19 красавіка, у Вялікую суботу, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці благаславілі стравы на велікодны стол і памаліліся разам з вернікамі ў некалькіх парафіях.
Традыцыяй Вялікай суботы з’яўляецца асвячэнне велікодных страваў: хлеба на ўспамін таго, якім Езус накарміў натоўпы ў пустыні, мяса на ўспамін баранка, якога спажываў Езус падчас пасхі з вучнямі ў Вячэрніку, і яек, што сімвалізуюць новае жыццё.
Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці наведаў у гэты дзень парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны), Св. Антонія і мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Звяртаючыся да вернікаў парафіі ў Бараўлянах, арцыбіскуп прызнаўся, што “шчаслівы быць у гэтай прыгожай святыні”. “Сёння мы яшчэ перажываем смутак, бачачы Езуса, пакутуючага на крыжы перад намі, - сказаў іерарх. - Але адначасова вашыя дары робяць больш мяккімі Яго пакуты. Я думаю, што Хрыстус задаволены стаяць перад усімі гэтымі добрымі стравамі, якія вы прыгатавалі”.
Па словах прадстаўніка Папы, гэтыя стравы, якія вернікі “так акуратна прыгатавалі”, будуць радасцю іх святочнага стала. Арцыбіскуп пажадаў, каб “свята Вялікадня было ў сэрцах усіх беларусаў”. Апостальскі Нунцый павіншаваў жанчын, большасць якіх прыгатавала прынесеныя стравы, выказаўшы надзею, што імі яны “прымусяць усміхнуцца таксама мужчын Беларусі” – і гэтая ўсмешка адбудзецца без гарэлкі, таму што ўсміхацца пры выпіўцы “значна больш проста, але значна больш важна ўсміхацца ў сям’і, мець радасць ад таго, што сям’я разам за сталом, што таксама з’яўляецца сімвалам алтара”.
Іерарх пажадаў прысутным адчуваць пасля Імшы пасхальнай вігіліі і ў велікодную нядзелю, што іх стол – “гэта працяг алтара”, і мець на тварах усмешку. “Гэта праўда, што вы пакутавалі шмат, але таксама ў вас ёсць вельмі прыгожая краіна, - сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. - Падумайце пра вясну, якая прыходзіць, - яна абуджаецца таксама ўнутры вас, і гэта вясна Уваскрасення. Калі Хрыстус, які памёр, уваскрос – хто можа нас затрымаць?”
Усім блізкім прысутных вернікаў, іх сем’ям Апостальскі Нунцый перадаў благаслаўленне Папы, адзначыўшы, што асаблівыя адрасаты гэтага благаслаўлення – “асобы старэйшага ўзросту, дзеці, тыя, хто пакутуе і хто не можа прысутнічаць тут”, а таксама выказаў падзяку салезіянам, якія служаць у парафіі, дадаўшы, што там “адчуваецца пах Дона Боско”, і пажадаўшы “добрай дарогі да Пана, да Вялікадня”.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў стравы ў парафіі Маці Божай Ружанцовай (в. Ракаў), мінскіх парафіях Маці Божай Будслаўскай, Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы, Св. Яна Хрысціцеля, Св. Сымона і св. Алены. Між іншым, у парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску арцыпастыр падкрэсліў, што ў гэты дзень “мы асвячаем матэрыяльныя рэчы, ежу, а з гэтых матэрыяльных рэчаў нам трэба падняцца да духоўных”.
Згадаўшы, што сярод велікоднай ежы яйка сімвалізуе новае жыццё, Мітрапаліт адзначыў, што “гэтае новае жыццё – ва ўваскрослым Хрысце”. Соль, па словах іерарха, існуе, каб захаваць ежу ад сапсуцця, а таксама надае смак стравам. “Гэтая соль патрэбна, але патрэбна і соль хрысціянства, бо сучасны свет загнівае, - звярнуў увагу арцыпастыр. - Мы бачым сёння адыход ад веры, ад маральных каштоўнасцяў, тых нормаў, якімі жылі нашы бацькі. Нават калі не было касцёлаў, яны жылі моцнаю верай, і такой жа верай трэба жыць нам. Часы змяняюцца, аднак маральныя нормы застаюцца, і нам, хрысціянам, трэба ў велікодныя дні набрацца моцы ўваскрослага Езуса, каб быць Яго сведкамі”.
Мітрапаліт заўважыў, што самога асвячэння страваў “яшчэ мала – за гэтымі вонкавымі рэчамі павінны ісці духоўныя”, і пажадаў, каб гэтае асвячэнне “вяло вернікаў да ўзрастання духоўнасці, каб з дня на дзень яны станавіліся ўсё больш дасканалымі”.
“Праўда ўваскрасення Езуса Хрыста – гэта праўда нашай веры, - падкрэсліў іерарх. – Гэта фундамент, падмурак нашай веры. Апостал Павел кажа, што калі б Хрыстус не ўваскрос, то пустой была б наша вера, наша абвяшчэнне Евангелля”.
Па словах арцыбіскупа, “Касцёл, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ідзе наперад, ужо дзве тысячы гадоў выходзіць з праблемаў яшчэ мацнейшым”. “Сёння мы павінны быць нашчадкамі тых, хто прайшоў праз цяжкія часы выпрабаванняў веры на нашай зямлі, калі здавалася, што са смерцю апошняга святара настане канец Касцёлу, - звярнуў увагу Мітрапаліт. – Але многія жылі надзеяй, і сёння гэтая надзея рэалізавалася”. Іерарх адзначыў, што вялікая колькасць споведзяў, святых Камуній – доказ таго, “што Езус піша проста на пакручастых лініях гісторыі”.
“Езус увакрос, з Яго цёмнай магілы прабілася новае святло, святло хрысціянства, якое асвячае нас усіх, - падкрэсліў арцыпастыр. – Прабілася таксама новая надзея, якая дае сілы перамагчы ўсе цяжкасці”. Па словах іерарха, свет сёння перажывае крызіс, але “застаецца Езус – нязменны, Збаўца свету ўчора, сёння і на ўсе вякі”.
Анастасія Грышан
|