Дарагія сябры партала catholic.by, дзякуючы вам за вашу працу, хацеў бы праз вашае пасрэдніцтва звярнуцца да ўсіх католікаў і ўсяго беларускага народа. У гэтым годзе католікі, праваслаўныя і пратэстанты святкуюць Пасху ў адзін дзень. Таму адчуваецца, што гэта свята ўсіх, а не "маё" і "тваё" свята.
Калі людзі святкуюць разам, яны адчуваюць сябе адной сапраўднай сям'ёй, якая адчыняе дзверы свайго свята таксама і тым, хто не верыць у Бога, запрашаючы іх увайсці і атрымаць абдымкі, альбо проста зірнуць адзін аднаму ў вочы.
Позірк, поўны шацунку, здольны перамяніць ворагаў альбо проста абыякавых у спадарожнікаў жыцця. Калі Хрыстус уваскрос, то і мы ўваскрэснем. Калі мы будзем спазіраць адзін на аднаго як браты, нашае сэрца будзе біцца разам і будзе адным сэрцам.
Такога ўваскрасення вачэй, якія спазіраюць з зычлівасцю, жадаем нашым братам на Украіне. Медыкі кажуць, што прафілактыка лепшая за любую тэрапію. Таму мы ў Беларусі спазіраем адзін на аднаго, з'яднаныя тым самым духам узаемнага шацунку, які ніхто не можа разбурыць.
Пасха, вяртанне надзеі, упэўненасць у Любові Бога, стварае ў гэтым месцы і часе цуд сяброўства і салідарнасці, таму што кожны з нас — гэта частка ўваскрослага Цела Хрыста.
Беларусь, Хрыстус уваскрос! Мы адчуваем сябе адным народам і паважаем адзін аднаго, не выключаючы нікога, бо ўсе мы збаўленыя, нават калі мы гэтага не ўсведамляем. Мы разам збаўленыя.
Добрых святаў, таксама ад імя Папы Францішка.
|