Кардынал П'етро Паралін: звесткі з біяграфіі |
Іерархі |
03.03.2015 11:28 |
З 12 па 15 сакавіка Беларусь наведае кардынал П'етро Паралін, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка. Папа Францішак прызначыў кардынала П'етро Параліна, у той час арцыбіскупа, Дзяржаўным Сакратаром 31 жніўня 2013 г. Іерарх прыступіў да выканання абавязкаў у сярэдзіне лістапада 2013 г. З’яўляецца найбліжэйшым супрацоўнікам Пантыфіка. Дзяржаўны Сакратар з’яўляецца галоўным супрацоўнікам Папы ў справе кіравання Паўсюдным Касцёлам, найвышэйшым прадстаўніком Апостальскай Сталіцы на міжнароднай арэне, а ў акрэсленых умовах прадстаўляе асобу самога Пантыфіка. Нарадзіўся 17 студзеня 1955 г. у Скьявоне (правінцыя Вічэнца на поўначы Італіі). 27 красавіка 1980 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Праз два гады пачаў вучобу ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. З 1983 г. рыхтаваўся таксама да дыпламатычнай службы ў Папскай Касцёльнай Акадэміі. Пасля атрымання доктарскай ступені пачаў служэнне ў дыпламатыі Апостальскай Сталіцы. Служыў у Нігерыі (1986-1989) i Мексіцы (1989-1992). Пасля вяртання ў Ватыкан працаваў у Дзяржаўным Сакратарыяце Апостальскай Сталіцы, дзе быў адказны за кантакты з Іспаніяй, Андорай, а пазней з Італіяй і Сан-Марына. 30 лістапада 2002 г. быў прызначаны намеснікам сакратара Секцыі па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. 17 жніўня 2009 г. быў прызначаны Апостальскім Нунцыем у Венесуэле і тытулярным арцыбіскупам Акуіпендыум. Біскупскае пасвячэнне атрымаў у Рыме 12 верасня 2009 г. з рук Папы Бэнэдыкта XVI. 31 жніўня 2013 г. Папа Францішак прызначыў арцыбіскупа Пьетро Параліна Дзяржаўным Сакратаром, а 22 лютага 2014 г. уключыў яго ў Калегію кардыналаў. (JM) |