Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Велікоднае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі
Іерархі
16.04.2014 18:18

Да духавенства, кансэкраваных асобаў,
свецкіх вернікаў і ўсіх людзей добрай волі

“Хрыстус Уваскрос і заяяснеў перад Сваім людам,
які выбавіў Сваёй Крывёю”

(з антыфоны велікоднай Ютрані)


Умілаваныя ў Хрысце Пану Уваскрослым браты і сёстры!

Словамі з велікоднай антыфоны вітаю вас сардэчна ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста. Жадаю вам, вашым блізкім, сем’ям, суседзям, братам іншых хрысціянскіх супольнасцяў, якія ў гэтым годзе ў адзін і той жа час святкуюць Пасху, і ўсім людзям добрай волі пажадаць шмат духоўнай радасці, любові Марыі, мужнасці Веранікі, пакоры Пятра, вернасці Яна, пасхальнай радасці апосталаў і вучняў, якія з верай прынялі сведчанне жанчын пра пусты гроб і сапраўднае Уваскрасенне Пана.

Сёлетнія велікодныя ўрачыстасці асаблівым чынам набліжаюць нам постаці асобаў, якія ў Нядзелю Божай Міласэрнасці будуць урачыста кананізаваны Пятром нашых часоў Святым Айцом Францішкам. Гэта благаслаўлёны Ян ХХІІІ і благаслаўлёны Ян Павел ІІ.

Ініцыятар Другога Ватыканскага Сабору, бл. Ян ХХІІІ навучаў аб Уваскрасенні Пана наступнымі словамі: “Уваскрасенне азначае найвялікшы трыумф Хрыста, а адначасова ўпэўненасць у трыумфе святога Каталіцкага Касцёла над перашкодамі і пераследамі. Так было ўчора – у мінулым, таксама будзе і заўтра – у будучыні. У ззянні гэтай таямніцы позіркам нашай веры ахопліваем людзей, якія ўжо злучыліся з Уваскрослым Езусам, гэта дарагія нам душы, а таксама душы тых, блізкасць якіх нас цешыла і цярпенні якіх мы раздзялялі. Як жа моцна ў ззянні Уваскрасення Езуса ажываюць у нашых сэрцах успаміны пра нашых памерлых. Пане, узгадай нас і ўмацуй нас у Ахвяры Езуса Укрыжаванага і Уваскрослага, каб мы маглі ўдзельнічаць у лепшым жыцці, якім з’яўляецца малітва, якім з’яўляецца Езус. Ад пачатку цешыцца небам – гэта значыць заўсёды быць гатовым і даверліва чакаць выканання найсалодшага абяцання, гарантыяй якога з’яўляецца Уваскрасенне Езуса”.

А бл. Ян Павел ІІ, разважаючы аб таямніцы гэтай урачыстасці, звярнуўся да вернікаў у наступных словах: "Заклікаю вас і запрашаю, дзе б вы ні знаходзіліся, каб аддаць пашану Уваскросламу Хрысту: пасхальнай Ахвяры Касцёла і свету. Няхай з’яднаюцца ў гэтым кульце ўсе супольнасці Божага люду ад усходу сонца аж да захаду; усе людзі добрай волі няхай будуць з намі! Вось дзень, які Пан учыніў, Agnus redemit oves... Баранак адкупіў авечак... Вось дзень, калі завяршылася спрадвечная бітва, mors et vita duello conflixere mirando, смерць і жыццё зышліся ў вялікай бітве".

Паміж жыццём і смерцю ад пачатку ідзе змаганне. Ідзе ў свеце змаганне паміж дабром і злом. Сённяшняя ўрачыстасць нагадвае, што перамагае Жыццё, перамагае Дабро. Укрыжаваны Хрыстус паўстаў з магілы. Пераважыў шалі на бок жыцця. Ён нанова прывіў жыццё на глебу чалавечых душ. Смерць была пераможана. Хрыстус паказаў вялікую надзею на жыццё па-за абсягам смерці. Dux vitae mortuus regnat vivus! Князь Жыцця, хоць і памёр, валадарыць жывы!

Езу Хрыстэ, Пасхальная Ахвяра, Укрыжаваны Баранак, наш Адкупіцель! Нават калі б у гісторыі чалавека - адзінак, сем’яў, супольнасцяў - зло нязмерна ўзрастала, засланяючы гарызонты дабра, то яно ніколі не заслоніць Цябе, не прычыніць Табе больш смерці, таму што Хрыстус, паўстаўшы з мёртвых, ужо больш не памірае. І нават калі б у гісторыі чалавека і ў часы, у якія ён жыве, узмацнялася зло, то ўсё ж такі Езус, Пасхальная Ахвяра і Беззаганны Баранак, здабывае для яго перамогу. Трыумф Уваскрослага Пана становіцца нашай перамогай і адкрывае нам дарогу да пасхальнага жыцця разам з усім Божым людам.

Узгадваючы вучэнне вялікіх Папаў, кананізацыйную ўрачыстасць якіх неўзабаве мы будзем перажываць, жадаю вам, дарагія дыяцэзіяне і ўсе людзі добрай волі, шмат пасхальнай радасці, выплываючай з Божай справы збаўлення. Няхай Уваскрослы Пан, які “быў ахвяраваны як нашая Пасха”, будзе крыніцай вашай радасці, выразам якой з’яўляецца літургічны заклік “Алелюя!” Няхай Езус Пераможца будзе крыніцай надзеі і моцы, якая дазволіць нам адважна крочыць шляхамі ў гэтым свеце.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі   

Шаноўныя душпастыры няхай абвесцяць віншаванне біскупа ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі, або зачытаўшы цалкам, або выкарыстоўваючы яго фрагменты падчас гаміліі ці аб’яваў ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана 20 красавіка 2014 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію