Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіча на ўрачыстасць Уваскрасення Пана 2014 |
Іерархі
|
16.04.2014 19:00 |
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Дарагія дыяцэзіяне!
Як кожны год, велікодныя святы напаўняюць радасцю нашыя сэрцы. Мы ўвесь час нанова перажываем найважнейшую праўду хрысціянскай веры: Хрыстус Уваскрос! У Яго муках, пакутах і смерці на крыжы Бог аб’явіў нам таямніцу сваёй бясконцай любові да кожнага чалавека. Моц гэтай любові мы бачым ва Уваскрасенні, калі Адзінародны Божы Сын перамагае смерць і адорвае нас паўнатой новага жыцця.
Ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана я жадаю ўсім вам, дарагія дыяцэзіяне, глыбокай веры. Няхай яе святло дапамагае вам адкрываць сэнс усяго, што сустракаецца на вашым шляху, а таксама распазнаваць прысутнасць Уваскрослага Хрыста ў слове Добрай Навіны, у сакрамэнтальнай ласцы і ў асобе іншага чалавека. Няхай Езус Хрыстус адорвае вас сваімі шчодрымі дарамі і робіць здольнымі даваць сведчанне сваім штодзённым жыццём, дзелячыся з бліжнімі радасцю Евангелля. Няхай Найсвяцейшая Маці выпрошвае для вас ласку вернага і адважнага імкнення за Уваскрослым Хрыстом па дарозе веры, надзеі і любові.
Жадаю ўсім благаслаўлёных, поўных радасці і спакою, апрамененых надзеяй святаў Уваскрасення Пана! На перажыванне ўрачыстасці з усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю
Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі
Гродна, 8 красавіка 2014 г.
Прашу паважаных святароў прачытаць пажаданні ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана Езуса падчас кожнай св. Імшы.
|