Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2015 г.
Іерархі
30.03.2015 09:54

Тэкст паслання на польскай мове>>>

Беларусь, будзь краінай уваскрасення!

Хрыстус уваскрос – сапраўды ўваскрос!

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

1. Гэтым пасхальным воклічам сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым, самым вялікім і найбольш важным хрысціянскім святам Уваскрасення Хрыста! Гэтае свята мы адзначаем з радасцю па трох наступных прычынах. Праўда ўваскрасення Хрыста з’яўляецца падмуркам хрысціянскай веры. Яна гарантыя нашага ўваскрашэння, дае надзею і падтрымку ў жыццёвых цяжкасцях. Яна таксама нагадвае нам, што варта жыць, бо перад намі перспектыва шчаслівай вечнасці.

2. Велікоднае Евангелле распавядае нам, як жанчыны-міраносіцы на трэці дзень пасля крыжовай смерці Хрыста, які быў першым днём тыдня, пайшлі да магілы свайго любімага Настаўніка, каб паводле габрэйскага звычаю намасціць Яго цела пахучымі алеямі. Езус памёр у пятніцу. На наступны дзень прыпадала габрэйская Пасха і не было часу, каб пахаваць Яго паводле традыцыі Выбранага народу. Таму яны вырашылі накіравацца да магілы Хрыста, каб дапоўніць тое, чаго не змаглі зрабіць адразу.

Найбольшым клопатам гэтых жанчын падчас іх шляху да магілы Езуса была праблема доступу да Яго цела, бо грабніца была закрыта вялікім каменем і ўваход у яе вартавалі жаўнеры. Аднак якое ж здзіўленне ахапіла іх, калі яны ўбачылі адкрытую магілу (пар. Мк 16, 1-5).

Але гэта яшчэ не ўсё, бо найбольшае здзіўленне чакала іх унутры яе. Там яны не ўбачылі цела Езуса. Замест яго знаходзіліся палотны, у якія яно было захінута, і анёла, які ім сказаў: “Не бойцеся! Шукаеце Езуса Назараніна, укрыжаванага. Ён уваскрос, Яго тут няма; вось месца, дзе паклалі Яго” (Мк 16, 6).

3. Убачанае і пачутае было для іх маланкай з яснага неба аж да таго, што, перапужаныя, яны пабеглі да апосталаў, каб абвясціць ім аб тым, што ўбачылі і пачулі (пар. Мц 28, 8).

Не паверылі таксама і апосталы. Пётр і Ян пабеглі да магілы. Ян, як малодшы, дабег хутчэй, але не ўвайшоў і чакаў Пятра. Прыйшоўшы да магілы, Пётр зазірнуў у яе. Евангеліст нічога не кажа аб рэакцыі Пятра. У той жа час ён падкрэслівае, што калі ў яе ўвайшоў Ян, то паверыў (пар. Ян 20, 3-8).

4. Уся гэтая гісторыя нагадвае нам аб тым, што нават апосталам, якія ў пэўным сэнсе былі пасвячоныя ў таямніцу крыжовай смерці Езуса і Яго ўваскрасення, цяжка было паверыць, што яно стала рэчаіснасцю.

Больш за тое, засмучаныя і страціўшыя надзею вучні з Эмаўса ў той жа дзень вярталіся з Ерузалема ў сваю мясцовасць, калі да іх, размаўляючых аб апошніх, звязаных з Езусам, падзеях, далучыўся ўваскрослы Хрыстус. Яго, аднак, яны не пазналі і нават са здзіўленнем казалі, што Ён, напэўна, адзіны ў Ерузалеме, хто не ведае, што там сталася, - а менавіта што Езус быў укрыжаваны і пахаваны. Нягледзячы на тое, што некаторыя вучні Хрыста сцвярджалі аб Яго ўваскрасенні, вучні з Эмаўса не маглі ў гэта паверыць. І толькі на ламанні хлеба, гэта азначае падчас Эўхарыстыі, яны пазналі ў гэтым спадарожніку Езуса (пар. Лк 24, 13-35).

Мы ведаем таксама, што ў той самы першы дзень тыдня ўваскрослы Езус аб’явіўся Марыі Магдалене, якая прыняла Яго за садоўніка (пар. Ян 20, 11-16). Вечарам таго ж дня ў Вячэрніку аб’явіўся Ён і ўсім апосталам, акрамя Тамаша, якога не было з імі (пар. Ян 16, 19-23).

Адсюль вынікае праўда аб тым, чаму хрысціяне святкуюць нядзелю, якая ў хрысціянстве называецца “Днём Панскім” – “Dies Dominica”. Бо гэта дзень уваскрасення Пана – дзень перамогі Хрыста над грахом, смерцю і злым духам. Вымоўна яго назва гучыць на расійскай мове: “Воскресенье”.

У сувязі з гэтым неабходна звярнуць увагу і на тое, што Бог стварыў свет і чалавека на працягу тыдня, а ў першы дзень тыдня, у нядзелю, Езус аднавіў свет і чалавека. Яго, смяротнага, учыніў несмяротным. Cвету, які страціў надзею, вярнуў яе, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18), бо сапраўды, хто і калі бачыў жывым памерлага! Таму Пасха з’яўляецца вяршыняй Божай дзейнасці ў гісторыі чалавецтва і свету.

5. Напэўна, усім нам вядома грэчаская паэма пра легендарную птушку фенікс. Прадбачачы сваю смерць, яна з галінак пахучага дрэва звіла сабе гняздо, у якім згарэла. Аднак з попелу, што застаўся пасля яе, вылецела новая птушка. Адсюль і паходзіць выраз адрадзіцца як фенікс з попелу.

Такім чынам, у хрысціянскай традыцыі фенікс сімвалізуе несмяротнасць, уваскрасенне і жыццё пасля смерці. У ім вельмі добра бачна велікоднае пасланне, бо Езус аддаў сваё жыццё за збаўленне свету і на трэці дзень уваскрос. У Ім новае жыццё ўваскрэсла з попелу смерці.

Сёння мы адзначаем перамогу Хрыста над грахом, смерцю і злым духам. Гэтая перамога з’яўляецца дарам вечнага жыцця для веруючых у Езуса. Менавіта таму фенікс з’яўляецца адным з самых ранніх сімвалаў уваскрослага Хрыста.

6. Праўда ўваскрасення Хрыста з’яўляецца таямніцай нашай веры, бо ніхто не бачыў самога моманту ўваскрасення. Аднак як Евангелле, так і гісторыя пакінулі нам шмат сведчанняў аб гэтай праўдзе. Нездарма святы апостал Павел кажа, што калі б Езус не ўваскрос, то пустой была б наша вера і пустым было б наша абвяшчэнне Евангелля (пар. 1 Кар 15, 14). У той жа час, нягледзячы на шматлікія пераследы веры як у першыя стагоддзі хрысціянства, так і ва ўсёй яго гісторыі і яшчэ зусім нядаўна на нашай зямлі, хрысціянства не толькі засталося, але і моцна ўкаранілася паўсюль.

7. Уваскрасенне Хрыста, будучы праўдай нашай веры, з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрашэння. Езус кажа: “Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі” (Ян 11, 25). Мы верым, што Хрыстус уваскрасіць нас у апошні дзень.

Але праўдай ёсць і тое, што мы ўжо ўваскрэслі ў Ім у сакрамэнце хросту, у якім памерлі для граху і паўсталі да жыцця ў Божай ласцы. Дзякуючы Духу Святому наша хрысціянскае жыццё на зямлі з’яўляецца ўдзелам у смерці і ўваскрасенні Хрыста (пар. ККЦ 1002).    

Свята Уваскрасення Хрыста з’яўляецца таксама святам надзеі на вечнае жыццё, якая прыходзіць да нас праз веру і хрост. Нездарма падчас Пасхальнай вігіліі мы аднаўляем абяцанні хросту і вызнаём нашу веру ў Бога.

Хрост – гэта нешта значна большае, чым звычайнае абмыццё ці абрад прыняцця да Касцёла. Ён азначае новае жыццё, якое нас падтрымлівае ў супакоі духу, нягледзячы на цяжкасці часу. “Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення”, – кажа св. апостал Павел (Рым 6, 3-5).

8. Мы скончылі Вялікі пост – час навяртання і паўстання з нашых грахоў. Сёння перажываем збаўчы і радасны дзень Пасхі, які нагадвае нам аб тым, што ў грахоўнай цемры засвяціла нязгаснае святло Уваскрасення. Гэтая праўда з’яўляецца Божым дарам чалавецтву, якога нельга ацаніць, і адначасова заданнем, каб ім жыць. Кожны дзень мы, падобна феніксу, павінны ўваскрасаць з нашых грахоў і аднаўляцца ласкай уваскрослага Хрыста.

Неўзабаве пройдуць святы і ізноў распачнецца звычайнае жыццё. Ці ўвойдзем мы ў яго з праўдай Уваскрасення? Вось пытанне, якое сёння стаіць перад намі. Бо калі святы прыходзяць і адыходзяць, нічога не пакідаючы ў нашых сэрцах, то гэта знак таго, што наша вера з’яўляецца павярхоўнай і не закранае глыбіні сэрца, не вядзе да сапраўднай еднасці з Хрыстом і да нашага ўдасканалення.

Сама ж назва сённяшняга свята, “Уваскрасенне”, нагадвае аб неабходнасці сталага ўваскрашэння з грабніцы грахоў і да змены жыцця на лепшае. “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны” (Мц 5, 48), – заклікае нас Хрыстус. А імкнуцца да дасканаласці азначае не паддавацца спакусам злога духа і пастаянна яго перамагаць.

9. Гэта нялёгкае заданне, і нам самім гэта не пад сілу. Нездарма Езус кажа, што без Яго нічога не зробім (пар. Ян 15, 5). Нам патрэбна Яго дапамога, і Ён праз Касцёл, у якім жыве, спяшаецца з ёю да нас. Неабходна толькі яе прыняць. Неразважным мы назвалі б чалавека, які, тонучы, не хапаўся б за выратавальны круг, які яму кідаюць з берага, бо, як кажа прыказка, “хто тоне, той хапаецца за саломіну”.

Але ці так ёсць у нашым духоўным жыцці? Колькі разоў мы тонем у грахоўным балоце і не хапаемся за руку, якую працягвае нам Езус?! У гэтым крыецца трагедыя чалавека, у якой ён сам, а не хтосьці іншы, вінаваты. Гэта асабліва бачна ў наш час дэхрысціянізацыі і дэвальвацыі маральных каштоўнасцяў.

Прыняты і адноўлены хрост яднае нас з Хрыстом – крыніцай нашага жыцця і шчасця, адзінай нашай надзеяй і сталай духоўнай радасцю. Неабходна толькі Яго прыняць як шлях да шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці.

10. Зважаючы на вельмі небяспечныя выклікі нашага часу, кожны з нас асабіста і наша Айчына – Беларусь – патрабуем Хрыста, каб дапамог супрацьстаяць ім.

10.1. Нам патрэбны ўваскрослы Езус, каб бараніў нас перад цемрай бязвер’я і холадам абыякавасці, які ўсё больш і больш апаноўвае свет. Найбольш небяспечным ворагам хрысціянства з’яўляецца не ваяўнічы атэізм, бо там мы ведаем, хто нам супрацьстаіць, але абыякавыя сэрцы сучасных хрысціян без моцнай веры і хрысціянскага сведчання.
10.2. Нам Ён патрэбны, каб пастаянна перамяняў нашыя сэрцы і чыніў адважнымі сведкамі ў духоўнай цемры секулярызму.
10.3. Нам патрэбны Хрыстус у нашых сем’ях, калі дэвальвуецца Богам устаноўлены інстытут сям’і, як адзіны і непарушны саюз мужчыны і жанчыны з мэтай супольнага жыцця, узаемнай дапамогі, працягу патомства і яго выхавання, а разводы і распуста лічацца праявай свабоды.
10.4. Нам патрэбны Езус, каб вучыў сучасных сужэнцаў перамагаць эгаізм і з радасцю прымаць цяжкасці адказнасці адно за аднаго. Сучасны чалавек павінен разумець, што жыццё без шлюбу і на пробу, імкненне да заспакаення эгаістычных імкненняў і задавальненняў вядзе да расчаравання і жыццёвай драмы.
10.5. Нам патрэбны Уваскрослы, каб вучыў нас клопату пра найбольш каштоўны Божы дар, якім з’яўляецца дар жыцця. Нашыя сем’і, асабліва маладыя, павінны быць адкрытымі на пакліканне да адказнага бацькоўства.
10.6. Нам патрэбны Хрыстус, каб бараніў дзяцей і моладзь. Няўзброеным вокам бачна, як шмат драматычных праблем з’яўляецца ў іх жыцці. Бацькі ж павінны адзначацца адвагай і ўменнем выхоўваць іх у Божай праўдзе, знаходзіць для іх час і быць аўтэнтычнымі сведкамі Евангелля.
10.7. Нам патрэбны Езус у нашым грамадскім жыцці, дзе расце алкагалізм, наркаманія, карупцыя, усё больш праяўляецца эканамічны крызіс, паўстаюць розныя канфлікты, у тым ліку сацыяльная і палітычная напружанасць, працоўная міграцыя, якая негатыўна ўплывае на крызіс сям’і і страту веры і г.д. Наша грамадства павінна быць насычана нязменнай праўдай Евангелля і Божай ласкай, каб на іх, як на непахісным падмурку, будаваць будучыню.
10.8. Нам патрэбны Уваскрослы, каб дапамагаў разбудзіць пачуццё адказнасці за нашу Айчыну і салідарнасці паміж яе жыхарамі, каб паміж усімі панаваў дух узаемнай любові і згоды.

11. Жыхары Беларусі з радасцю і гонарам успрынялі той факт, што Мінск стаўся месцам перамоваў і падпісання мірных пагадненняў па Украіне, якія з’яўляюцца новым этапам на шляху да вырашэння гэтага братазабойчага канфлікту ў цэнтры Еўропы, хаця гэты шлях нялёгкі і патрабуе яшчэ шмат намаганняў як з боку канфліктуючых бакоў, так і міжнародных арганізацый.

Беларусь, будуючы сваю тоеснасць на прынцыпах Евангелля, таксама павінна быць краінай міру, узаемапавагі і талерантнасці яе грамадзян, людзей розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў, але ў той жа час сыноў і дачок адной Бацькаўшчыны.

Мы з радасцю перажылі нядаўні візіт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці Папы Францішка кардынала П’етро Параліна, які ўмацаваў нашу веру і заклікаў да вернасці Хрысту ў барацьбе са злом, каб жыць свабодай дзяцей Божых. Пасланнік Папы заклікаў змагацца з новымі спакусамі нашага часу. Не дазваляць падкупіць сябе ілжывымі вобразамі, якія часта прыходзяць да нас і маюць поспех толькі дзякуючы знешняй прыгажосці, якая прамінае, або папулярнасці, што ў іншых выклікае зайздрасць, або гатоўнасці на ўсё дзеля багацця. У такім выпадку ёсць небяспека, што нашы натуральныя каштоўнасці будуць пашкоджаныя. Неабходна выбраць паміж Богам і ідаламі, паміж Тым, хто стварыў і любіць нас, і тымі рэчамі, якія могуць зрабіць нас сваімі нявольнікамі. Ад нашага адказу будзе залежаць наша вера, наша будучыня і будучыня нашай краіны. Толькі тыя людзі, якія вераць у высокія каштоўнасці і змагаюцца, каб дасягнуць іх, сапраўды з’яўляюцца грамадзянамі, якія дапамагаюць сваёй краіне ісці наперад да лепшай будучыні (пар. /2/libr/homilies/124944-chuwanne-gamilija.html).

У гэты святочны дзень звяртаемся да Цябе, Уваскрослы Езу, адары нас ласкай супрацьстаяння секулярнай ідэалогіі, якая нішчыць нашу хрысціянскую самасвядомасць і гэтым самым аслабляе нашае духоўнае жыццё. Дапамажы нам быць сведкамі Тваёй бязмежнай любові ў нашым штодзённым жыцці. Вядзі нас шляхам духоўнага ўваскрасення, які чыніць нашае жыццё новым ва ўсіх яго праявах.

Як Бог палюбіў нас аж да праліцця апошняй кроплі крыві свайго Адзінароднага Сына, таксама і мы павінны насуперак секулярным тэндэнцыям любіць Яго праз выкананне Божага закону. У абставінах, калі людзі ўсё часцей жывуць так, як быццам Бог зусім не існуе, неабходна супрацьстаяць ідалам сучаснага свету: эгаізму, ідэалогіі спажывецтва, ілюзіі лёгкага шчасця і ўзбагачэння, абыякавасці да чужых праблем, страты пачуцця дабра і зла, адсутнасці сэнсу і мэты жыцця і г.д.

Няхай жа бязмежная любоў Хрыста ззяе ў кожным нашым дзеянні і стане нашым штодзённым жыццём. У адной са сваіх пасхальных гамілій святы Аўгустын казаў, што калі Хрыстус пакутаваў, то і нам трэба памерці для граху. Калі Хрыстус уваскрос, то і нам неабходна жыць для Бога. Калі Хрыстус перайшоў з гэтага свету ў дом Айца, то і мы не павінны засяроджваць нашы сэрцы на зямных справах, а следаваць за Ім да вышэйшых. Калі Ён быў укрыжаваны, то і нам трэба крыжаваць пажадлівасць нашага цела. Калі Ён ляжаў у магіле, то і мы, разам з Ім памерлыя для граху, павіны забыцца пра старога грэшнага чалавека і стаць новым. Калі Ён знаходзіцца ў небе, то і нам неабходна перамяніць нашы зямныя жаданні на вышэйшыя (пар. S. Agostino, Discourse 229/D, 1: http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2009/ documents/hf_benxvi_hom_20090329_magliana.html).

12. Дарагія браты і сёстры! Усе людзі добрай волі!    

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Хрыстовай Пасхі! Віншую католікаў і іншых хрысціян, якія сёння адзначаюць гэтае свята святаў! Няхай велікодная радасць напоўніць нашыя сэрцы надзеяй і ласкамі ўваскрослага Пана!

Са словамі асаблівай павагі звяртаюся да нашых праваслаўных братоў і сясцёр, якія праз тыдзень будуць адзначаць свята Уваскрасення Хрыста! Жадаю ім так перажыць Страсную сядміцу, якая распачынаецца, каб яна ўвяла ў сапраўдную радасць пасхальнага “Аллелюя”.

Уваскрослы Езу, адары нашу Айчыну, Беларусь, патрэбнымі ёй ласкамі, каб яна была краінай духоўнага ўваскрасення, якое з’яўляецца гарантыяй гарманічнага жыцця на зямлі паводле Божага плану і шчаслівай вечнасці. Жадаю ўсім вам, суайчыннікі і ўсе людзі добрай волі, шчаслівых, поўных Божай ласкі і Яго супакою святаў Уваскрасення Хрыста.

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Гэтыя свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 25 сакавіка 2015 г.
Урачыстасць Звеставання Пана


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:


1. Катехизис Католической Церкви. Москва 1998 (ККЦ).
2. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2009/ documents/hf_ben-xvi_hom_20090329_magliana.html.
3. /2/libr/homilies/124944-chuwanne-gamilija.html.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам на Вялікдзень 5 красавіка 2015 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію