правал. Як быццам не было Уваскрасення і Езус усё яшчэ знаходзіцца ў магіле. Будучы Папа Бэнэдыкт XVI, яшчэ як кардынал Ёзаф Ратцынгер, казаў, што Вялікая субота – гэта дзень, калі Езус знаходзіцца ў магіле. Ці гэта не сімптом нашага часу? Ці не з’яўляецца наш час Вялікай суботай і часам без Бога? (пар. http://www.scuolacattolicaoggi.org/public/SCO/2008/05%20-%20Maggio/05%20-%20Analisi.pdf).
Жыццё без Бога і Божага закону; жыццё так, як быццам Бог не існуе; жыццё нязгоднае з маральнымі нормамі; тэрарызм і акты насілля; карупцыя і сацыяльная несправядлівасць; забойства ненароджанага жыцця і амаральнае выкарыстанне дасягненняў генетыкі і многае іншае – гэта не што іншае, як жудасныя знакі адсутнасці Бога ў нашым жыцці і адмовы ад веры ў Яго, якія нараджаюць пагарду і непрыманне іншага чалавека, ігнараванне яго правоў і да т.п. Таму нам неабходна ўчыніць усё магчымае, а перадусім маліцца, каб праўда ўваскрасення Хрыста стала рэальнасцю нашага жыцця, каб мы Бога не хавалі ў магіле, каб Ён быў у нашых сэрцах і каб мы жылі згодна з Божым законам, бо “Бог– наша прыстанішча і сіла, надзейная дапамога ў нядолі” (Пс 46, 2). Дапамогай нам у гэтым ёсць Хрыстус, які сказаў: “Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33).
Няхай папярэджаннем у гэтым нам будуць словы сучаснага баварскага рэжысёра Аўгуста Эфердзінга, што хто жэніцца на духу часу, той хутка становіцца ўдаўцом (пар. http://www.fronda.pl/a/arcybiskup-kosciol-musi-sie-sprzeciwiac-duchowi-czasow,34323.html).
10. Нам, людзям ужо XXI стагоддзя, Бог указвае жыццёвы шлях і запрашае, каб мы ім ішлі, бо толькі тады дойдзем да адпаведнага распазнання праўды Уваскрасення і паверым у яе. На гэтым шляху нам дапамагае сам Збаўца. Неабходна толькі Яго слухаць, як паслухаў Пётр і выплыў на глыбіню, каб злавіць шмат рыбы, хаця перад гэтым лавіў усю ноч і нічога не злавіў (пар. Лк 5, 4-6).
Святло велікоднай раніцы асвятліла цемру смерці, радасць замяніла смутак, усмешка – цярпенне. Занепакоенасць будучыняй саступіла месца ўпэўненасці і веры ў дзеянне Божай любові.
Таму нашу надзею мы павінны мець не ў людзях ці арганізацыях, але ў Богу. Падчас розных крызісаў грамадскія настроі часта змяняюцца, аб чым вельмі добра сведчыць гісторыя Вялікага тыдня. У Пальмовую нядзелю людзі віталі Езуса словамі “Гасанна Сыну Давіда”, а ў Вялікую пятніцу патрабавалі Яго ўкрыжавання. Ніякая арганізацыя і нават найбольш дасканалая грамадская сістэма не ўратуе людзей ад крызісу, бо яго прычына ў граху. Таму наша радасць павінна абапірацца не на чалавечы аптымізм, але на праўду ўваскрасення Хрыста.
Мы павінны прасіць Езуса даць нам удзел у Яго ўваскрасенні і яго моцай нас так перамяніць, каб мы маглі адчуваць Яго, як жывога і дзейнічаючага сярод нас, – як кажа Папа Францішак (http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/documents/papa-francesco_20130330_veglia-pasquale_en.html).
У касцёлах, цэрквах, кірхах і малітоўных дамах сёння гучыць радаснае “Аллелюя!”. Узвесялімся і мы! Праславім ўваскрослага Пана радаснымі спевамі ў нашых святынях, актамі любові – у сем’ях і ў нашай Айчыне. Абдымем нашымі малітвамі як веручых, так і няверуючых, бо любоў Божая вылілася на ўсіх людзей. Хрыстус Уваскрос, каб усе мелі доступ да нябеснага Айца. У духу веры падзелімся велікоднай радасцю з усімі.
Складаючы адзін аднаму святочнныя зычэнні і дзелячыся традыцыйным велікодным яйкам, сімвалам жыцця, успомнім таксама пра людзей, выключаных з сацыяльнага жыцця, пра зняволеных, адзінокіх, хворых, пажылых, тых, хто працуе ў святочныя дні, каб дазволіць іншым адпачываць. Абдымем іх брацкай любоўю і падзелімся з імі велікодным духоўным супакоем, які прынёс нам уваскрослы Хрыстус. Няхай велікодная радасць зыходзіць з нашых сэрцаў на ўсіх!
11. Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!
Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Уваскрасення Хрыста. Сёлета Пасха святкуецца ўсімі хрысціянамі разам. У гэтым мы павінны бачыць знак Божага Провіду, які заклікае аб’яднаць нашы высілкі для сумеснай абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў і больш моцнага абвяшчэння Добрай Навіны аб Езусе ўваскрослым.
Таму сёлетняя Пасха – гэта наша супольнае свята, з якім віншую ўсіх хрысціян і людзей добрай волі і жадаю моцы Уваскрослага, Яго ласкі і супакою. Няхай у складанай рэчаіснасці сучаснага свету яна сапраўды стане ажыўляючым глытком свежага паветра, які вядзе да новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце.
Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 13 красавіка 2014 г. Пальмовая нядзеля
Выкарыстаная літаратура:
1. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/documents/papa-francesco_20130330_veglia-pasquale_en.html. 2. http://www.scuolacattolicaoggi.org/public/SCO/2008/05%20-%20Maggio/05%20-%20Analisi.pdf. 3. http://www.fronda.pl/a/arcybiskup-kosciol-musi-sie-sprzeciwiac-duchowi-czasow,34323.html.
P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам на Вялікдзень 20 красавіка 2014 г.
|