Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды распачацця Кангрэсу святога Ружанца
Іерархі
04.10.2014 09:32

Ружанец — евангелізацыйная малітва  

«Уладарка зямлі і неба, да Цябе звяртаемся ў патрэбе.
У Цябе ратунку шукаем, праз Ружанец літасці чакаем,
Ружанцова Панна Марыя»


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю вас словамі гэтай ружанцовай песні, якая штодзённа гучыць у нашых касцёлах у кастрычніку, калі мы традыцыйна молімся Ружанец.

Паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў гэтым Годзе малітвы ў кастрычніку праводзіцца Кангрэс святога Ружанца, які, у адпаведнасці з яго чатырма часткамі, будзе складацца з чатырох стацый, якія будуць мець месца ў чатырох дыяцэзіях.

Першая стацыя прысвячаецца радасным таямніцам. Яна распачынаецца адмысловай праграмай 4 кастрычніка ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены і завяршаецца 5 кастрычніка ў архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Другая стацыя адбудзецца 11–12 кастрычніка ў Віцебску і будзе прысвечана таямніцам святла. Трэцяя будзе мець месца 18–19 кастрычніка ў Гродне. Яна будзе прысвечана балесным таямніцам. Чацвёртая, завяршаючая стацыя Кангрэсу адбудзецца 25–26 кастрычніка ў Пінску і будзе прысвечана хвалебным таямніцам.

Такім чынам праз гэты Кангрэс Каталіцкі Касцёл у Беларусі, які рыхтуецца да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, хоча яшчэ раз звярнуць увагу на найбольш папулярную і традыцыйную малітву, якой ёсць святы Ружанец і да якой заклікала Марыя ў многіх аб’яўленнях, асабліва ў Фаціме.

2. Малітва святога Ружанца – гэта разважанні пра жыццё і дзейнасць Езуса і Марыі, так што іх можна назваць скаротам Евангелля. Як спосаб малітвы яна ўзнікла ўжо ў III cтагоддзі, потым распаўсюдзілася па ўсім свеце, асабліва ў XX стагоддзі, чаму спрыялі шматлікія аб’яўленні Божай Маці і Яе заклік да ружанцовай малітвы.

Малітва Ружанца не страціла сваёй актуальнасці і ў наш час. Аб гэтым сведчаць як інтарэс да яе з боку апошніх Пантыфікаў, так і папулярнасць сярод вернікаў. Святы Ян Павел II яшчэ ў 2002 г. звярнуў увагу на актуальнасць гэтай малітвы ў наш час у Апостальскім лісце «Rosarium Virginis Mariae» – «Ружанец Панны Марыі».

Вельмі просты спосаб малітвы Ружанца спрыяў таму, што ён стаў для многіх святых улюблёнаю малітваю, да якой таксама заахвочвае Настаўніцкі Інстытут Касцёла. У сваёй прастаце і глыбіні яна з’яўляецца вельмі дзейснаю малітваю, якая прыносіць плады святасці. Малітва Ружанца моцна ўгрунтавана на духоўнасці хрысціянства, якое за дзве тысячы гадоў нічога не страціла са сваёй першапачатковай свежасці і адчувае, што Дух Божы натхняе яго «выплысці на глыбіню» (duc in altum), каб расказваць свету і нават «крычаць» пра Хрыста як пра Пана і Збаўцу, як пра «дарогу, праўду і жыццё» (пар. Ян 14, 6), як «пра завяршэнне чалавечай гісторыі, як пра кропку, у якой супадаюць жаданні гісторыі і цывілізацыі (пар. GS 45), – навучае святы Ян Павел II (пар. RVM 1).    

Ён кажа, што «Ружанец, хоць і мае марыйны характар, з’яўляецца хрысталагічнаю малітваю. У строгасці сваіх элементаў Ружанец канцэнтруе ў сабе глыбіню ўсяго евангельскага паслання, з’яўляючыся як бы яго пераказам. У ім рэхам адгукаецца малітва самой Марыі, Яе вечнае Magnificat за збаўчую справу Уцелаўлення, распачатую ў Яе дзявочым улонні. Праз Ружанец хрысціянскі люд як бы ўваходзіць у школу Марыі, дазваляючы прывесці сябе да кантэмпляцыі хараства Хрыстовага аблічча і да перажывання глыбіні Ягонай любові. Праз пасрэдніцтва Ружанца вернік чэрпае шчодрасць ласкі, атрымліваючы яе як бы з рук самой Маці Адкупіцеля» (RVM 1). Таму Ружанец, як традыцыйная форма марыйнай малітвы, выкарыстоўваецца для кантэмпляцыі аблічча Хрыста і з’яўляецца тыпова медытацыйнаю малітваю і ў пэўнай ступені адпавядае «малітве сэрца», ці «Езусавай малітве», якая ўзрасла на глебе хрысціянскага Усходу (пар. RVM 5).

Разважаючы пра таямніцы Хрыста і Марыі, Ружанец, які пульсуе людскім жыццём, таксама вядзе да таямніцы чалавека і дапамагае спасцігнуць праўду пра яго самога. Ідучы дарогаю Хрыста, у якім дарога чалавека падсумавана, адкрыта і адкуплена, веруючы становіцца перад вобразам сапраўднага чалавека. Разважаючы пра Нараджэнне Хрыста, ён вучыцца святасці жыцця. Гледзячы на дом у Назарэце, пазнае першапачатковую праўду пра сям’ю паводле Боскага плану. Слухаючы Настаўніка ў таямніцах публічнага жыцця, чэрпае святло, каб увайсці ў Валадарства Божае. Ідучы дарогаю на Кальварыю, вучыцца спасцігаць значэнне збаўчага цярпення. Урэшце, разважаючы пра Хрыста і Яго Маці ў хвале, бачыць мэту, да якой кожны з нас пакліканы, калі дазволіць Духу Святому аздаравіць і перамяніць сябе. Такім чынам, можна сказаць, што кожная таямніца Ружанца, становячыся прадметам добрай медытацыі, пралівае святло на таямніцу чалавека, – як вучыць святы Ян Павел II (пар. RVM 25).

3. Ружанцовая малітва адыграла вельмі вялікую ролю ў захаванні веры ў нашай Айчыне падчас ганенняў на Касцёл. Тады тры доўгія пакаленні нішчылася вера, колькасць святароў катастрафічна змяншалася, зачыняліся і бурыліся касцёлы, не было рэлігійнай літаратуры, Святога Пісання, малітоўнікаў і г.д. У такіх складаных абставінах Ружанец стаўся вельмі эфектыўным інструментам не толькі малітвы, але і захавання веры і перадачы яе маладому пакаленню. Людзі маліліся ў сваіх сем’ях, асабліва ў кастрычніку. На ружанцы яны маліліся супольна і паасобку. Такім чынам, у тыя цяжкія часы Ружанец, як скарот Евангелля, стаўся метадам евангелізацыі. Гэтаму спрыяла таксама і тое, што Ружанец можна маліцца паўсюль – у касцёле, дома, падчас адпачынку, у аўтобусе і г.д.

Зважаючы на значэнне ружанцовай малітвы ў захаванні веры і перадачы яе маладым пакаленням у цяжкія часы ганенняў і яго актуальнасць у наш час у справе евангелізацыі, Ружанец заслугоўвае таго, каб мы не толькі з пашанай адносіліся да яго, але і каб як мага часцей практыкавалі ў сваім жыцці.

4. Сёння Касцёл мае новыя магчымасці для арганізацыі духоўнага жыцця вернікаў і евангелізацыі. Аднак пры гэтым роля Ружанца не памяншаецца, але павінна ўзрастаць.

Адной з праблем сучаснага чалавека з’яўляецца занядбанне практыкі як супольнай, так і асабістай малітвы. Асаблівую трывогу выклікае занядбанне супольнай малітвы ў сем’ях, калі разам моляцца бацькі і дзеці. Ружанец якраз можа дапамагчы ўсім членам сям’і сабрацца разам на супольнай малітве. Ён спрыяе не толькі паглыбленню самой малітвы, як размовы душы з Богам, але і ўмацаванню сям’і, як хатняга Касцёла і месца першай евангелізацыі. Ружанец таксама можа дапамагчы ў будаванні братэрскіх, суседскіх сувязяў з іншымі людзьмі, калі яны будуць маліцца разам. Таму неабходна адраджаць і ўмацоўваць практыку сумеснай ружанцовай малітвы ў ружанцовых колах, сем’ях, паміж суседзямі і ў касцёлах, асабліва перад святой Імшой.

5. Дарагія браты і сёстры!

У гэты асаблівы дзень распачацця Кангрэсу святога Ружанца, у сувязі з удзелам у Сінодзе Біскупаў «Пастырскія выклікі сям’і ў кантэксце евангелізацыі», які адбудзецца ў Ватыкане з 5 па 19 кастрычніка, фізічна не магу быць разам з вамі. Аднак сваімі думкамі і малітвай яднаюся з удзельнікамі Кангрэсу і вернікамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Заклікаю вас падчас трывання Сіноду маліцца на ружанцы ў інтэнцыі гэтай сустрэчы біскупаў усяго свету, каб Святы Дух дапамог ім у вырашэнні вельмі складаных пытанняў, з якімі сустракаецца сучасная сям’я. Няхай працы Сіноду дапамогуць усвядоміць сучаснаму свету, што сям’я, як Богам устаноўлены адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, узаемнай дапамогі, працягу і выхавання патомства, з’яўляецца падмуркам кожнага грамадства (пар. GS 52) і павінна адыгрываць асаблівую ролю ў евангелізацыі сучаснага свету, каб быць яго радасцю і надзеяй (пар. GS 1).

Выказваю надзею, што Кангрэс святога Ружанца стане яшчэ адным крокам для ўмацавання веры, надзеі і любові нашага народа і паспрыяе яго далейшай евангелізацыі.

Малітоўна яднаючыся з удзельнікамі Кангрэсу і ўсімі вернікамі, ад усяго сэрца з Вечнага горада благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Рым, 4 кастрычніка 2014 г.
Успамін св. Францішка Асізскага


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. ІІ Ватыканскі Сабор. Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце «Gaudium et spes» (GS).
2. Ян Павел II. Апостальскі ліст «Rosarium Virginis Mariae» (RVM).

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Слова вернікам 5 кастрычніка 2014 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію