Удзень 20 красавіка Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўзначаліў урачыстую Імшу ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл святкуе ў гэты дзень Уваскрасенне Пана.
Прадстаўнік Папы падзякаваў Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за магчымасць цэлебраваць гэтую Імшу ў архікатэдральным касцёле.
Апостальскі Нунцый звярнуў увагу вернікаў на словы секвенцыі, што гучала падчас літургічнага чытання. Арцыбіскуп адзначыў, што ў гэтым тэксце заўважаецца дзеянне, дыялог, пэўны тэатральны момант, і тлумачэннем з’яўляецца тое, што гэты тэкст не паходзіць з Рыма, з лацінскай літургіі, якая больш сухая і абмяжоўваецца галоўным, а бярэ пачатак ад хрысціян іншых народаў, чый светапогляд, светаадчуванне было “больш эмацыйным, цёплым, жывым, чым у рымлян”. “Чымсьці такі светапогляд падобны да вашага, дарагія беларусы: вы таксама маеце гарачае сэрца, глыбокія эмоцыі, таму вы можаце адчуваць сябе як бы “дома” ў гэтым пачутым тэксце, - дадаў прадстаўнік Святога Айца. - Таксама і ў нас ёсць тое ж перакананне, як і ў аўтара гэтага тэксту, што барацьба паміж жыццём і смерцю працягваецца. Таксама і мы ведаем, што Пан жыцця быў забіты, але зараз Ён жывы і зноў пануе”.
Іерарх заўважыў і пэўны жаночы аспект у дадзеным тэксце. Падобна да таго, як жанчыны, якія ідуць на кірмаш, пытаюцца адна ў адной: “Што новага ў горадзе?”, так у секвенцыі хтосьці пытаецца ў Марыі Магдалены, што яна бачыла. На гэта яна адказвае, што бачыла ўваскрослага Хрыста.
Па словах Апостальскага Нунцыя, гэтая маленькая сцэна выражае, “наколькі блізкае нам свята Пасхі”. “Для кожнага з нас Пасха мае сваё непаўторнае аблічча, - дадаў арцыбіскуп. – Хтосьці прайшоў праз 40 дзён Вялікага посту, намагаючыся перажыць навяртанне ўсім сэрцам. А хтосьці прыйшоў сюды ў апошні момант, бо ўбачыў, што дзверы адчынены і тут святкуюць Пасху. Ёсць такія, чыё жыццё спакойнае, і такія, хто перажывае глыбокую ўнутраную трагедыю”.
Як адзначыў іерарх, “кожны знаходзіцца тут са сваёй уласнай сітуацыяй, але адказ Хрыста датычыць кожнага”, “Ён звяртаецца да кожнага і пытаецца: “А ты чаго сёння чакаеш ад Мяне?””
Арцыбіскуп падкрэсліў, што “Касцёл – гэта не статак авечак, якія ідуць адна за адной, не ведаючы, куды накіроўваюцца”; гэта “супольнасць мужчын і жанчын свабодных, якія сустракаюцца разам і адчуваюць сябе адной супольнасцю”, “збіраюцца разам, каб прасіць у Бога дар любові”.
Апостальскі Нунцый прапанаваў вернікам зірнуць на чытанне Евангелля гэтага дня: па словах іерарха, Пётр у гэтай сцэне, напэўна, мае больш сталы ўзрост, магчыма, яму цяжэй скіроўвацца да магілы, Ян жа больш малады, жывы і гарачы. Але гэты малодшы вучань не ўвайшоў у магілу, а прапанаваў зрабіць гэта Пятру, бо той быў старэйшым, меў большы досвед. Пётр увайшоў, убачыў магілу пустой і нічога не зразумеў. Затым увайшоў малодшы вучань – і, як кажа Евангелле, “убачыў, і паверыў” (Ян 20, 1-8). Як падкрэсліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, гэты малодшы вучань хоць і ўвайшоў за старэйшым, але “Бог даў яму ласку адразу паверыць”.
У сувязі з гэтым іерарх звярнуўся да моладзі, адзначыўшы, што маладыя ў Касцёле могуць больш разумець, “у маладых больш пытанняў” і “вельмі часта Бог прамаўляе вуснамі маладых”.
“Хрыстус уваскрос для ўсіх, - сказаў арцыбіскуп удзельнікам Імшы. – І хоць усе мы розныя, кожнаму з нас Хрыстус кажа: “Я прымаю цябе такім, які ты ёсць”, “Маё Уваскрасенне для цябе – яшчэ адна патэнцыяльная магчымасць, і незалежна ад таго, у якім стане ты знаходзішся, Я твой Збаўца””.
Апостальскі Нунцый нагадаў таксама пра тое, што Хрыста пасля Уваскрасення шмат хто бачыць, але не пазнаюць. “Сёння мы просім аднаго ў Пана: Божа, калі Ты праходзіш у маім жыцці, дапамажы мне распазнаць Цябе; нават калі Ты праходзіш у той момант, калі я грашу. Дапамажы мне не быць павярхоўным і абыякавым. Значна прасцей навярнуцца грэшніку, які думае і ставіць пытанні, чым таму, хто ні пра што не пытаецца”, - сказаў іерарх.
Арцыбіскуп заахвоціў сабраных, калі яны вернуцца пасля Імшы дадому, падумаць: “Якое пытанне ставіць мне Хрыстус, праходзячы праз маё жыццё?” Прадстаўнік Папы дадаў, што гэты дзень унікальны, і кожны з прысутных сёння ўнікальны, а праз год будзе іншым, чым у гэты дзень, і адказ Хрыста будзе скіраваны сёння да кожнага асабіста.
Анастасія Грышан
|