Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на тэму ролі рэлігіі ў працэсе адукацыі на міжнароднай канферэнцыі ў НАН
Іерархі
27.05.2014 16:53

27 мая ў Інстытуце філасофіі Нацыяльнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь адкрылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Рэлігія і адукацыя ў свецкіх грамадствах: вопыт, праблемы, перспектывы”. З дакладам на тэму “Роля рэлігіі ў працэсе адукацыі” выступіў на канферэнцыі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У канферэнцыі прымаюць удзел навукоўцы, прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, іншых рэлігій. 27 мая праца пройдзе па секцыях: “Светапогляданыя падставы сучасных адукацыйных стратэгій: сінергія свецкіх і рэлігійных пачаткаў”, “Рэлігія ў сістэме адукацыі: сучасны вопыт, праблемы, тэндэнцыі”, “Сям’я і сямейнае выхаванне ў сучасным свеце: рэлігійныя і свецкія каштоўнасці”. У межах секцый прагучаць даклады ўдзельнікаў. 28 мая адбудзецца круглы стол на тэму “Рэлігіязнаўства ў сістэме адукацыі: статус і перспектывы развіцця” і заключнае пленарнае пасяджэнне.

Прывітальныя словы ўдзельнікам канферэнцыі скіравалі акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя, першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Чыжык, Упаўнаважны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел выступіў з дакладам “Праваслаўная Царква ў сучасным беларускім грамадстве: сэнс адукацыйных ініцыятыў”.

З боку Каталіцкага Касцёла ў канферэнцыі прынялі ўдзел таксама кс. Андрэй Рылка з дакладам "Хрысціянскі светапогляд і секулярная сістэма адукацыі: магчымасці, перспектывы", кс. Уладзімір Русак, кс. Андрэй Зноска з дакладам "Прававое становішча вышэйшых духоўных семінарый Рыма-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь", доктар медыцыны Антун Лісец (Харватыя) з дакладам "Павага да Закону Божага ратуе жыццё і здароўе".

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас свайго выступлення назваў тэму адносін рэлігіі і адукацыі ў свецкіх грамадствах “вельмі важнай і актуальнай”. “У часы ганенняў на Касцёл цяжка было гаварыць аб сістэматычнай катэхізацыі і евангелізацыі, бо не было дастаткова дзейнічаючых касцёлаў і святароў, не было рэлігійнай літаратуры, а дзецям забаранялася хадзіць у касцёл. Катэхізацыяй у тыя цяжкія часы займаліся бацькі і дзяды, - адзначыў іерарх. - Сёння можна вучыць рэлігіі ў нядзельных школах пры касцёлах. Друкуецца шмат рэлігійнай і катэхетычнай літаратуры, таксама рыхтуюцца свецкія катэхеты, што з’яўляецца вялікай дапамогай у катэхізацыі. Аднак у сувязі з паступаючай лаіцызацыяй і секулярызацыяй праблема рэлігійнай адукацыі застаецца”.

Іншым знакам часу і выклікам, па словах Мітрапаліта, з’яўляецца “праблема, як пагадзіць паміж сабой адукацыю і рэлігію ў свецкім грамадстве”. “Чалавек па сваёй прыродзе рэлігійны, і таму рэлігійны кампанент павінен прысутнічаць у фармацыі чалавека, бо яго адсутнасць вядзе да духоўнай і маральнай дэградацыі”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Іерарх узгадаў, што “ў некаторых краінах існуюць канфесійныя школы, якія арганізуе Касцёл”, “у іншых – у свецкіх школах праводзяцца ўрокі рэлігіі, якія найчасцей маюць рэлігіязнаўчы характар”; існуе і “прынятая ў Беларусі мадэль, калі рэлігійная адукацыя і падрыхтоўка да сакрамэнтаў адбываецца пры касцёлах ва ўзгаданых вышэй так званых нядзельных школах”.

Адным са спосабаў духоўнага ўзбагачэння выхавання моладзі, як адзначыў Мітрапаліт, з’яўляецца ўключэнне рэлігійнага выхавання ў свецкую школу. Выступоўца падкрэсліў, што “Касцёл, усведамляючы свой вельмі важны абавязак старанна клапаціцца пра маральнае і рэлігійнае выхаванне ўсіх сваіх дзяцей, з асаблівай любоўю і дапамогай павінен спадарожнічаць тым шматлікім дзецям, якія атрымліваюць адукацыю ў некаталіцкіх школах”. Іерарх звярнуў увагу на падабенства вучэння Праваслаўнай Царквы, працытаваўшы Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы, дзе адзначаецца, што “Царква лічыць карысным і неабходным правядзенне урокаў хрысціянскага веравучэння ў свецкіх школах па жаданні дзяцей або іх бацькоў, а таксама ў вышэйшых навучальных установах”.

Кажучы пра ролю рэлігіі і адукацыі ў свецкім грамадстве, Мітрапаліт нагадаў таксама пра “вялікую актыўнасць нетрадыцыйных і нават дэструктыўных рэлігійных рухаў, якія ў першую чаргу імкнуцца ўплываць на моладзь”. “У новых рэлігійных рухах маладых людзей вабіць заклік да самарэалізацыі, збаўлення сваёй душы цяпер і зараз, а не ў будучым жыцці. У сваім арсенале новыя рэлігійныя рухі маюць цэлую сістэму псіхалагічных метадаў, дзякуючы якім вабяць новых членаў праз выкліканне эйфарычнага пачуцця шчасця. Таму ўвядзенне рэлігіі ў сістэму адукацыі спрыяла б адпаведнай падрыхтоўцы маладога пакалення, каб яно магло спакойна і без духоўных траўмаў знаходзіцца ў гушчы розных ідэй і рэлігійных рухаў”, - патлумачыў арцыпастыр.

Па словах іерарха, “для духоўнага рэнесансу сучаснага свету важна звярнуць большую ўвагу на гуманістычнае выхаванне і ролю ў ім рэлігіі, філасофіі, тэалогіі і антрапалогіі, каб падрыхтаваць людзей, здольных задаваць пытанні аб сэнсе існавання і адначасова шукаць на іх адказ”; “такое стаўленне цікавіць моладзь і натхніць шукаць духоўнай фармацыі”.

Поўны тэкст даклада>>>

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў спадзяванне, што дадзеная канферэнцыя стане “яшчэ адным даследчым крокам у сферы прысутнасці рэлігійнага кампаненту ў свецкай сістэме адукацыі”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію