Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Трэнта |
Іерархі
|
30.09.2014 15:53 |
29–30 верасня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў італьянскі горад Трэнта, які знаходзіцца ў паўночнай частцы Апенінскага паўвострава і вядомы ў гісторыі Каталіцкага Касцёла як месца правядзення славутага Трыдэнцкага Сабору.
Раніцай 30 верасня беларускі іерарх сустрэўся з арцыбіскупам Трэнцкім Луіджы Брэссанам, з якім абмеркаваў пытанне будовы дабрачыннага цэнтра для дзяцей і ўдзелу Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі ў гэтым праекце. Арцыбіскуп Брэссан прымаў удзел у IV Каталіцка-Праваслаўным форуме, які праходзіў у Мінску ў чэрвені гэтага года (першы такі форум адбыўся ў 2008 г. якраз у Трэнта). Падчас знаходжання ў Мінску арцыбіскуп наведаў дзіцячы цэнтр, які будуецца, і выказаў захапленне ім, і ў той час у іерарха ўзнікла ідэя заахвоціць Касцёл у Італіі прыняць удзел у стварэнні гэтага цэнтра.
Пасля Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мясцовым касцёле Найсвяцейшага Сакрамэнту. У гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на асобе св. Гераніма, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень, як перакладчыка Святога Пісання на лацінскую мову. Іерарх распавёў пра значэнне Пісання ў жыцці хрысціяніна і заахвоціў карыстацца ім як мага часцей.
Потым Мітрапаліт наведаў катэдру і іншыя святыні, дзе адбываўся Трыдэнцкі Сабор, а таксама сустрэўся з семінарыстамі, пазнаёміўшы іх з жыццём Касцёла ў Беларусі і адказаўшы на пытанні.
У наступныя тры дні арцыпастыр прыме ўдзел у пленарным пасяджэнні Папскай рады «Iustitia et Pax» («Справядлівасць і мір»), якое пройдзе ў Рыме.
|