28 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў сваю родную парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (Гродзенская дыяцэзія), дзе цэлебраваў святую Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння і маліўся за свайго былога пробашча ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча з нагоды юбілею 100-годдзя яго нараджэння.
У Эўхарыстыі прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, навучэнцы
Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, сёстры законныя, прадстаўнікі
мясцовай улады. Удзельнічалі таксама аднакласнікі Мітрапаліта і міністранты, якія служылі ў той час, калі пробашчам парафіі быў кс. Пётр Барташэвіч. Падчас Імшы яны знаходзіліся пры алтары. Парафіяне і госці сардэчна сустрэлі свайго земляка. Дзеці праводзілі Мітрапаліта з плябаніі ў парафіяльную святыню, перад якой сабраліся ўсе вернікі, якіх не змог змясціць касцёл.
Адбылося асвячэнне і адкрыццё памятнай табліцы, прысвечанай кс. Пятру Барташэвічу, былому пробашчу адэльскай парафіі і выхавацелю Мітрапаліта, які ў той час быў міністрантам.
Падчас Эўхарыстыі арцыбіскуп маліўся таксама за ўсіх тых, каму ўдзячны
за сваё святарства, найперш узгадаўшы сваіх бацькоў Ігната і Ганну.
У гаміліі, звяртаючыся да сваіх землякоў, арцыпастыр сказаў: “Я адзін з вас!” Такім чынам іерарх падкрэсліў, што выйшаў з гэтай парафіяльнай супольнасці, дзе быў ахрышчаны, упершыню прыступіў да святой Камуніі, прыняў сакрамэнт канфірмацыі і цэлебраваў прыміцыйную Імшу. Разважаючы над чытаннем Евангелля на XXVI Звычайную нядзелю,
Мітрапаліт звярнуў увагу, што ў ім Езус заклікае “да адказнасці за нашы
словы і да неабходнасці быць паслухмянымі Божай волі”. “Абяцанні хросту –
не пустыя словы, але абавязак перад Богам. Гэта дадзенае Яму слова, і
яно павінна быць выканана, калі мы жадаем быць сапраўднымі хрысціянамі, -
дадаў іерарх. - Касцёл заўсёды стаіць на варце маральнасці і дапамагае
чалавеку вярнуцца на яе шлях. Гэта ён чыніць праз сваіх пастыраў”.
Такім
“бескампрамісным у справах маралі і адначасова абвяшчаючым Божую
міласэрнасць” быў, як адзначыў Мітрапаліт, ксёндз прэлат Пётр
Барташэвіч. “Ты да канца выканаў сваю
місію святара, якую Божы Провід даверыў табе выканаць у цяжкія часы
ганенняў. Ты перанёс ліхалецці сібірскай ссылкі і лагераў. Ты мужна
супрацьстаяў атэістычным уладам, бараніў веру, распаўсюджваў і ўмацоўваў
яе. Асабліва дбаў аб рэлігійным выхаванні моладзі, як будучыні Касцёла.
Ты быў адпаведным святаром, якога Бог паслаў Касцёлу ў Беларусі ў
адпаведны час, - такімі словамі ўзгадаў арцыпастыр пра кс. Барташэвіча. “Божы
Провід распарадзіўся так, што я быў адным з тваіх вучняў. Гэта ты вучыў
мяне праўдам веры і неабходнасці захоўваць хрысціянскую ідэнтычнасць,
не марнаваць дару паклікання, - дадаў Мітрапаліт. - Потым ты вельмі далікатна падказваў пытацца ў Бога на
малітве: ці часам Ён не кліча мяне да святарства. І менавіта ты напісаў
мне рэкамендацыю ў семінарыю”.
Кажучы пра тое, што адзначае сярэбраны юбілей біскупскай сакры сярод сваіх землякоў, Мітрапаліт падзякаваў Богу за дар жыцця, бацькам, якія яго
перадалі і былі першымі выхавацелямі, разам з бабуляй прывілі любоў да
Бога і Касцёла; трагічна памерлай сястры; блізкім, аднакласнікам, усім
адэльчанам і ўсім, хто падтрымліваў арцыпастыра малітвай і прыкладам.
Прызначэнне
біскупа ў Беларусі пасля 60 гадоў яго адсутнасці – гэта, па словах
іерарха, “знак павагі Апостальскага Пасаду і Папы да Касцёла ў нашай
краіне, які так шмат выцерпеў, захаваў веру і заслужыў нармальнае жыццё і
дзейнасць”, “знак павагі да Беларусі”, а “дзякуючы гэтаму прызначэнню
таксама і Адэльск стаў вядомым ва ўсім свеце”.
“Біскуп павінен
чуваць над духоўным станам даручаных яго апецы вернікаў, каб умацоўваць
іх веру, надзею і любоў. Гэтае заданне немагчыма годна і паспяхова
выканаць без Божай дапамогі. Таму з глыбіні сэрца дзякую вам, мае
землякі, за вашу памяць і малітву. Я, са свайго боку, заўсёды памятаю аб
вас у сваіх малітвах і ганаруся тым, што паходжу з Адэльска”, - дадаў
Мітрапаліт. Нагадваючы, што дэвізам яго біскупскага служэння
з’яўляюцца словы “Quis ut Deus” – “Хто ж, як Бог” – іерарх
патлумачыў, што гэтымі словамі хоча выказаць прызнанне тым, “хто падчас
ганенняў на Касцёл на першае месца паставіў Бога і захаваў веру”, у тым
ліку жыхарам Адэльска.
Мітрапаліт заклікаў прысутных вернікаў “у
новай сітуацыі свабоды веравызнання не паддавацца спакусам секулярнага
свету” і, як іх продкі, “заставацца заўсёды вернымі свайму хрысціянскаму
пакліканню”; пажадаў, каб словы Арханёла Міхала “Хто ж, як Бог” і
прыклад кс. прэлата Пятра Барташэвіча былі праграмай іх жыцця, і
папрасіў маліцца за яго, каб мог годна выканаць ускладзеныя на
яго заданні і, будучы для іх біскупам, разам з імі заставаўся
хрысціянінам.
Пасля Імшы з віншаваннямі да юбіляра звярнуліся дзеці, моладзь і дарослыя вернікі, а таксама прадстаўнікі вёсак, якія належаць да парафіі ў Адэльску.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, падсумоўваючы віншаванні, якія прагучалі, і кажучы пра памятны дзень 20 кастрычніка 1989 г., калі ў Рыме Папа Ян Павел ІІ удзяліў сённяшняму Мітрапаліту сакру, узгадаў, што тады быў побач з ім у гэтыя хвіліны, важныя для юбіляра і ўсяго Касцёла ў Беларусі. Гродзенскі ардынарый адзначыў, што Касцёл на Гродзеншчыне памятае ў малітвах пра першага біскупа, прызначанага для Беларусі, і пажадаў Мітрапаліту трываласці на далейшае служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і ва ўсім Касцёле ў нашай краіне.
Пасля Імшы адбыўся прыём у мясцовым Доме культуры, дзе была падрыхтавана выстава, прысвечаная Мітрапаліту, і культурная праграма.
(JM), (AG)
|