Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне біскупа Антонія Дзям’янкі на Вялікі чацвер 2015 г.
Іерархі
31.03.2015 08:09

Умілаваныя святары,
кансэкраваныя асобы і вернікі
Касцёла Пінскай дыяцэзіі

2015 год з’яўляецца юбілейным для нашай дыяцэзіі. Так, 90 гадоў таму 28 кастрычніка Папа Пій ІХ булай Vixdum Poloniae unitas паклікаў да існавання Пінскую дыяцэзію. Яна ўзнікла, абапіраючыся на традыцыю існавання Мінскай і Віленскай дыяцэзій. Распачаўся перыяд вялікай душпастырскай дзейнасці першага Пінскага біскупа Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і яго духоўных і свецкіх супрацоўнікаў. Гэты вялікі сын навагрудскай зямлі добрасумленна засяваў зерне Божага Слова, працаваў у розных сферах грамадскага жыцця, імкнуўся ахінуць сваім клопатам усіх давераных яму вернікаў. Слуга Божы быў вельмі патрабавальны да святароў, шмат таксама патрабаваў ад сябе і хацеў, каб такім чынам паступалі яго супрацоўнікі. Ахвярная праца і няўважлівасць да свайго здароўя прывялі да заўчаснай смерці пастыра. Вядома, што перад сваёй смерцю біскуп Зыгмунт Лазінскі некалькі разоў сказаў: «Езу, Марыя, Юзэфе, вам аддаю маю душу». Некалькі раз ён перажагнаўся крыжыкам, пацалаваў яго, благаславіў усіх прысутных і даў ім пацалаваць крыжык. Каля гадзіны 15.30 біскуп гучна сказаў: «De profundis». Гэта былі яго апошнія словы. Памёр ён 26 сакавіка 1932 г. каля 15.35 у Вялікую суботу з грамнічнай свечкай у руках. Для нас Зыгмунт Лазінскі застаецца вялікім заступнікам, а яго жыццё — гэта яскравы прыклад трывання ў Богу і Касцёле ў розных акалічнасцях і выпрабаваннях.

Наша дыяцэзія цешыцца нябеснымі заступнікамі, узнесенымі да хвалы алтара, такімі, як благаслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч, благаслаўлёныя мучаніцы з Навагрудка, благаслаўлёныя айцы францішкане Ахілес і Герман з Пяршаяў.

Перыяд панавання камуністычнай ідэалогіі і перыяд Другой сусветнай вайны далі нам прыклад сведкаў веры на чале з кардыналам Казімірам Свёнткам, ксяндзом інфулатам Вацлавам Пянткоўскім, ксяндзом Ежы Росякам, ксяндзом Гжэгажам Каласоўскім і іншымі Божымі святарамі, кансэкраванымі асобамі і свецкімі вернікамі.

Наш час патрабуе тых, хто будзе працягваць справу, распачатую Езусам Хрыстом на ўзбярэжжы Галілейскага возера. Словы «ідзі за Мною» і сёння мусяць гучаць у казаннях, малітвах і асабістым прыкладзе людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу.

Папа Францішак у сваім пасланні на Вялікі пост 2014 г. піша, што вельмі непакоячым з’яўляецца маральнае ўбоства, якое робіць чалавека нявольнікам алкаголю і граху. Колькі сем’яў жыве ў нядолі, бо некаторыя іх члены, найчасцей маладыя, трапілі ў залежнасць ад алкаголю, наркотыкаў, азартных гульняў альбо парнаграфіі! Колькі людзей страцілі сэнс жыцця, пазбавіліся перспектывы на будучыню, згубілі надзею! Як жа шмат людзей аказаліся ўцягнутымі ў нястачу па прычыне сацыяльнай несправядлівасці, адсутнасці працы, недахопу роўнасці ў праве на атрыманне адукацыі і на ахову здароўя. Такія выпадкі маральнага ўбоства можна слушна назваць пачаткам самазабойства. Гэта постаць убоства, якая вядзе да эканамічнага разбурэння, заўсёды звязана з духоўным убоствам, якое кранае нас, калі мы аддаляемся ад Бога і адкідваем Яго любоў. Калі нам здаецца, што мы самадастатковыя, і лічым, што нам не патрэбны Бог, які ў Хрысце працягвае да нас руку, то мы ўваходзім на дарогу, якая вядзе да катастрофы. Толькі Бог сапраўды збаўляе і вызваляе.

Больш за тое, Святы Айцец заўважыў, што ніхто не можа мець сумніву адносна таго, каго Бог больш любіць: ці фальшывых святых, нястомна занятых самахвальствам, ці грэшнікаў, якія, адкінуўшы зло, навучыліся чыніць дабро. Мы павінны сёння паказваць сапраўднае аблічча Касцёла, угрунтаванае на Евангеллі, Дэкалогу, а перадусім — на любові і міласэрнасці. Наш час патрабуе сапраўднага сведчання.

Мы можам уявіць сабе Вялікі чацвер, позні вечар, калі сонца схілілася на захад, дванаццаць апосталаў разам са сваім Настаўнікам садзяцца за стол у падрыхтаваным памяшканні. Там, падчас справавання важнай вячэры на ўспамін цудоўнага выхаду з егіпецкай няволі пануе асаблівая атмасфера. Усе спажываюць прадпісаную Майсеевым законам ежу. Спажываюць яе ў маўчанні і малітоўнай засяроджанасці, спрабуючы ўявіць сабе выхад з Егіпту. Хрыстус на самым пачатку сказаў, што гэта Яго апошняя вячэра. І вось пасля заканчэння вячэры Хрыстус кажа пра здраду. Вучні здзіўленыя — хто гэты здраднік? Адзін з вучняў, Юда, пакідае супольнасць. Тады Езус узяў у рукі хлеб і, благаслаўляючы, сказаў: «Гэта Маё Цела, бярыце і ешце». Затым узяў келіх віна і прамовіў: «Гэта Кроў новага запавету з вамі, бярыце і піце». Можам уявіць сабе, наколькі моцнае ўражанне зрабілі на апосталаў пачутыя словы. Той звычайны хлеб, які яны толькі што елі, становіцца Яго Целам. Віно, якім некалькі хвілін таму яны запівалі стравы, становіцца Яго Крывёю. Напрыканцы апосталы пачулі: «Гэта чыніце на Маю памяць». Іншымі словамі, тое, што яны ўбачылі, павінны самі паўтараць. Абрад абмывання ног стаў для іх таксама незразумелым. Настаўнік абмыў ногі вучням і мусіў пераконваць іх у тым, што паступіў слушна.

Патрыярх Афінагор, калі прадчуваў момант сваёй смерці, загадаў, каб у яго пакой прынеслі Цела і Кроў Хрыста і паставілі іх каля ложка. Калі ўсё зрабілі, то ён папрасіў, каб яго пакінулі аднаго.

Для святароў тое, што адбылося ў Вялікі чацвер, з’яўляецца таямніцай самога Бога. Святкуючы яе ўспамін, мы таксама сёння ўдзельнічаем у вялікай таямніцы Божай любові.

Вялікай патрэбай нашых дзён з’яўляецца просьба да Езуса Хрыста, каб выслаў работнікаў на сваё жніво. Наша дыяцэзія востра адчувае недахоп святароў. Гэты нямы крык разносіцца сёння на Палессі, каб было каму ажыццяўляць Хрыстовае служэнне на гэтых тэрыторыях. Калісьці наш папярэднік і апякун, святы Андрэй Баболя, хадзіў па гарадах і вёсках, засяваючы Божае Слова. Яго мучаніцкая кроў дапамагла вытрываць Евангеллю ў сэрцах людзей.

Я скіроўваю да святароў, кансэкраваных асобаў і да вас, умілаваныя вернікі, вялікую просьбу аб малітве ў інтэнцыі новых пакліканняў і аб вытрымцы для пакліканых. Святароў усё яшчэ вельмі мала. Прымем да сэрца гэтыя словы і ўсюды, дзе мы ёсць, будзем маліцца аб добрых працаўніках на жніве Пана.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 19 сакавіка 2015 г.                                             

Прашу шаноўных святароў выкарыстаць думкі з гэтага паслання ў сваіх казаннях падчас святой Імшы Вячэры Пана і размясціць яго на дошцы аб’яваў на ўвесь перыяд Велікоднага Трыдууму.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію