1 лютага, у IV Звычайную нядзелю, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гаміліі іерарх звярнуў увагу, што галоўнай думкай усіх чытанняў гэтага дня з’яўляецца Божы аўтарытэт і Ягоная моц, якія праявіліся праз прарокаў Старога Запавету, апосталаў і Езуса.
“Сённяшняе Евангелле распачынаецца і завяршаецца аповедам аб уладзе Хрыста. Пасярэдзіне ж знаходзіцца аповед аб выгнанні злога духа, кажучы сучаснай мовай, аб экзарцызме, які асаблівым чынам пацвярджае звышнатуральную моц Езуса.
Евангелле распавядае нам аб тым, што менавіта цуды, якія чыніў Езус, асабліва вызваленне з палону нячыстага духа, сталі найбольш значным фактарам росту колькасці Яго паслядоўнікаў.
Чалавек з Евангелля, якім авалодаў нячысты дух, нягледзячы на тое, што ў сваёй супольнасці лічыўся маргіналам, добра разумеў, кім быў Езус, і ў Ім вызнаў Бога, кажучы, што Ён Святы Божы, - нагадаў Мітрапаліт.
Езус жа звяртаецца да злога духа і загадвае яму выйсці са зняволенага. І нячысты дух з моцным крыкам выходзіць. Гэты евангельскі эпізод нагадвае пра тое, што Езус мае моц над злым духам і можа вызваліць ад яго”.
“Сваёй крыжовай смерцю і ўваскрасеннем Езус нас збавіў, але барацьба са злым духам не завяршылася, яна працягваецца і праяўляецца ў супрацьстаянні паміж дабром і злом, паміж праўдай і няпраўдай, паміж жыццём і смерцю.
Хрыстус прыйшоў, каб вызваліць нас з-пад улады дэмана, і мы павінны карыстацца гэтай магчымасцю, якую атрымліваем у Яго Касцёле. Калі мы, як хрысціяне, прысвячаем сябе чамусьці меншаму, чым наша боскае прызначэнне, то размінаемся з мэтай нашай веры, што вядзе да знявольвання злым духам”, - падкрэсліў арцыпастыр.
“Хрыстус кажа пра сябе, што Ён дарога, праўда і жыццё. Нам трэба толькі даверыцца яму, і Ён вызваліць нас з палону злога духа”, - дадаў іерарх.
Поўны тэкст гаміліі>>>
Мітрапаліт заклікаў “даверыцца Езусу”, і “Ён нас здзівіць”, “вывядзе з грахоўнага палону і ўчыніць свабоднымі, каб мы, жывучы ў свабодзе дзяцей Божых, на евангельскіх каштоўнасцях будавалі сваё жыццё і прыйшлі ў шчаслівую вечнасць”. (AG)
|