Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў Імшу на адкрыццё ХХVI Міжнароднай Парафіяды дзяцей і моладзі
Іерархі
13.07.2014 21:20

13 ліпеня ў Варшаве (Польшча) адкрылася ХХVI Міжнародная Парафіяда дзяцей і моладзі. Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію прадстаўляе на ёй каманда вілейскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, якая заняла першае месца на ІV Парафіядзе архідыяцэзіі ў 2013 г. Імшу на адкрыццё Міжнароднай Парафіяды ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Першае месца на архідыяцэзіяльнай Парафіядзе дае пераможцам магчымасць прадстаўляць Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію на Міжнароднай Парафіядзе.

Парафіяда складаецца з трох элементаў: «тэатр», «святыня», «спорт», што сімвалізуе асноўныя сферы развіцця чалавечай асобы — інтэлектуальную, духоўную і фізічную. Элемент «святыня» мае на ўвазе ўдзел дзяцей і моладзі ў ранішніх і вячэрніх малітвах, у святой Імшы, індывідуальную малітву, конкурс біблійных ведаў; элемент «тэатр» - выяўленне мастацкіх здольнасцяў у тэатральных пастаноўках, конкурсах свецкай і рэлігійнай песень, конкурсе малюнкаў; фізічныя здольнасці ўдзельнікі прадстаўляюць у спаборніцтвах элементу «спорт».

І Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася ў Івянцы 18-21 жніўня 2010 г. Сёлета ў Івянцы пройдзе ўжо 5-я архідыяцэзіяльная парафіяда. Свае пачаткі яна бярэ дзякуючы Таварыству Міжнароднай Парафіяды.

У гаміліі падчас Імшы на адкрыццё ХХVI Міжнароднай Парафіяды Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: “Мы сведкі таго, як ідэя Парафіяды аб комплексным развіцці моладзі, ключавой думкай чаго з’яўляюцца святыня, стадыён і тэатр, становіцца ўсё больш папулярнай”. Адкрыццё гэтай Парафіяды, па словах іерарха, вельмі сімвалічнае, бо якраз у гэты дзень у Бразіліі завяршаецца чарговы Чэмпіянат свету па футболе. Арцыпастыр дадаў, што спорт “развівае фізічныя здольнасці чалавека і спрыяе духоўнаму ўдасканаленню, а таксама развівае пачуццё салідарнасці, цноту мужнасці, вучыць прабачаць”.

“На Парафіядзе не ўсе перамагаюць, але ўсе будуць імкнуцца да гэтага і такім чынам выявяць свае здольнасці, фізічны і духоўны ўзровень, каб такім чынам імкнуцца да святасці і праслаўляць Бога”, - адзначыў арцыбіскуп. “Каб дасягнуць поспеху, трэба працаваць, трэніравацца, вучыцца, - дадаў іерарх. – Трэба быць цярплівым і трывалым, каб гэтае свята моладзі ўчыніла нас касцёльнай сям’ёй, якая прымае вечна жывое і актуальнае Божае слова і кіруецца ім у сваім жыцці”.

“Мы абралі хрысціянства і павінны захоўваць яго правілы, - заўважыў Мітрапаліт. – Незахаванне правіл гульні ў спорце вядзе да дыскваліфікацыі. Падобна і ў духоўным жыцці. А мы не хочам быць дыскваліфікаваны. (…) Трэба памятаць, што Евангелле дадзена нам не для таго, каб яго змяняць, але каб яно змяняла нас”.

Арцыпастыр нагадаў, што галоўная задача Касцёла на сучасным этапе – “эфектыўнае абвяшчэнне Божага слова”, для чаго патрэбны “добра падрыхтаваныя працаўнікі Панскай нівы”, і гэта задача “не толькі святароў, але і свецкіх людзей”. Па словах Мітрапаліта, Парафіяда з’яўляецца ў гэтым сэнсе “вельмі добрай школай евангелізацыі, выяўленнем нашых магчымасцяў і падрыхтоўкай да жыцця, каб выкарыстаць яго належным чынам і згодна з Божай воляй”.

Поўны тэкст гаміліі на польскай мове>>>

“Святы апостал Павел параўноўвае жыццё чалавека да бегу на стадыёне. І гэтак ёсць сапраўды. На стадыёне мы бяжым па ўзнагароду і цешымся, атрымаўшы медаль. У жыцці мы бяжым па ўзнагароду вечную, па алімпійскі медаль неба”, - падкрэсліў арцыбіскуп. Іерарх пажадаў, каб чарговая Міжнародная Парафіяда стала для ўдзельнікаў “крокам да паляпшэння грунту іх душаў, што з’яўляецца ўмовай духоўнага аздараўлення, умацавання веры і хрысціянскага сведчання на шляху да святасці”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію